Перайсці да зместу

Парламенцкія выбары ў Іспаніі (1936)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Парламенцкія выбары ў Іспаніі (1936)
16 і 23 лютага 1936
Яўка: 72,95 %
Кандыдат: Індалесіа Прыета Хасэ Марыя Хіль-Роблес Мануэль Асанья
Партыя: Іспанская сацыялістычная рабочая партыя Іспанская канфедэрацыя аўтаномных правых Рэспубліканская левая
Мінулы вынік: 59 115 14
Месцаў атрымана: 99 (40) 88 (27) 87 (73)

Размеркаванне галасоў па тэрыторыях

Вынік выбараў: Па выніках выбараў перамогу атрымала шырокая кааліцыя леварэспубліканскіх сіл Народны фронт, у якую ў тым ліку ўваходзілі ІСРП і Рэспубліканская левая

Выбары ў II Картэсы Рэспублікі (ісп.: Cortes Generales) 1936 года ў Іспаніі адбыліся 16 (першы тур) і 23 лютага (другі тур), сталі трэцімі і апошнімі парламенцкімі выбарамі ў перыяд Другой Рэспублікі. У цэлым вынікі выбараў прынята лічыць справядлівымі, хоць мелі месца абмежаваныя выпадкі фальсіфікацыі. Яўка на выбары склала 9 792 700 выбаршчыкаў (72,95 %).

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Паражэнне левых на выбарах 1933 года прывяло да заканчэння «рэфармісцкага двухгоддзя» (1931—1933). Наступныя два гады, падчас якіх кіравалі правацэнтрысцкія кабінеты, увайшлі ў гісторыю краіны як «кансерватыўнае двухгоддзе» (1933—1935). Пачынаючы з 16 снежня 1933 і па 25 верасня 1935 змянілася два кабінета, першы з якіх узначальваў Алехандра Лерус. Усе яны былі падтрыманы Хасэ Марыі Хіль-Роблесам, лідарам Іспанскай канфедэрацыі незалежных правых (CEDA), прадстаўнікі якой двойчы ўключаліся ў склад урада. Таксама ў кабінеты радыкалаў уваходзілі міністры ад правых лібералаў, аграрыеў, галісійскіх аўтанамістаў і ліберальных дэмакратаў.

25 верасня 1935 года Лерус сфармаваў новы кабінет, у які ўключыў адразу траіх прадстаўнікоў правых.[1] Уваходжанне ва ўрад членаў CEDA справакавала масавыя выступы левых рэспубліканцаў, незадаволеных «кансерватыўным паваротам». Найбольш значнай акцыяй стала агульнаіспанская масавая забастоўка, якая ўвайшла ў гісторыю як рэвалюцыя 1934 года. Уладам у выніку ўдалося падавіць масавыя пратэсты. Паўстанне было задушана войскамі пад камандаваннем генерала Франсіска Франка.

У красавіку 1935 года правыя ініцыявалі падзенне кабінета і два месяцы ва ўладзе быў урад меншасці, складзены з радыкалаў і правых лібералаў. 6 мая Лерус сфармаваў новы кабінет, у які ўвайшлі ўжо пяць членаў CEDA, у тым ліку і сам Роблес.[2] Пачынаючы з выбараў 1933 года, у выніку дзейнасці правацэнтрысцкіх урадаў заработная плата сельскагаспадарчых рабочых упала ўдвая, армія была рэфармавана, практычна цалкам ачысціўшыся ад рэспубліканцаў, у той час як афіцэры лаяльныя Роблесу атрымлівалі павышэнне.[3] Аднак нават пасля ўваходжання CEDA ва ўрад, правым не ўдалося дамагчыся ўнясення паправак у Канстытуцыю.[2]

Тым часам, у 1935 годзе Мануэль Асанья Дыяс, які ўзначальваў урад у перыяд «рэфармісцкага двухгоддзя» і Індалесіа Прыета, лідар умеранага крыла сацыялістаў, пачынаюць аб’ядноўваць левыя сілы з мэтай стварэння шырокай леварэспубліканскай кааліцыі (Народны фронт).[4]

Канец «кансерватыўнаму двухгоддзю» быў пакладзены восенню 1935 года, калі высветлілася, што ўлады, насуперак забароне азартных гульняў у рулетку, дазволілі адкрыць казіно з рулеткай. Узамен лідары радыкалаў, у тым ліку і Алехандра Лерус, атрымлівалі частку прыбытку. У выніку, Лерусу прыйшлося падаць у адстаўку. Быў сфармаваны кабінет на чале з беспартыйным Хаакінам Чапапрыета.

У лістападзе 1935 года, ужо пасля сыходу ў адстаўку Леруса разгарэўся яшчэ адзін карупцыйны скандал. Шэраг лідараў радыкалаў, у першую чаргу намеснік прэм’ер-міністра Марэна Кальва, былі абвінавачаны ў махлярстве пры выплаце кампенсацый Compañía de África Occidental. Чарговы кабінет, які стварылі пасля здарэння, таксама апынуўся правацэнтрысцкім і не атрымаў неабходную падтрымку парламента[5]. Прынята рашэнне аб роспуску парламента і прызначэнні датэрміновых выбараў.[4][1]

Выбары і вынікі

[правіць | правіць зыходнік]

Як і на выбарах 1933 года Іспанія была падзелена на шматмандатныя выбарчыя акругі; напрыклад, у Мадрыд абіраліся 17 дэпутатаў. Кожны выбаршчык мог прагаласаваць за некалькі кандыдатаў, напрыклад, у выпадку Мадрыда, за 13 чалавек. Гэта спрыяла шырокім кааліцыям, у прыватнасці, у Мадрыдзе Народны фронт, набраўшы 54,64 % галасоў, выйграў 13 мандатаў, а кааліцыя правых і радыкалаў, атрымаўшы 45,36 % галасоў, заваявала толькі 4.[6]

16 і 23 лютага былі абраны 473 дэпутаты аднапалатнага іспанскага парламента, з іх чатыры жанчыны: Анхелес Хіль (CEDA), Маргарыта Нелькен (ІСРП), Далорэс Ібаруры (КПІ) і Вікторыя Кент (Рэспубліканская левая).

Выбары завяршыліся пераважнай перамогай левых сіл. Левыя рэспубліканцы, марксісты і левыя нацыяналісты змаглі атрымаць у агульнай складанасці 278 месцаў у Картэсах (58,77 % ), павялічыўшы сваё прадстаўніцтва ў парламенце ў 2,78 разы. Правыя, у тым ліку манархісты і традыцыяналісты, змаглі заваяваць толькі 128 месцаў, амаль на траціну менш чым у 1933 годзе. Панеслі страты і іх саюзнікі, рэспубліканцы цэнтра і правага крыла (страцілі амаль 3/4 сваіх мандатаў).

У адрозненне ад папярэдніх выбараў 1933 года левыя сілы змаглі аб’яднацца, утварыўшы шырокую кааліцыю леварэспубліканскіх сіл. Хоць аб’яднаным левым па галасах выбаршчыкаў атрымалася толькі ненашмат апярэдзіць сваіх правых апанентаў, у той жа час перавага Народнага Фронту над Саюзам правых па колькасці парламенцкіх мандатаў аказалася пераважнай, дазволіўшы левым вярнуцца да ўлады і сфармаваць свой урад. Новым кіраўніком Савета Міністраў стаў Мануэль Асанья, які ўзначальваў кабінет у перыяд так званага «рэфармісцкага двухгоддзя» (1931—1933).

Вынікі выбараў 1936 года сталі адной з галоўных прычын путчу 17-18 ліпеня таго ж 1936 года, якіх хоць і не прывёў да звяржэння ўрада Народнага фронту, але паслужыў пачаткам грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Канфлікт завяршыўся падзеннем Другой Рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Франка.

  • Stanley G. Payne. The collapse of the Spanish Republic, 1933-1936: Origins of the Civil War. — Yale University Press, 2006. — 432 с. — ISBN 0-300-11065-0. (англ.)
  • Antony Beevor. The Battle for Spain: The Spanish Civil War 1936—1939. — Weidenfield and Nicolson, 2006. — 560 с. — ISBN 0-297-84832-1. (англ.)
  • Juliàn Casanova. The Spanish Republic and Civil War. — Cambridge University Press, 2010. — 372 с. — ISBN 978-0-521-73780-7. (англ.)
  • Gerald Brenan. The Spanish Labyrinth: an account of the social and political background of the Spanish Civil War. — Cambridge University Press, 1950. — 414 с. — ISBN 0-521-04314-X. (англ.)
  • Paul Preston. The Spanish Civil War: Reaction, revolution and revenge. — HarperCollins, 2006. — 432 с. — ISBN 0-00-723207-1. (англ.)
  • Hugh Thomas. The Spanish Civil War. — Eyre and Spottiswoode, 1961. — 1136 с. (англ.)
  • Mercedes Vilanova. "Las elecciones republicanas de 1931 a 1936, preludio de una guerra y un exilo". Historia, Antropologia y Fuentes Orales (2006) Issue 35, pp. 65–81. (ісп.)
  • Roberto Villa García. "The Failure of Electoral Modernization: The Elections of May 1936 in Granada". Journal of Contemporary History (2009) 44#3 pp. 401–429 in JSTOR Архивная копия от 10 февраля 2017 на Wayback Machine (англ.)
  • Paul H. Ehinger. "Die Wahlen in Spanien von 1936 und der Bürgerkrieg von 1936 bis 1939. Ein Literaturbericht". ['The 1936 elections in Spain and the civil war of 1936-39: a bibliographical essay'] Schweizerische Zeitschrift für Geschichte (1975) 25#3 pp. 284–330. (ням.)
  • Elecciones a II Cortes de la República 16 de febrero de 1936 (исп.). Historia electoral.com. Дата обращения: 25 мая 2016. Архивировано 26 марта 2021 года.
  • Archivo Histórico de Diputados (1810 - 1977). Documentary Services / Archive / Historic summary of Members of the Congress (1810-1977) (исп.). congreso.es. Дата обращения: 26 апреля 2016. Архивировано 22 сентября 2013 года.
  • II República Española (1931 - 1936) (исп.). Manuel Sabalete Urbano. Дата обращения: 26 апреля 2016. Архивировано 20 апреля 2016 года.