Навуковае званне
Навуковае званне ці вучонае званне — ступень кваліфікацыйнай сістэмы ў вышэйшых навучальных установах і навуковых арганізацыях, якая дазваляе ранжыраваць навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў на асобных этапах акадэмічнай кар'еры.
У адрозненне ад іншага кваліфікацыйнага паказчыка — навуковай (або вучонай) ступені, званнем пацвярджаецца не толькі пэўны ўзровень спецыяліста як даследчыка, але і адпаведнасць гэтага спецыяліста канкрэтнай навукова-педагагічнай пасадзе. У большасці краін свету прыём супрацоўніка на пэўную пасаду ва ўніверсітэце або навукова-даследчай установе азначае атрыманне ім аднайменнага з гэтай пасадай звання на перыяд працоўных адносін. Аднак у сучаснай Беларусі вучонае званне з'яўляецца пажыццёвым, але прысвойваецца толькі пасля атрымання неабходнага працоўнага стажу на аднайменнай (або эквівалентнай) пасадзе і выканання шэрагу іншых ўмоў.
У цяперашні час у Беларусі прысвойваюцца два навуковых звання: дацэнт і прафесар. Гэтыя тэрміны — агульнапрынятыя скарачэнні поўнага наймення званняў, якія паказваюць на сферу дзейнасці: дацэнт па спецыяльнасці..., або прафесар па спецыяльнасці... Іншыя званні і паняцці, якія адносяцца да працуючых у навукова-адукацыйнай сферы асобаў (кандыдат навук, доктар навук, член-карэспандэнт, акадэмік, (малодшы / старшы / вядучы / галоўны) навуковы супрацоўнік і г.д.) навуковымі званнямі не з'яўляюцца.
Вучоныя званні прысвойвае Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь на падставе аналіза атэстацыйных спраў, наданых вышэйшымі навучальнымі або навуковымі ўстановамі. Званне дацэнта атрымліваюць, як правіла, кандыдаты навук, прафесара — дактары навук. Але ёсць і пэўныя выключэнні для дзеячоў культуры, мастацтва і спорту. Званне прысвойваецца пажыццёва і захоўваецца за яго ўладальнікам пры змене пасады, месца працы, пасля сыходу на пенсію і г.д.
Не варта атаясамляць вучоныя званні дацэнта і прафесара з пасадамі ў вышэйшых навучальных установах, якія маюць аналагічныя найменні. Для працаўладкавання на гэтыя (і нават больш высокія, такія як дэкан або прарэктар) пасады наяўнасць навуковага звання як правіла не з'яўляецца абавязковым. У ВНУ Беларусі сустракаюцца кандыдаты навук, якія доўгі час працуюць на пасадзе дацэнта і не маюць навуковага звання дацэнта. Але гэта хутчэй выключэнні, таму што атрымаць званне дацэнта кандыдату навук адносна лёгка. Іншая сітуацыя з дактарамі навук — яны могуць часта доўгі час працаваць на пасадзе прафесара кафедры, маючы толькі навуковае званне дацэнта, з-за даволі суровых патрабаванняў да саіскальнікаў навуковага звання прафесара (падрыхтоўка мінімум 1 кандыдата навук і інш.).
Звычайна навуковае званне прысвойваецца ўжо пасля пэўнага часу працы на адпаведнай пасадзе і пры выкананні шэрагу іншых неабходных (збольшага фармальных) умоў. Напрыклад, кандыдат навук, які адпрацаваў мінімум 1 навучальны год на пасадзе дацэнта кафедры з нагрузкай мінімум 0,25 стаўкі, мае як мінімум 3 артыкулы ў навуковых часопісах са спіску ВАК па адпаведнай спецыяльнасці, правёў на высокім узроўні адкрытую лекцыю і выканаў яшчэ шэраг фармальных умоў, можа звяртацца да кіраўніцтва ВНУ з хадайніцтвам аб прадстаўленні яго да навуковага звання дацэнта па абранай спецыяльнасці ў межах адпаведнай галіны навук.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- (рус.) Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь Архівавана 31 студзеня 2019.