Косаўскі палац
Палац | |
Косаўскі палац | |
---|---|
| |
52°45′55″ пн. ш. 25°07′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Косава |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Архітэктар | Францішак Яшчалд |
Заснавальнік | Вандалін Пуслоўскі |
Дата заснавання | 1838 |
Дата пабудовы | 1838 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000305 |
Стан | Ідзе рэканструкцыя |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Косаўскі палац (таксама вядомы як палац Пуслоўскіх) — неагатычны палац у выглядзе абарончага замка. Маёнтак знаходзіцца недалёка ад урочышча Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, нацыянальны герой Польшчы, Беларусі і ЗША[1].
Спецыяльная камісія ЮНЕСКА прызнала палац перспектыўным міжнародным турыстычным аб’ектам і выдаткавала на падрыхоўчыя працы па яго аднаўленні грант у 50 000 долараў[2][3]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мястэчка Косава вядома з 1494 года, калі вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык аддаў гэтыя землі свайму падскарбію Івану Храптовічу. На працягу некалькіх стагоддзяў уладальнікамі Косава былі Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі.[1]
У 1821 годзе маёнтак набыў Войцех Пуслоўскі, які заснаваў у Косаве фабрыку дываноў, а ў ваколіцах пабудаваў або адрамантаваў каля 60 храмаў.[1]
Пасля маёнтак перайшоў сыну Войцеха — Вандаліну Пуслоўскаму, буйному прамыслоўцу і аматару мастацтваў, які працягнуў будаўніцтва палаца. У 1838 годзе Вандалін Пуслоўскі пачаў будаўніцтва палаца, аўтар праекта — варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд, у 2-й палове XIX ст. рэканструкцыяй палаца займаўся Уладзіслаў Марконі.[1]
Палац удала ўпісаны ў маляўнічы паркавы краявід. Узводзячы сваю рэзідэнцыю ў гэтым месцы, Пуслоўскія звязвалі будаўніцтва палаца з суседняй гістарычнай сядзібай, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года генерал Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Палац Пуслоўскіх і старадаўняя сядзіба Касцюшкаў разам з паркам стварылі ўнікальны палацава-паркавы ансамбль, але на яго долю выпалі вельмі складаны лёс і цяжкія выпрабаванні.
Сярод гасцей палаца можна пералічыць мноства вядомых асоб, у тым ліку беларускага літаратара, музыканта і мастака Напалеона Орду, пісьменнікаў Генрыка Сянкевіча і Элізу Ажэшка маршала Юзафа Пілсудскага, гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага і іншых. Дзякуючы малюнкам Напалеона Орды, сёння мы ведаем, як выглядаў палац у час Пуслоўскіх[4]
Трэці ўладальнік Леанард Пуслоўскі прадаў асабняк за 700 тысяч рублёў, каб пагасіць даўгі, зробленыя пры гульні ў карты. Палац быў набыты расійскім купцом Аляксандравым, які крыху пазней перапрадаў яго па двайной цане княгіні Ганне Трубяцкой. Пасля ўладальнікам уласнасці стала княгіня Абамалек, а затым князь Альдэнбургскі[4].
У час Першай сусветнай вайны палац быў разрабаваны і часткова разбураны[4]. Знікла калекцыя рэдкіх рукапісаў, скульптуры, карціны і ўсе каштоўнасці[3]. Незваротна знішчылі парк і аранжарэі[4]. Да нашых дзён ад іх захаваліся толькі трохі бэзавых і глогавых кустоў[3]. Многія з каштоўнасцей былі вывезены за межы краіны. З 1921 да 1939 года палац належаў Польшчы. Пасля праведзенай рэстаўрацыі ён выкарыстоўваўся ў якасці адміністрацыі староства Косаўскага павета і вучылішча садаводства[1][3]. Да 1939 года ў шэрагу залаў захаваліся печы і каміны.
З верасня 1939 года да 1941 года ў палацы размяшчаліся часткі Чырвонай арміі.
Самыя вялікія разбурэнні будынкі атрымалі цягам Другой сусветнай вайны, хоць акупанты не кранулі палаца[2]. На яго тэрыторыі і ў горадзе былі створаны 4 гета, у якіх было знішчана практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва Косава, з чаго колькасць яго жыхароў памяншылася ў сем разоў[4]. У 1944 годзе адбыўся велізарны пажар, распачаты мясцовымі партызан, які знішчыў усе астатнія памяшканні і дэкаратыўную аздобу[1]. Былі пашкоджаны падмуркі, частка сцен абвалілася, адсутнічаў дах, толькі часткова ацалелі вітражы. Палац быў спалены, паколькі партызаны баяліся, што захопнікі могуць зладзіць у ім засаду. Пажар не спыняўся 10 дзён, а слуп дыму вісеў над маёнткам на працягу месяца. Разам з палацам быў спалены і дом Касцюшкі, у якім змяшчаўся нямецкі штаб[4].
Пасля вайныў савецкі час палац і ўся зямля пры ім сталі ўласнасцю Дзяржаўнага ляснога фонду, вынікам дзейнасці якога стала знішчэнне ўсіх каштоўных парод дрэў. На тэрасах былі пасаджаны хвоі, якія на працягу многіх гадоў хавалі пабудовы[5].
У 1947 годзе Косаўскі райвыканкам распачаў работы па частковаму прыстасаванню замка пад дзіцячы дом. Аднак работы аказаліся не пад сілу выканкаму і былі спынены.
Архітэктарамі дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» былі распрацаваныя генеральны план аднаўлення палаца і сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, а таксама рэканструкцыі парку як адзінага палацава-паркавага ансамбля. У 2007г у Косаўскім замку распачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія працыягваюцца і ў 2019 г.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Косаўскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[6].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Стыль і агульная структура ансамбля
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва Палаца Пуслоўскіх працягвалася каля 10 гадоў[3]. Варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд замяніў распаўсюджаны на той час палацава-паркавы класіцызм гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследчыкаў падкрэсліваюць аналогію Косаўскага палаца з замкам Гогенцолернаў у Камянцы Замбкавіцкім (Польская Сілезія). Архітэктурны стыль палаца быў вызначаны як рэтраготыка. У той час такая архітэктура стваралася, як палітычны пратэст супраць афіцыйнай ідэалогіі царскай Расіі[4].
Ансамбль быў пабудаваны на штучна створаным пагорку, а палац разам з паркам займаў плошчу ў 40 га. Па восі сіметрыі былі размешчаны ўваходны порцік, клумбы, фігуры, алеі, палац, тэрасы, а сама вось сканчалася возерам з выспай. Уезд на тэрыторыю комплексу ажыццяўляецца праз 3 порцікі. Галоўны ўваход быў размешчаны ў напрамку Ружан, на поўнач вёў Паўночны порцік. На горад Косава быў накіраваны Паляўнічы порцік, але да гэтага часу археолагі не змаглі выявіць яго дакладнае месцазнаходжанне[3].
Архітэктура галоўнага будынка
[правіць | правіць зыходнік]Палац мае правільную геаметрычную форму і сіметрычную кампазіцыю[3] са значным перападам вышыні[7]. Ён складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых аднапавярховых крылаў, злучаных з ім вузкімі галерэямі, прарэзанымі высокімі спічастымі аркамі[1]. Вуглы цэнтральнага корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі рознай вышыні, вуглы бакавых крылаў умацаваны вежападобнымі эскарпамі . Фасады рытмічна чляняцца спічастымі аркамі, аконнымі праёмамі, перспектыўнымі нішамі, гранёнымі вежамі. Унутраная планіроўка сіметрычная, характэрная для палацавай архітэктуры класіцызму. Палац — прыклад спалучэння класіцыстычных прыёмаў у планіроўцы і кампазіцыі з элементамі неаготыкі ў архітэктурнай аздобе.
Дзякуючы такім тыпова гатычным формам[7], як зубчастыя вежы з зубчастымі завяршэннямі і шчылепадобнымі праёмамі, прарэзаныя вузкія байніцы, вуглавыя контрфорсы, спічастыя абрысы вокнаў, насценныя фіялы, машыкулі і гэтак далей, ансамбль нагадвае хутчэй абарончы аб’ект, чым палац. Таму яго часам называюць «маленькі замак»[1][3]. Кожная з 12 вежаў васьмікутнай формы ў плане і сімвалізуе адзін з месяцаў года. Вышэй, чым астатнія, чатыры вежы, размешчаныя ў цэнтры, якія прызначаны для ўраджайных мая, чэрвеня, ліпеня і жніўня. Найбольш высокімі з’яўляюцца тыя, якія сімвалізуюць ліпень і жнівень[1].
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр’еры палаца выканалі архітэктар Уладзіслаў Марконі і мясцовы дэкаратар Аляксандр Жмурка[8][9][10] (паводле звестак некаторых мастацтвазнаўцаў, дэкаратарам быў Францішак Жмурка — вядомы польскі мастак[7][11]).
У адным з крылаў палаца знаходзіліся мастацкая галерэя і бібліятэка, якая змяшчала каля 10 000 рэдкіх кніг. У іншым крыле былі размешчаны спальныя памяшканні[3].
Палац змяшчаў 132 памяшканні, ні адно з якіх не было падобна на іншае[4]. Дзякуючы сістэме калідораў і асабліваму размяшчэнню вокнаў, на працягу 2,5 дзён у годзе сонечнае святло цалкам залівала адзін з пакояў. У гэтыя дні ўладальнікі адзначалі «Дзень пакоя», багата яго ўпрыгожваючы і праводзячы ў ім амаль увесь свой час[1].
У палацы было мноства раскошных залаў, і кожная з іх мела сваю ўласную назву і спецыяльнае прызначэнне. У Белай зале, упрыгожанай пліткай, танцавалі на вялікіх, шумных вечарынах. У Чорнай гулялі ў карты, а ў Ружовай працавалі і слухалі музыку[1]. Былі таксама Сіняя, Сярэбраная, Залатая, Шкляная, Люстэркавая і многія іншыя. Любое памяшканне было ўпрыгожанае габеленамі, дыванамі, мармурам, дэкаратыўнымі камінамі і скульптурамі[3]. Дакладна вядома, што ва ўсіх памяшканнях было ўстаноўлена падлогавае ацяпленне[1].
На другім паверсе размяшчалася Парадная зала, сцены якой былі размаляваныя вядомымі і невядомымі мастакамі таго часу[3]. Рэстаўратары выказалі здагадку, што раней у зале пад тонкай і шкляной падлогай сярод плаваючых водарасцей плавалі экзатычныя рыбы[1]. Падчас рэстаўрацыі стала ясна, што кафля для палаца была дастаўлена з Аўстрыі, а сістэма ацяплення выраблена на прадпрыемстве ў горадзе Станпоркаў у Польшчы[5]. Цэглу для будаўніцтва дастаўлялі здалёк, з-за межаў краіны[3].
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Вакол рэзідэнцыі па плане архітэктара Ф. Яшчалда быў закладзены цудоўны парк на ўзор рэнесансных садоў Італіі. Вандалін Пуслоўскі ўключыў у новую кампазіцыю добра захаваны стары парк, які некалі абкружаў дом-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі.
У парку раслі больш чым за 150 відаў экзатычных раслін, а асабліва рэдкіх відаў уладкавалі аранжарэю.
Парк жывапісна спускаецца да трох штучных сажалак[1].
У заходняй частцы парку пабудавана капліца, размешчаная на ўчастку ў форме круга, якая абрасла барвенкам. На заходнім баку тэрасы пабудаваныя дапаможныя памяшканні, якія ўключаюць у сябе кухню, бровар і стайня. Прастору паміж броварам і азёрамі займае фруктовы сад, аранжэрэя і дом садоўніка[3].
На тэрасах былі размешчаны фантаны з шырокімі чашамі. Па парку стаялі скульптуры. У паўночна-ўсходняй частцы ракі Косава мелася сістэма трох азёр, падзеленых плацінай, берагі якіх параслі плакучымі вербамі[3].
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]З 2008 года ў Косаўскім палацы працуюць рэстаўратары[1].
На працягу першых трох гадоў рэстаўрацыі былі выкарыстаныя больш за 11 мільярдаў рублёў, з рэзідэнцыі вывезлі каля 3 тысяч м³ смецця. Спецыялістамі зроблена гідраізаляцыя фундамента і створана інжынерная інфраструктура — праведзена электрычнасць і ваду, адноўлена і перабудавана каналізацыя. Былі адноўлены ўнутраныя сцены будынка і пачата праца над вокнамі і афарбоўкай фасада[12].
У 2017 годзе адкрылася першая экспазіцыя, у 2020 прынялі першых наведвальнікаў рэстаран «Граф Пуслоўскі» і гатэль «Пуслоўскіх». У афіцыйнай цырымоніі адкрыцця і ўводу ў эксплуатацыю Косаўскага палацава-паркавага ансамбля 23 снежня 2022 года прынялі ўдзел міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, затым у палацы прайшоў навагодні баль для студэнтаў[13].
Легенды
[правіць | правіць зыходнік]Як і многія іншыя палацы і замкі, Косаўскі палац мае сваі легенды. Напрыклад, мясцовыя жыхары расказваюць, што для аховы палаца яго ўласнік трымаў льва, якога пускалі ўначы блукаць па калідорах[1].
Існуе таксама легенда, што існуе падземны праход, па якім за адну гадзіну можна дабрацца да іншай рэзідэнцыі Сапегаў, якая знаходзіцца ў Ружанах, у 20 км ад Косава. Пры гэтым праход такі шырокі, што ў ім можна ехаць на карэце, запрэжанай тройкай коней[1].
Музыкальная легенда распавядае, што калі нехта пляскае ў ладкі, стоячы пад акном на другім паверсе, то з усходняга боку аркі будынка чуваць меладычныя гукі[1].
Мясцовыя жыхары таксама кажуць, што графіня Пуслоўская вельмі любіла ездзіць у санках , таму граф загадваў пакрываць частку парка соллю, каб можна было працягваць катанні нават у летні час.
-
Замку ў 1925г.
-
Палац на здымку падчас Першай Сусветнай вайны
-
Фрагмент палаца на здымку 30-х гадоў
-
Палац у 1925г.
-
Палац у зімовы час. 1924-1932
-
Косаўскі палац на старым здымку
-
Палац на здымку 15.08.1937
У філатэліі
[правіць | правіць зыходнік]У 2012 годзе выява палаца была выкарыстана на паштовай марцы Беларусі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Відэа
[правіць | правіць зыходнік]https://www.youtube.com/watch?v=F7lphry3JfU
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Дворец Пусловских в Коссово, памятник архитектуры Беларуси XIX века | Belarus.by . www.belarus.by. Праверана 10 жніўня 2023.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Коссово, дворец Пусловских (Коссовский дворец) (руск.)
- ↑ а б в г д е ё ж Экспресс новости, информационно-аналитический еженедельник/ № 31 (311), 1-7 августа, 2003 года/Оксана Яновская/Земля Тадеуша Костюшко (руск.)
- ↑ а б Tomin.by/Дворец Пусловских (Коссовский замок) (руск.)
- ↑ Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020. (руск.)
- ↑ а б в Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 353. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ Несцярчук. Замкi, палацы, паркi Берасцейшчыны
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ
- ↑ Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 2
- ↑ Федорук А. Т. Коссово // Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
- ↑ NEST, недижимость и строительство/23 декабря, 2012/Коссовский дворец возрождается Архівавана 18 мая 2015. (руск.)
- ↑ Nashaniva.com
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Rąkowski Grzegorz, «Czar Polesia», Pruszków 2001
- Hauser Z., «Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi», Warszawa 2005
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Косаўскі палац
- Косаўскі палац на сайце Radzima.org
- Косаўскі палац на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Палац Пуслоўскіх у Косаве Архівавана 3 красавіка 2014.