Перайсці да зместу

Каракі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каракі
(чавчыв, нымылгын, алутальу)
Агульная колькасць 7953
Рэгіёны пражывання Расія
Мова каракская, алютарская, керэкская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы Чукчы, ітэльмены, керэкі

Каракі (руск.: коряки; саманазвы: чавчыв, нымылгын, алутальу і інш.) — карэнныя насельнікі Паўночнай Камчаткі. Агульная колькасць у Расіі — 7953 (2010 г.).

Каракі — зборная назва розных этнічных груп адзінага паходжання, што насяляюць поўнач Камчаткі, часткова Чукотку і Магаданскую вобласць Расіі. Паводле заняткаў, асаблівасцяў мовы і матэрыяльнай культуры вылучаюць буйныя групы берагавых аселых каракаў (нымыланаў, літаральна «мясцовых жыхароў»), каракаў-аленяводаў (чаўчувенаў, літаральна «багатых аленямі») і алютарцаў. Апошніх часам вылучаюць у самастойны народ ці, наадварот, далучаюць да нымыланаў. Унутры гэтых буйных груп існуюць лакальныя групы, якія карыстаюцца рознымі дыялектамі ці нават мовамі. Агульная назва коряки узгадваецца ў рускіх дакументах у XVII ст. і, хутчэй за ўсё, запазычана рускімі ў юкагіраў ці эвенаў, на мове якіх азначае «той, што з’явіўся з-за пагорка». Самі каракі сябе адзіным народам не лічылі, але ў дакументах, літаратуры і, пазней, у перапісах насельніцтва фіксаваліся пад адзінай назвай. У XX ст. пад уплывам знешніх абставін адбылася пэўная кансалідацыя каракаў, таму з’явіліся прычыны лічыць іх супольным этнасам.

Агульнымі продкамі каракаў былі палеаазіяцкія паляўнічыя эпохі неаліту, якія насялялі ўзбярэжжа Ахоцкага мора. На Камчатцы яны з’явіліся пазней за ітэльменаў. Існуюць таксама гіпотэзы, што продкі каракаў некаторы час насялялі Берынгію, аб іх сувязі з ніўхамі.

Са старажытнейшых часоў асноўным заняткам каракаў на поўначы Камчаткі былі лоў рыбы і паляванне на ластаногіх і іншых звяроў. У XI—XVI стст. частка насельніцтва перайшла да аленегадоўлі. У канцы XVII ст. налічвалася прыкладна 10-11 тыс. чалавек. Найбольш шматлікія моўныя і тэрытарыяльныя групы: паланцы (2,6 тыс. чал.), ітканцы, паранцы, камянцы і інш.

Адносіны паміж каракамі і рускімі, якія з’явіліся тут у XVII ст., былі складанымі. З аднаго боку, аленяводам-каракам патрабавалася дапамога ў барацьбе з ваяўнічымі чукчамі, з другога — узбярэжныя каракі аказвалі супраціўленне казакам, якія іх рабавалі. У выніку ваенных сутычак з казакамі і эпідэміі воспы да канца XVIII ст. колькасць карэнных насельнікаў скарацілася да 4,8 тыс. чал., але ў канцы XIX ст. зноў вырасла да 7,3 тыс. чал. (1897 г.).

Колькасць каракаў у Расіі:

У 1930—2007 гг. існавала Каракская аўтаномная акруга з цэнтрам у Палане. Асноўным насельніцтвам там былі рускія (64,5 % у 1979 г. і 50,6 % ў 2005 г.). Каракі складалі адпаведна толькі 16,2 % у 1979 г. і 26,7 % ў 2005 г. З’яўленне каракскай літаратурнай мовы, выкладанне яе ў школах, знаёмства з агульнай культурнай спадчынай садзейнічалі гуртаванню каракаў.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Каракі, што жылі на ўзбярэжжы, здаўна займаліся паляваннем на ластаногіх марскіх звяроў і кітоў, ловам ласасёвых рыб, у меншай ступені здабычай футра. Для лову рыбы выкарыстоўвалі завалы, сеткі, вуды і гаплікі на доўгім рамяні, якія нагадвалі гарпун. Для перамяшчэння па вадзе ладзілі чаўны і байдары. Рыбалоўства дапаўнялася паляваннем на птушак і капытных, збіральніцтвам дзікарослых ягад і карэнняў.

Аселыя каракі жылі ў паўзямлянкавых збудаваннях, даўжынёй да 15 метраў, шырынёй да 12 метраў і вышынёй да 7 метраў. Ад квадратнай рамы, якая злучала чатыры цэнтральныя слупы і ўтварала верхні ўваход і дымавую адтуліну, да верхніх папярочных бэлек ішоў дах з 8 пахіламі. Тынкаваныя травой або мохам сцены і дах засыпалі зверху зямлёй.

Чаўчувены і большасць алютарцаў разводзілі аленяў. Асаблівасці каракскай аленегадоўлі — вялікія статкі да 2000 галоў, малая рахманасць аленяў, амаль не выкарыстоўваліся сабакі. Чатыры разы на год аленяводы былі вымушаныя здзяйсняць сезонныя перакачоўкі. Асноўныя прылады — кій, аркан, выгінастая палка ў форме бумерангу. Узімку палявалі на пушных звяроў. Качавыя каракі жылі ўлетку і ўзімку ў пераносных каркасных ярангах.

Традыцыйная вопратка глухога пакрою са скур аленяў ці марскіх звяроў. Мужчыны насілі кухлянкі з капелюшамі і нагруднікамі, скураныя штаны, футравыя шапкі з навушнікамі, узімку — рукавіцы. Жанчыны — падвоены футравы камбінезон да кален.

Асноўныя жанры фальклору — казкі, гістарычныя паданні, замовы, загадкі, песні. Апошнія спяваліся паасобку («асабістыя») ці разам («родавыя»). Папулярны духавы музычны інструмент — г’эйнэчг’ын. Каракі славяцца разьбярствам па дрэве са складанымі ўзорамі. Сёння традыцыйная культура каракаў зберагаецца фальклорнымі і аматарскімі гурткамі. У Палане створаны народны харэаграфічны ансамбль «Мэнго».

Каракская мова ўваходзіць у так званую Камчацка-Чукоцкую сям’ю палеаазіяцкіх моў. Яна падзяляецца на 10 дыялектаў, прычым алютарскі дыялект часта называюць самастойнай мовай. Гутарковая мова выкарыстоўваецца каракамі ў асноўным у гаспадарчай дзейнасці, напрыклад, у аленегадоўлі.

У 1931 г. з’явілася літаратурная каракская мова на аснове чаўчувенскага дыялекту і лацінскай графікі. У 1937 г. яна была пераведзена на кірыліцу. На ёй друкуюцца падручнікі, дзіцячыя кнігі. Часам змяшчаліся артыкулы ў акруговай газеце. Большасць сучасных каракаў таксама ведае рускую мову.

Большасць сучасных каракаў — праваслаўныя, але да нашага часу захоўваюцца анімістычныя культы і шаманізм.

  • Антропова В. В. Культура и быт коряков. Л., 1971.