Перайсці да зместу

Малагасійцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малагасійцы
(Foko malagasy)
Агульная колькасць 22 млн. чал. (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы малайцы, даякі

Малагасі́́йцы (малаг. Foko malagasy), або мальгашы́ (франц. Malgache) — карэннае насельніцтва Мадагаскара. Агульная колькасць — каля 22 млн чалавек (2011 г.).

Продкі малагасійцаў трапілі праз Індыйскі акіян на Мадагаскар з Паўднёва-Усходняй Азіі ў першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. На працягу стагоддзяў яны змешваліся з насельнікамі суседняй Усходняй Афрыкі. На вялікай прасторы вострава яны падзяліліся на шмат этнічных груп, кожная з якіх мае свае гістарычныя і культурныя адметнасці.

Малагасійская мова належыць да аўстранезійскай моўнай сям’і, болей пашыранай у Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі.

Малагасійцы значна адрозніваюцца па мове і культуры ад іншых насельнікаў Афрыкі. Па паходжанню яны з’яўляюцца аўстранезійцамі. Продкі сучасных малагасійцаў трапілі на Мадагаскар з Паўднёва-Усходняй Азіі ў прамежку часу паміж 350 г. да н.э. і 550 г. н.э. Найбольш блізкія да іх па мове — тубыльцы Паўднёвага Калімантана[1]. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі геаграфічнага становішча Мадагаскара, які адлучыўся ад Паўднёвай Азіі 65 млн гадоў таму і знаходзіўся ў ізаляцыі ад Афрыкі дзякуючы небяспечным плыням шырокага Мазамбікскага праліва. У той жа час, у пэўныя сезоны плаванне праз Індыйскі акіян можа быць адносна спакойным. Другая прычына — культура саміх аўстранезійцаў, якія дзякуючы сваім навыкам выдатных мараплаўцаў і навігатараў здолелі засяліць вялізарныя прасторы Зондскага архіпелага, суседніх астравоў, а таксама Акіяніі.

З XIX ст. выказвалася думка, што да з’яўлення продкаў малагасійцаў на Мадагаскары мелася насельніцтва афрыканскага паходжання. Спасылаліся на малагасійскі фальклор, які сцвярджае, што продкі перасяленцаў з Азіі сустрэлі на востраве нізкарослых абарыгенаў вазімба, якія маглі быць сваякамі афрыканскіх бушменаў або пігмеяў. Да таго ж, для насельнікаў заходняга Мадагаскара характэрны негроідныя рысы (у іншых малагасійцаў яны не так выразны), а бара наогул сцвярджаюць, што калісьці жылі на Афрыканскім кантыненце[2].

Археалагічныя знаходкі фіксуюць прысутнасць афрыканцаў на поўначы Мадагаскара толькі эпохай Сярэднявечча (IX—XII стст). У прыватнасці, знаходзяць кераміку, тыповую для ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі, дзе фарміравалася культура сучасных суахілі. Відавочна, што суахілі маглі быць гандлярамі, а не абавязкова перасяленцамі. Да таго ж, яны з’явіліся пазней за аўстранезійцаў.

Альтэрнатыўны пункт гледжання засноўваўся на ідэі, што да аўстранезійскага перасялення існавала больш ранняе з Азіі (каля 1500 г. да н.э.), і першымі перасяленцамі былі азіяцкія цемнаскурыя і маларослыя аўстралоіды, якія хутка згубілі мараходныя навыкі і пачалі займацца збіральніцтвам і паляваннем.

З сярэдзіны XX ст. прыводзілася ўсё больш фактаў, якія сведчылі на карысць першынства выхадцаў з Азіі, у тым ліку адкрыццё сувязі малагасійскай мовы з гаворкамі Калімантана, распаўсюджанне раслін азіяцкага паходжання на ўсходзе Афрыкі і г. д. Выказваліся нават думкі, што азіяцкая міграцыя была значна шырэйшай і ахоплівала саму Афрыку, нават яе ўнутраныя раёны[3].

Большасць сучасных даследчыкаў падтрымлівае думку, што ранняй міграцыі з Азіі і Афрыкі не было. Аўстранезійцы былі першымі насельнікамі Мадагаскара, але засяленне адбылося ў выніку не адной, а шматлікіх міграцый, прычым не абавязкова прамых. Засяленне магло ісці праз Шры-Ланку і Каморскія астравы[4]. Да таго ж, не трэба забываць і пра тое, што сталыя працэсы перасялення з месца на месца былі характэрныя пазней і для ўнутраных рэгіёнаў вострава. Афрыканцы трапілі на Мадагаскар пазней за аўстранезійцаў у якасці гандляроў, часам перасяленцаў і рабоў. Аднак іх уплыў быў вельмі значным. Генетычныя даследаванні, апублікаваныя ў 2005 г., паказалі, што прыкладна 50 % генетычнай спадчыны сучасных малагасійцаў мае ўсходнеафрыканскае паходжанне [5].

У сярэднявеччы і пазней адчуваўся моцны ўплыў арабаў і індыйцаў. Да з’яўлення на Мадагаскары партугальцаў у 1500 г. на паўночным узбярэжжы меліся паселішчы мусульман. Першыя запісы сара-бе на малагасійскай мове былі зроблены арабскімі літарамі[6].

Пасля адкрыцця вострава партугальцамі малагасійцы зведалі таксама еўрапейскі ўплыў. Ён стаў асабліва адчувальным у XVII—XVIII стст., калі піраты з Карыбскага мора аблюбавалі ўсходняе ўзбярэжжа Мадагаскара і востраў Сен-Мары. Яны стваралі сталыя паселішчы, жаніліся на мясцовых жанчынах, мелі шматлікіх нашчадкаў занамалата[7]. Такім чынам, многія жыхары поўначы і ўсходу набылі еўрапеоідныя рысы.

Фарміраванне нацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу еўрапейцаў малагасійцы не былі адзіным народам і не мелі агульнай этнічнай тоеснасці. Розныя этнічныя групы стаялі на рознай ступені сацыяльнага і палітычнага развіцця. Каля XIV ст. сфарміравалася першае дзяржаўнае ўтварэнне Амбухідратрыму. У канцы XVI — XVIII стст. узніклі іншыя малыя дзяржавы [8].

У XVII ст. на землях цэнтральнага нагор’я правадыром Раламбу была заснавана дзяржава, якая паступова пашыралася і ў выніку ператварылася ў Імерыну, дзяржаву мерына. Канчатковае аб’яднанне мерына і заваяванне цэнтральнага нагор’я завершыў Андрыямпуінімерына (17801810 гг.). Яму прыпісваецца шэраг важных рэформ сацыяльнага ладу і ўвядзенне першаснай сістэмы адукацыі[9][10]. Яго нашчадак Радама I (18101828 гг.) захапіў большую частку Мадагаскара і ў 1817 г. падпісаў мірнае пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое дало яму еўрапейскае прызнанне. З 1818 г. на востраве пачалі дзейнічаць брытанскія місіянеры, якія стварылі адзіную сетку хрысціянскіх школ, перавялі пісьмовасць на лацінку і пачалі кнігадрукаванне. Важным было стварэнне рэгулярнай арміі, аснову якой склалі мерына і бецылеу. Далейшыя рэформы дзяржаўнага дзеяча Райнілайрывуні (18281896 гг.), што ў 18641895 гг. займаў пост першага міністра, садзейнічалі стварэнню адзінага дзяржаўнага апарата, судовай сістэмы, эканамічнаму росту. У выніку на Мадагаскары склалася праслойка адукаваных чыноўнікаў і ваенных з розных этнічных груп[11], якія ўсведамлялі і адстойвалі адзінства малагасійцаў.

У выніку дзвюх ваенных кампаній Францыя захапіла Мадагаскар у 1895 г. і ператварыла яго ў калонію. Каланіяльныя ўлады імкнуліся разбурыць традыцыйную сістэму сацыяльных адносін, пераўладкаваць землекарыстанне, пабудаваць рыначную эканоміку, што прывяло да росту гарадоў, дзе сяліліся і ўзаемадзейнічалі прадстаўнікі розных этнічных груп. Малагасійцы атрымалі магчымасць вучыцца ў французскіх школах. Быў створаны пласт чыноўнікаў і інтэлектуалаў-малагасійцаў. Такім чынам, да II сусветнай вайны склалася адзіная малагасійская інтэлігенцыя, узнік нацыяналістычны рух за незалежнасць[12].

Канчатковае фарміраванне малагасійцаў як нацыі адбылося пасля абвяшчэння незалежнасці Мадагаскара 26 чэрвеня 1960 г.

Этнічныя групы

[правіць | правіць зыходнік]
Этнічныя групы малагасійцаў

Нягледзячы на значнае падабенства ў мове і культуры, малагасійцы падзяляюцца на этнічныя групы, якія сфарміраваліся да канца XVIII ст. і адрозніваюцца паходжаннем, рэлігійнымі традыцыямі, заняткамі і інш. Яны насяляюць розныя рэгіёны Мадагаскара.

Вылучаюць наступныя буйныя этнічныя групы:

Даволі спецыфічнай малой этнічнай групай з’яўляюцца мікеа, што насяляюць лес Мікеа на поўдні Мадагаскара.

Знутры гэтых этнічных груп існуюць і яшчэ меншыя, якія сфарміраваліся на аснове блізкага сваяцтва, агульных прафесійных заняткаў, у выніку міграцыі і г. д.[13]

Гаспадарчыя заняткі

[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, першыя хвалі перасяленцаў на Мадагаскар займаліся пераважна ловам рыбы, паляваннем і збіральніцтвам. З’яўленне чалавека можа растлумачыць выміранне шматлікіх эндэмічных відаў жывёл, у тым ліку эпіорніса, мадагаскарскага гіпапатама, вялікіх лемураў і г. д. Буйных дзікіх жывёл амаль не засталося. Да канца XIX ст. паляванне перастала быць істотнай формай забеспячэння для малагасійцаў, у той час як збіральніцтва доўгі час заставалася важным для жыхароў лясной мясцовасці і ўзбярэжных рэгіёнаў.

Разнастайнасць прыродна-геаграфічных рэгіёнаў Мадагаскара прывяла да істотных адрозненняў у гаспадарчым жыцці малагасійцаў. Насельнікі вільготных трапічных раёнаў займаліся пераважна земляробствам, узбярэжжа — земляробствам і ловам рыбы, цэнтральных умераных раёнаў — земляробствам і жывёлагадоўляй, а для жыхароў засушлівых захаду і поўдня больш важнай заставалася жывёлагадоўля. Цікава, што земляробчыя тэхналогіі і культуры прыйшлі на Мадагаскар з Азіі. Назвы амаль усіх свойскіх жывёл — з Усходняй Афрыкі[14].

Галоўнай сельскагаспадарчай культурай малагасійцаў з’яўляецца рыс. У некаторых раёнах усходняга ўзбярэжжа — тара і іншыя клубняплоды. Акрамя таго, вырошчваюць розныя віды садавіны і гародніны, какосавую пальму, на продаж — спецыі, эфіра-алейныя культуры, каву, тытунь і г. д. Земляробствам займаюцца пераважна мужчыны, аднак жанчыны і дзеці аказваюць дапамогу. Раней зямлю апрацоўвалі вузкімі доўгімі лапатамі з увагнутымі лёзамі. У цэнтральных раёнах рыс збіралі ўручную з дапамогай нажа. Для вырошчвання гэтай працаёмкай культуры будавалі дамбы і складаныя ірыгацыйныя сістэмы.

Жывёлагадоўля адыгрывае дастаткова важную ролю ў цэнтральных раёнах вострава, асабліва з XVIII ст., калі вываз быдла складаў галоўную частку знешняга гандлю. На захадзе і поўдні яна — найбольш важны эканамічны занятак. Малагасійцы трымаюць коз, свінняў, курэй і іншую жывёлу, але традыцыйна найбольш важным з’яўляецца гадоўля зебу. Для этнічнай групы бара зебу — гэта галоўны сродак існавання. Пераважае адгонны спосаб утрымання. Жывёлу захоўваюць у агароджаных месцах, у тым ліку для прадухілення ўгону, паколькі крадзеж быдла ў бара і антадруй з’яўляецца звычайным, амаль «спартыўным» заняткам[15]. На Мадагаскары карыстаюцца папулярнасцю і сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы і гульні савіка з удзелам быкоў зебу[16].

Рамяство вылучылася як самастойны занятак толькі ў другой палове II тысячагоддзя н.э. Малагасійскія рамеснікі славіліся як выдатныя разьбяры, ліцейшчыкі і ткачы. Ткацтва, пляценне і апрацоўка дрэва былі звычайнымі заняткамі ў сельскай мясцовасці. З узнікненнем гарадоў у XIX ст. рамеснікі вылучыліся ў асобную катэгорыю насельніцтва, пачалі ствараць рамесныя карпарацыі. Разьбяную мэблю і хатняе начынне, плеценыя цыноўкі не лічылі прывілегіяй заможных. Яны сустракаліся нават у хатах бедных малагасійцаў. У XIX ст. вылучыліся і іншыя заняткі — камерцыйная здабыча карысных выкапняў, пераноска грузаў. Паколькі добрых дарог на востраве тады не было, носчыкі маруміты сталі першай групай наёмных рабочых.

Асаблівасці кулінарыі

[правіць | правіць зыходнік]

Нават у раёнах, населеных жывёлагадоўцамі, аснову штодзённай ежы складае рыс. Яго вараць і ядуць с вострай падлівай. Муку з рысу не робяць. Малагасійцы не соляць ежу. Соль ужываецца самастойна, звычайна перад сняданкам[17].

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]

У розных рэгіёнах Мадагаскара будавалі розныя тыпы жытлаў, але традыцыі будаўніцтва больш адпавядаюць азіяцкім узорам. Хаціны ўяўлялі сабою прамавугольныя каркасныя канструкцыі са сценамі з трыснягу, бамбуку або равеналы. Двухсхільныя дахі крылі драўнянай карой, саломай або пальмавым лісцем. У раёнах з частымі паводкамі іх ставілі на драўляныя палі, на фасадзе ладзілі балкон з аднасхільным дахам. У Цэнтральным Мадагаскары шырока распаўсюджаныя глінабітныя пабудовы з высокім дахам на драўляных слупах. Жытлы аднакамерныя, у заможных — шматкамерныя. Пабудовы строга арыентаваны з поўначы на поўдзень. Уваход рабіўся з заходняга боку. Паўднёвая частка жытла выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах. У паўночнай частцы ставіліся культавыя прадметы і грувасткі ложак гаспадара з драўлянымі створкамі. Агмень ладзіўся бліжэй да ўвахода.

Для шанавання продкаў рабіліся культавыя збудаванні ў форме слупа. Асабліва вядомыя алаала, драўляныя збудаванні махафалі. Яны багата ўпрыгожваліся геаметрычным і жывёльным арнаментам, скульптурамі раслін і жывёл. У Імерыне будавалі цагляныя магільні для асоб каралеўскага роду.

Хатняе начынне таксама разнастайнае — каменныя ступы для рысу, каменныя і металічныя лямпы, разьбяная мэбля, трысняговыя цыноўкі, драўляны посуд. Керамічны посуд быў мала распаўсюджаны.

Традыцыйная вопратка малагасійцаў — насцегнавая повязь у мужчын і спадніца ў жанчын. Высакародныя штодзённа, а простыя людзі ва ўрачыстыя дні апраналі плашч ламба з прыгожымі ўзорамі ў выглядзе палос. Ламба да нашых дзён выкарыстоўваецца ў рытуальных мэтах. У яго апранаюць нябожчыкаў[18].

Сацыяльны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Малагасійскія традыцыйныя каштоўнасці адрозніваюцца значным кансерватызмам. Малагасійцы вераць у існаванне жыватворнай сілы хасіна, якая, падобна да палінезійскай мана, нераўнамерна размеркаваная паміж людзьмі і сем’ямі, можа перадавацца ад продкаў да нашчадкаў. Высакародныя малагасійцы маюць больш хасіна, чым нізкародныя, а ўнутры адной сям’і старэйшым нададзена хасіна больш, чым малодшым. Гэта адлюстроўваецца нават у тым, як людзі рассаджваюцца за абедзенным сталом, дзе лепшыя месцы займаюць старыя мужчыны. Малагасійцы заўсёды ацэньваюць адзін аднаго з пункту гледжання ўзросту, полу і паходжання. У пабытовым жыцці шырока распаўсюджаны забароны фады.

У XIX ст. грамадства мерына было падзелена на тры вялікія пласты. Вышэйшы складаўся з высакародных андрыяна, якія ў сваю чаргу падзяляліся на шэсць груп. Прадстаўнікі першых трох груп мелі правы на спадчынныя землі вудывуна, нашэнне асаблівай вопраткі, вызваляліся ад абавязковых адпрацовак і падаткаў. Прадстаўнікі астатніх трох груп адрозніваліся толькі адсутнасцю права на вудывуна. Існавала сёмая прамежкавая група, якая карысталася выключна ганаровымі прывілегіямі.

Асноўны пласт насельніцтва фарміраваўся з простых хува — земляробаў, рамеснікаў і гандляроў. Толькі частка хува, што жыла на землях караля, па статусу была блізкай да прыгонных. Астатнія групы амаль не адрозніваліся па свайму становішчу. Хува выплочвалі даніну і павінны былі пэўны час бязвыплатна працаваць на дзяржаву.

На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы андэву. Яны разглядаліся або як поўная прыватная маёмасць гаспадара, або як «малодшыя» члены пашыранай сям’і. Андэву не выплочвалі падаткаў і не працавалі на дзяржаву, таму маёмасна іх становішча магло быць вышэйшым за бедных хува[19]. Аднак нават у наш час іх нашчадкі лічацца ніжэйшымі за астатніх малагасійцаў, ім прыпісваюцца грубіянства і бестактоўнасць. Шлюбы паміж нашчадкамі андэву і іншымі суграмадзянамі здараюцца рэдка[20].

Сям’я ў малагасійцаў мае патрыярхальны характар, прычым у груп жывёлагадоўцаў спадчына размяркоўваецца толькі строга па мужчынскай лініі. Сустракаюцца пашыраныя і малыя сем’і. Сярод большасці груп вядомы так званыя выпрабавальныя шлюбы, калі маладыя жывуць разам каля года да афіцыйнага абвяшчэння аб стварэнні сям’і.

Сем’і звычайна аб’ядноўваюцца ў абшчыны. У некаторых раёнах Мадагаскара захаваліся родавыя абшчыны, якія складаюць малыя паселішчы. У мерына такія абшчыны былі вядомы як фуку («род»), але пры Андрыямпуінімерына (17801810 гг.) ім на змену прыйшла суседская абшчына фукунулуна. Яна звязвала членаў сеткай узаемных абавязкаў — дапамогай пры няшчасцях, у сумеснай працы. Фукунулуна размяркоўвае зямлю паміж сем’ямі, вырашае асноўныя пытанні грамадскага жыцця, нават час сяўбы. Французская каланіяльная адміністрацыя адмяніла суседскія абшчыны, але з 1962 г. яны пачалі адраджацца, а ў 1975 г. атрымалі канстытуцыйнае прызнанне[21].

Традыцыйнае мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Прыкладное мастацтва прадстаўлена вырабамі малагасійскіх рамеснікаў. У мінулым асабліва славіліся разьбяры Мадагаскара. Шырока распаўсюджаны маляванне на тканінах, гафт, пляценне, апрацоўка каменю.

Нават у пабытовым жыцці папулярна аратарскае майстэрства кабары, мудрагелістыя прамовы з выкарыстаннем вялікай колькасці прыказак і прымавак, загадак. У вясковым асяроддзі сярод моладзі для забавы праводзяцца паэтычныя вечарыны айнтэні[22]. Народная паэзія не мае рыфмы, суправаджаецца музыкай і адрозніваецца рытмічнасцю. Папулярны музычны струнны інструмент валіхі, які робіцца з бамбукавага ствала, замест звычайных струн выкарыстоўваюцца бамбукавыя валокны з верхняга пласту.

Распаўсюджаны міфы, легенды, паданні аб продках, казкі.

Родная мова малагасійцаў адносіцца да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. Размоўная мова мае каля 20 дыялектаў, з якіх вылучаюць толькі 2 буйныя — усходні, характэрны для мерына, і заходні, распаўсюджаны ў тым ліку сярод сакалава. У 1823 г. быў зацверджаны малагасійскі алфавіт на аснове лацінкі.

Традыцыйныя вераванні

[правіць | правіць зыходнік]

Да нашых дзён больш за палову вернікаў-малагасійцаў спавядае традыцыйныя вераванні. Іх аснову складае культ продкаў фумбан-разана. Малагасійцы вераць, што пасля смерці душа фанахі трапляе ў свет духаў, дзе працягвае сваё існаванне як продак разана. Прычым у свеце духаў, як і ў звычайным жыцці, душа займае пэўнае сацыяльнае становішча. Найбольш прывілеяванымі з’яўляюцца фанахі правадыроў, андрыяна і каралёў. Прадстаўнікі некаторых этнічных груп вераць у магчымасць перасялення фанахі ў целы нашчадкаў або жывёл (кракадзілаў, лемураў).

Разана працягваюць аказваць значны ўплыў на гэты свет. Але іх заступніцтва неабходна жывым яшчэ і таму, што толькі яны могуць выступаць з прашэннямі перад валадаром сусвету Андрыяманітра (літаральна «духмяным панам»), які не прыслухоўваецца да жывых людзей. Малагасійцы практыкуюць шматлікія рытуалы і ахвярапрынашэнні для таго, каб атрымаць падтрымку фанахі. Адзін з найбольш святочных звычаяў — рытуал перагортвання памерлых у магільнях.

З культам продкаў цесна звязаны шаманізм. Шаманы мпхімасі (умбіясі) выступаюць у першую чаргу як медыўмы, да якіх звяртаюцца, каб наладзіць непасрэдны кантакт з разана[23]. Асаблівай павагай карыстаюцца шаманы мпісікіды з этнічнай групы бара. Яны лечаць ад розных захворванняў, лічацца моцнымі чараўнікамі і празорцамі[24]. У большасці этнічных груп практыкуецца рытуал сумеснага ўпадзення ў транс пад час рэлігійных святаў.

Малагасійцы вераць у існаванне шматлікіх духаў прыроды і дзейнасць магічных сіл. Так, танала звяртаюцца да ўмбіясі ў першую чаргу для прадказання будучыні, бо перакананы, што ў выніку неспрыяльнага прагнозу змогуць выправіць сітуацыю праз далейшыя магічныя рытуалы. Магія заключана ў канкрэтных дзеяннях і амаль пазбаўлена славесных замоў. Пры гэтым сэнс кожнага дзеяння не абавязкова зразумелы чараўніку. Ён можа выконваць яго механічна. Жанчыны, якія жадаюць мець дзяцей, практыкуюць оды заза — шэраг забарон, якія добраахвотна накладаюць на сябе і абвяшчаюць аб гэтым суседзям. Сем’і, цэлыя вёскі і гарады звяртаюцца да абарончай магіі. З іншага боку, танала моцна баяцца шкодных магічных дзеянняў[25]. Папулярнай формай прадказальнай магіі з’яўляецца малагасійская астралогія сікіды[26].

Іслам трапіў на Мадагаскар у сярэднявеччы дзякуючы шчыльным кантактам з арабскім, індыйскім і ўсходнеафрыканскім насельніцтвам. Да прыбыцця еўрапейцаў мусульманскія паселішчы існавалі на ўсходзе і паўночным захадзе вострава. Некаторыя малагасійскія сем’і выводзяць свой род ад арабаў. У наш час колькасць мусульман дастаткова вялікая — больш за 1,26 млн чал.[27] Аднак сярод мусульман шмат выхадцаў з Індыі, Пакістана, Каморскіх астравоў. Мусульмане-малагасійцы жывуць у асноўным на паўночным захадзе і ўсходнім узбярэжжы.

Хрысціянства пачало актыўна распаўсюджвацца сярод малагасійцаў у XIX ст., што ў выніку прывяло да канфлікту з традыцыйнымі вераваннямі. У 1835 г. каралева Ранавалуна I пастанавіла выгнаць іншаземных місіянераў і фактычна забараніла хрысціянства. Ужо ў 1836 г. пачаліся арышты мясцовых хрысціян, аднак найбольшага ўздыму пераслед дасягнуў у 1849 г., калі 18 хрысціян было пакарана смерцю, у тым ліку 4 спалены жыўцом[28]. У 1861 г. указы Ранавалуны I былі адменены Радамам II.

Зараз хрысціянства вызнае прыкладна 40 % насельніцтва Мадагаскара. Найбольш распаўсюджаныя плыні — пратэстанцтва (яго спавядае большасць хрысціян-мерына) і каталіцызм (большасць хрысціян-бецылеу)[29].

  1. Adelaar K. A. The Austronesians: Historical and Comparative Perspectives, ANU E Press, 2006. Гл. раздзел: East Barito: Who Were the Malayo-Polynesian Migrants to Madagascar?
  2. Кулик С. Когда духи отступают. — М.: Мысль, 1981. С. 195
  3. Gwyn Campbell, The Debate Over Malagasy Origins.
  4. Гл. агляд кнігі: Arlette Kouwenhoven and Toussaint Raharison, Madagascar, the Red Island.
  5. The cryptic past of Madagascar. Human inhabitants of Madagascar are genetically unique.
  6. Uncoding the Sora-bé of Madagascar Архівавана 18 ліпеня 2012.
  7. The Crimson Pirate’s Pirate Information-Pirate Places: Madagascar Архівавана 8 мая 2012.
  8. Kingdoms of Africa. Madagascar.
  9. Alexander Ives Bortolot, Kingdoms of Madagascar: Maroserana and Merina
  10. Madagascar: Origin and rise of the Merina Kingdom (c1650-1828)
  11. Емельянов А. Л., Мыльцев П. А. Забытая история великого острова. — М.: Наука, 1990. С. 17—41.
  12. MADAGASCAR: Colonial Era, 1894—1960
  13. Гл. урывак з the Country Studies Program, formerly the Army Area Handbook Program: Madagascar — Population
  14. Кирей Н. Этнография народов Африки. Учебное пособие. — Краснодар: изд. Кубан. ун-та, 1983. С. 102.
  15. Bara of Madagascar
  16. Savika — Wrestling Angry Bulls in Madagascar
  17. Кирей Н. Этнография народов Африки. Учебное пособие. — Краснодар: изд. Кубан. ун-та, 1983. С. 104.
  18. Народы Африки. / Под ред. Д. Ольдерогге, И. Потехина. — М.: Из-во АН СССР. С. 640—643.
  19. Емельянов А., Мыльцев П. Забытая история великого острова. — М.: Наука, 1990. С. 20
  20. Гл. вытрымку з Area Handbook program of the U.S. Department of the Army: Social Structure and Family in MADAGASCAR
  21. Гл. вытрымку з Area Handbook program of the U.S. Department of the Army: The Fokonolona and Traditional Governance in Madagascar
  22. В. Корочанцев. Остров загадок и открытий. — М., Мысль, 1982. — С. 27—31.
  23. Manie Bosman, Fomban-razana: Malagasy Traditional Religion Архівавана 5 сакавіка 2016.
  24. Кулик С. Когда духи отступают. — М.: Мысль, 1981. С. 190—194.
  25. Ralph Linton, THE TANALA. A HILL TRIBE OF MADAGASCAR. / Anthropological Series, Volume XXII, 1926 P. 217—224
  26. Marcia Ascher, Malagasy Sikidy: A Case in Ethnomathematics Артыкул з HISTORIA MATHEMATICA 24 (1997), р. 376—395
  27. Muslim Population by Country: K — M
  28. Alex P. John, The Martyrs of Madagascar (1835—1861) Архівавана 17 студзеня 2005.
  29. Madagascar Religion.