Народны фронт Латвіі
Народны фронт Латвіі, скарочана Народны фронт альбо НФЛ (лат.: Latvijas Tautas fronte, LTF) — палітычны рух у Латвіі ў 1988—1993 гадах. Выступаў за аднаўленне незалежнасці Латвіі і рыначныя рэформы. Першы кіраўнік НФЛ — Дайніс Іванс, другі — Рамуальдас Ражукас, трэці — Улдзіс Аўгсткалнс.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя стварэння Народнага фронту была агучана на Пленуме творчых саюзаў Латвіі, які праходзіў у Рызе 1 і 2 чэрвеня 1988 года. Народны фронт Латвіі быў заснаваны 8 кастрычніка 1988 г. як усенародны рух у падтрымку Перабудовы на тэрыторыі Латвійскай ССР. Першапачаткова НФЛ займаў умераныя пазіцыі і дамагаўся шырокай аўтаноміі для Латвіі ў складзе рэфармаванага СССР і спачатку нават карыстаўся падтрымкай рускамоўнага насельніцтва. Пасля, Народны фронт вызначыў сваёй мэтай аддзяленне Латвіі ад СССР і паступова прыйшоў да ўлады ў 1989—1990 гады.
НФЛ выпускаў уласную газету — «Atmoda» (лат.: "Абуджэнне»), якая выходзіла на латышскай і рускай мовах. У першым нумары, які выйшаў 7 кастрычніка 1988, напярэдадні кангрэсу па стварэнні НФЛ, быў апублікаваны праект Статуту новага руху.
Народны фронт Латвіі супрацоўнічаў з Народным фронтам Эстоніі і літоўскім рухам «Саюдзіс». 23 Жніўня 1989 г. усе тры рухі ажыццявілі сумесную акцыю «Балтыйскі шлях», прымеркаваную да 50-й гадавіны Пакта Молатава-Рыбентропа. Ланцужок, створаны з людзей, што ўзяліся за рукі, працягнуўся праз тэрыторыю ўсёй Прыбалтыкі — ад вежы Доўгі Герман у Таліне да Вежы Гедзіміна ў Вільні. Першыя ў савецкай гісторыі свабодныя выбары дэлегатаў З'езда народных дэпутатаў СССР завяршыліся ў Латвіі пераканаўчай перамогай Народнага фронту. Дзякуючы намаганням народных франтоў камісіяй З'езду народных дэпутатаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Якаўлева быў прызнаны і асуджаны факт існавання сакрэтнага пратаколу да пакту Рыбентропа-Молатава.
На выбарах 1990 НФЛ і яго саюзнікі атрымалі ў Вярхоўным Савеце больш за 2/3 галасоў (138 месцаў з 201 месцы) — неабходную колькасць для ўнясення паправак у Канстытуцыю. 4 мая 1990 года першы закон, прыняты новым Вярхоўным Саветам, абвяшчаў аб намеры аднавіць незалежнасць. Старшыня НФЛ Дайніс Іванс быў абраны віцэ-спікерам, а яго намеснік Івар Годманіс быў абраны прэм'ер-міністрам. Многія іншыя члены НФЛ занялі ключавыя пасады ва ўрадзе. Галоўная палітычная мэта Народнага фронту, незалежнасць Латвіі, была дасягнута ў жніўні 1991 года, і НФЛ стаў першым рэфарматарам сацыялістычнай эканомікі Латвіі ў свабодную рыначнаю сістэму. Перыяд эканамічных рэформ быў вельмі хваравітым і кіраўніцтва Народнага фронту імкліва губляла папулярнасць у выбаршчыкаў. Многія дзеячы НФЛ перайшлі ў новыя палітычныя партыі.
Заканчэнне дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]На выбарах у Сойм Латвіі ў чэрвені 1993 года Народны фронт атрымаў толькі 2,62% галасоў выбаршчыкаў і не пераадолеў электаральны бар'ер. НФЛ быў рэарганізаваны ў хрысціянска-дэмакратычную партыю, якая атрымала назву Хрысціянская народная партыя Латвіі (лат.: Kristīgā Tautas partija), але гэта не прынесла поспеху. У канчатковым рахунку Хрысціянская народная партыя злілася з Хрысціянска-дэмакратычным саюзам (лат.: Kristīgi demokratiskā savienība). Многія з былых актывістаў Народнага фронту Латвіі дасюль займаюць значныя пазіцыі ў сучаснай латвійскай палітыцы.
У Рызе, па адрасе Vecpilsetas 13/15, адкрыты Музей Народнага фронту Латвіі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Latvian History Архівавана 20 лютага 2014.