Мазырскі замак
Мазырскі замак — драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаванне позняга сярэднявечча ў Мазыры. Існаваў у XV—XVIII стагоддзях на гарадзішчы старажытнага Мазыра. Пабудаваны на месцы ўмацаванага драўлянага замка XIV стагоддзя. Займаў мыс паміж шырокімі ярамі, якія праразалі высокі карэнны бераг Прыпяці.
У XVI стагоддзі цэнтральная частка Мазыра была абнесеная астрогам. У 1520—1530-я гады зруйнаваны татарамі. Каля 1543 года быў адноўлены драўляны замак з гароднямі і вежамі. Чатырохгранныя вежы мелі па сем баявых ярусаў з падсябіццямі, а зверху накрываліся шатровым дахам. Сцяна з гародняў мела два баявыя ярусы і таксама мела падсябіцці з бланкаваннем. Дзве гародні былі прыстасаваныя для жылых мэтаў. На замкавым двары стаяла замкавая царква Спаса, некалькі трохкамерных дамоў, скарбніца, свіраны, піўніца і іншыя.
Пасля перабудовы ў 1576 годзе меў 5 вежаў. У 1609 годзе замак цалкам згарэў, у 1613 годзе адноўлены. У ходзе ваенных дзеянняў XVII стагоддзя замак неаднойчы быў разбураны і паступова прыйшоў y заняпад. У XVIII стагоддзі Мазырскі замак — парадны замкава-палацавы комплекс, які складаўся з драўлянага палаца ў цэнтры і гаспадарчай зоны.
Пры даследаванні на замчышчы выяўлены рэшткі жылой пабудовы 16 стагоддзя з кафлянай печчу, складзенай з гаршковай і каробчатай кафлі, упрыгожанай геаметрычным арнаментам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся — Мн., 1978.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 515. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Мазы́рскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 455. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мазырскі замак на сайце «Архіварта»