Мінскі з’езд арыстакратаў
Мінскі з’езд арыстакратаў — з’езд у канцы 1811 года ў Мінску арыстакратыі літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі, скліканы князем Міхалам Клеафасам Агінскім (1765—1833), на якім абмяркоўвалі праект аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага на чале з расійскім манархам Аляксандрам I і на якім адбылося прымірэнне былых прыхільнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791 года і былых таргавіцкіх канфедэратаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У красавіку 1811 года па прапанове расійскага імператара Аляксандра I група арыстакратаў літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі (князь Міхал Клеафас Агінскі (1765—1833), князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846), граф Людвік Плятэр (1775—1846) і інш.) распрацавала асноўныя палажэнні праекта аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага на чале з расійскім манархам Аляксандрам I.
У канцы 1811 года ў Мінску адбыўся, скліканы князем Міхалам Клеафасам Агінскім (1765—1833), з’езд найбольш уплывовых дваран літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі. Мэтай праекта аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага на чале з расійскім манархам Аляксандрам I была спроба схіліць і прыцягнуць мясцовую арыстакратыю літоўска-беларускіх губерняў да канцэпцыі яе супрацоўніцтва з Расіяй супраць імператара французаў Напалеона, які нядаўна стварыў Герцагства Варшаўскае (1807—1815).
Мінскі з’езд не прывёў, аднак, да вызначанай мэты, бо большасць яго ўдзельнікаў выказалася супраць ідэі разрыву шматвекавой уніі зямель былых Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Выказваліся таксама патрабаванні, каб расійскі імператар Аляксандр I абвясціў сябе не толькі вялікім князем літоўскім, але і каралём польскім. Адзіным станоўчым вынікам гэтай сустрэчы арыстакратыі ў Мінску стала прымірэнне былых удзельнікаў таргавіцкай канфедэрацыі з былымі прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая 1791 года.
На з’ездзе ўдзельнічаў сярод іншых асоб Станіслаў Солтан (1756—1836). Магчыма, вестка аб удзеле Станіслава Солтана ў мінскім з’ездзе прывяла да таго, што яго імя не аказалася ў спісе шасці арыстакратаў літоўска-беларускіх губерняў, якім напярэдадні вайны з Расійскай імперыяй было даручана імператарам французаў Напалеонам «арганізаваць Літву» пасля яе чаканага авалодання Вялікай арміяй. Тым не меней, пасля прыходу напалеонаўскіх войск у Вільню Станіслаў Солтан па прызначэнні Напалеона 19 чэрвеня (1 ліпеня) 1812 г. стаў старшынёй (прэзідэнтам) прафранцузскай Камісіі Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага, а таксама паралельна старшынёй камітэта харчавання і складоў той Камісіі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Anusik, Z. Sołtan (Pereświet-Sołtan) Stanisław h. własnego (1756—1836) / Z. Anusik // Polski Słownik Biograficzny. — t. XL/2000-2001.