Перайсці да зместу

Каралішчавічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Каралішчавічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 17
Паштовы індэкс
223016
Аўтамабільны код
5
Каралішчавічы на карце Беларусі ±
Каралішчавічы (Беларусь)
Каралішчавічы
Каралішчавічы (Мінская вобласць)
Каралішчавічы

Каралі́шчавічы[1] (трансліт.: Karališčavičy, руск.: Королищевичи) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Свіслач. Уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета. Месціцца на шашы H9050, за 4 км на паўднёвы ўсход ад Новага Двара.

У 1582 годзе сяло маёнтка Гатава і панскі двор, уласнасць князёў П. Крышынскага і Ю. Масальскага, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1597—1598 гадах сяло, двор, уласнасць Д. С. Тышкевіча, Г. М. Масальскай, А. Крушынскага. У другой палове XVI ст. вядомы як прыватнае ўладанне на тэрыторыі Менскага павета[2]. У 1667 годзе маёнтак, уласнасць Ф. К. Друцкага-Горскага. У 1778 годзе былі царква, фальварак, 2 сырабойні, уласнасць І. Прушынскага. У 1785 годзе з фундацыі Станіслава Прушынскага ў Каралішчавічах збудавалі драўляны касцёл Апекі Маці Божай. У 1791 годзе сяло — цэнтр маёнтка, 2 карчмы, уласнасць Менскай парафіі і Прушынскіх.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, ёсць драўляны касцёл Святой Тройцы, капліца, карчма, панскі двор з пабудовамі, драўляны мост цераз Свіслач, уласнасць С. Прушынскага і каталіцкай царквы. У 1858 годзе сяло, уласнасць К. Прушынскага і М. Прушынскага. У 1861 годзе Каралішчавічы, у сувязі з пабудовай у касцёле новага аргана, наведаў кампазітар Станіслаў Манюшка[3]. Магчыма, Станіслаў Манюшка не раз быў у Каралішчавічах, нейкім чынам з Каралішчавічамі быў звязаны яго стрыечны брат (сын цёткі Міхаліны з Манюшак) Ян Эдвард Ваньковіч, які тут і пахаваны.

У 1897 годзе ёсць хлебазапасны магазін, касцёл, капліца, піцейны дом, у Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета. З 1907 года працавала народнае вучылішча.

У канцы лютага 1918 года тэрыторыя акупіравана войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Каралішчавіцкага сельсавета[4] Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1926 годзе працавалі кузня і шавецкая майстэрня. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. Нямецкія войскі спалілі 56 двароў, забілі 6 жыхароў і 3 вывезлі на прымусовую працу ў Германію.

З 1956 года паблізу Каралішчавічаў дзейнічаў Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў імя Якуба Коласа. З 5 сакавіка 1959 года па 20 студзеня 1960 года вёска ў складзе Трасцянецкага сельсавета[5]. З 20 студзеня 1960 года ў Навадворскім сельсавеце.

У 2010 годзе дзейнічалі клуб-бібліятэка, магазін.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
Краявід над Свіслаччу. Генрых Семірадскі, 1873, Каралішчавічы
  • Ганна Цюндзявіцкая (1803—1850) — аўтарка папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня». Сястра Ганны Прушынскай (Цюндзявіцкай) — Міхаліна Прушынская (у шлюбе Семірадская), маці вядомага польскага і рускага мастака Генрыха Семірадскага. Генрых Семірадскі часта наведваў Каралішчавічы, дзе ў 1873 годзе ажаніўся са сваёй 18-гадовай кузінай Марыяй Прушынскай.
  • Язэп Пушча (1902—1964) — беларускі пісьменнік.
  • Язэп Гуткоўскі (1908—1986) — беларускі грамадскі дзеяч, публіцыст.
  • Іван Ляўко (1920—?) — беларускі інжынер-будаўнік.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Спірыдонаў, М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. [Карта] / М.Ф. Спірыдонаў // Нацыянальны атлас Беларусі. — Мінск: Белкартаграфія, 2002. — С. 266—267.
  3. Ruch muzyczny, 1861.
  4. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
  5. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  6. 1949. Доўнар Геранім // Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Дзмітрый Матвейчык ; Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Республікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2016. — 734 с. — 400 экз. — ISBN 978-985-01-1159-3. С. 202
  7. Доўнары, Доўнары-Запольскія герба «Побаг» // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 5. Д / Я. С. Глінскі [і інш.]; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск : Беларусь, 2018. — С. 426—427. — 847 с. — ISBN 978-985-01-1252-1.
Заўвагі
  1. Магіла Антонія Доўнар-Запольскага (1804 — 19 сакавіка 1873) і, верагодна кенатаф, яго сына Гераніма Доўнар-Запольскага (12 жніўня 1841 – 1881), удзельніка паўстання 1863 года. Доўнар Геранім, дваранін Мінскай губерні, за дачыненне да паўстання канфірмацыяй Міхаіла Мураўёва ад 1 лістапада 1864 года быў прысуджаны да канфіскацыі маёмасці[6]. Патануў у рацэ Ангары Іркуцкай губерні[7].