Платон Мікалаевіч Жуковіч
Платон Жуковіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 верасня (8 кастрычніка) 1857[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 снежня 1919 (62 гады) ці 13 лістапада 1919[1] (62 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Q6516743? |
Род дзейнасці | гісторык |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | магістр багаслоўя[d] |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Міхаіл Каяловіч |
Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (26 верасня 1857, Пружаны, Расійская імперыя — 12 снежня 1919, Петраград, РСФСР) — расійскі і беларускі вучоны-гісторык, архівіст, педагог, царкоўны і грамадскі дзеяч[2]. Прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук (1918).
Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных даследчыкаў міжканфесыйных адносін у Рэчы Паспалітай, даследаваў палітыку Расіі на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаяў на пазіцыях афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі. Пісаў свае даследаванні ў «заходнерускім духу»[3], сцвярджаў, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расійскага цара.
Разам з тым, паводле сучасных ацэнак ён быў адным з нешматлікіх даследчыкаў царкоўнай гісторыі ХІХ стагоддзя, які імкнуўся да пазаканфесійнай аб'ектыўнасці ў сваіх працах[4].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Бацька, Мікалай Міхайлавіч Жуковіч (28.12.1826 (10.1.1827) — 29.7.1908), праваслаўны святар. Нарадзіўся ў мястэчку Дзівін Кобрынскага павета (цяпер у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў 1849 годзе, рукапакладзены ў сан дыякана. 28 лістапада 1849 года хіратанізаваны ў сан іерэя царквы Нараджэння Хрыстовага ў Пружанах. Неўзабаве пасля пабудовы сабора Аляксандра Неўскага ў сане мітрафорнага протаіерэя стаў яго настаяцелем. Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасня 1857 у горадзе Пружаны Гродзенскай губерні. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, скончыўшы яго ў 1871 годзе адным з трох лепшых вучняў. Пасля паступіў у Літоўскую семінарыю. Па яе сканчэнні ў 1877 годзе працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні, якое ўзначальваў Міхаіл Каяловіч, выхадзец з Беларусі і адзін са стваральнікаў ідэалогіі заходнерусізму[5]. Платон Жуковіч з’яўляўся адным з лепшых студэнтаў, пра што сведчаць не толькі адзнакі, але і ўспаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозій і Польская царква яго часу», якая пасля перарасла ў кандыдацкую дысертацыю, абароненую ў 1881 годзе. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленні.
Пасля сканчэння вучобы быў размеркаваны на абавязковае выкладанне (паўтара гады за кожны рок навучання) ў Полацкае духоўнае вучылішча. Выкладаў геаграфію і арыфметыку, адначасна працягваючы навуковыя даследаванні. У 1882 апублікаваў манаграфію "Кардинал Гозий и польская церковь его времени", а 16 студзеня 1883 паспяхова абараніў дысертацыю, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя. Быў запрошаны ў кола аўтараў "Энцыклапедычнага слоўніка" Бракгаўза і Эфрона для публікацыі артыкула "Гозий (Станислав)"[6].
Пасля гэтага ён атрымаў прапанову заняць кафедру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 года на загад Свяшчэннага Сінода ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 годзе стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай семінарыі.
Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся даследаваннямі каталіцкай духоўнай адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыццё Літвы і Беларусі. Ён меў доступ да рэдкіх дакументаў, у выніку чаго яго працы мелі надзвычайную вартасць. Працяглы час займаючыся вывучэннем каталіцкай адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранай з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для цэльнасці расійскай дзяржавы.
У жніўні 1891, па смерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на вакантную пасаду загадчыка кафедры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафесар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніў дысертацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.» (апублікавана як манаграфія ў 1897). У 1911 у сувязі з выслугай 30-гадовага тэрміну перадаў кафедру грамадзянскай гісторыі свайму вучню Д. Зіньчуку, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі.
З’яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным членам Камісіі для разбору і парадкавання архіву Свяшчэннага Сінода, Імператарскага рускага гістарычнага таварыства, Імператарскага маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II і Рускага бібліялагічнага таварыства.
З 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі XIX ст. Лічыў важным публікаваць крыніцы, якія б дазвалялі вывучаць і тлумачыць палітыку Расійскай дзяржавы на былых землях ВКЛ.
У 1915 годзе камандзіраваны ў Галіцыю, занятую расійскімі войскамі, для распрацоўкі пытання магчымасці аб'яднання мясцовых грэка-каталікоў з Рускай праваслаўнай царквой[6].
У 1917 годзе браў удзел у працы Усерасійскага царкоўнага сабору[7]. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленне акадэміка Івана Пальмава быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.
Памёр у 1919 годзе, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 годзе набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выдання гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы да біяграфій асобных дзеячаў царкоўнай гісторыі і асветы, навучальных духоўных устаноў Беларусі, апісанне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнай творчасці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павел Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандр Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандр Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[8].
Сачыненні
[правіць | правіць зыходнік]- Кардинал Гозий и польская церковь его времени (СПб., 1882, магистерская диссертация);
- Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.) (СПб., 1887);
- О профессорах богословского факультета Виленского ўниверситета в настоящем столетии (СПб., 1888);
- Русская гражданская история (СПб., 1895);
- О русском землевладении в Северо-Западном крае со времён присоединения его к России (СПб., 1895);
- Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.) (СПб., 1897);
- Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией (СПб., 1901, докторская диссертация);
- Из лекций русской гражданской истории, читанных студентам 1-га и 2-га курсов в 1900—1909 гг. (СПб., 1901);
- Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией с 1609 (вып. I, 1609—1614 гг.; ib., 1903, вып. II, 1615—1619 гг.; ib., 1904).
- Брестский собор 1591 г. По новооткрытой грамоте, содержащей деяния его (СПб, 1907);
- О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича (СПб, 1910);
- Россия под скипетром Романовых: Очерки из рус. истории за время 1613 по 1913 г. (СПб., 1912 [ред.]);
- Смутное время и воцарение Романовых (СПб., 1913).
Зноскі
- ↑ а б в Сотрудники Российской национальной библиотеки
- ↑ Жуковіч Платон Міхайлавіч. Беларусь у асобах і падзеях. Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
- ↑ Марозава С.В. Заходнеруская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года // Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі. — Гродна: ГрДУ, 2002. — С. 32—33. — ISBN 985-417-271-6.
- ↑ Васюк Г., Ирха Е. Генезис Брестской церковной унии в оценке П.Н. Жуковича // Государства Центральной и Восточной Европы в исторической перспективе: сборник научных статей по материалам IV Международной научно-практической конференции, Пинск, 20 – 21 декабря 2019 г. / Министерство образования Республики Беларусь [и др.]; редкол.: К.К. Шебеко [и др.]. – Пинск : ПолесГУ, 2019. – Вып. 4. – C. 257-262.
- ↑ 26 верасня 2017 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Платона Мікалаевіча Жуковіча (1857—1919), гісторыка, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук // Краязнаўства Берасцейшчыны
- ↑ а б Теплова Валентина. Платон Николаевич Жукович (1857-1919): историк, источниковед, общественный деятель // "Долгий ХIX век" в истории Беларуси и Восточной Европы. Ред. С. Шимукович. - Санкт-Петербург: Алетейя, 2022. С. 148-166.
- ↑ Алфавитный список Членов Собора Православной Российской Церкви 1917—1918 года.
- ↑ Сільнова Л.Д. Бібліятэка прафесара Платона Жуковіча ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі: [зборнік]. — Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2004. — В. 6. Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Жуковіч Платон Мікалаевіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 429—430.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 374.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- В. А. Теплова. Платон Николаевич Жукович (1857—1919 гг.). Становление историка. Архівавана 3 красавіка 2013. (руск.)
- Жыццяпіс на старонцы «Гісторыя ў асобах». Архівавана 30 жніўня 2007. (руск.)
- Нарадзіліся 8 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1857 годзе
- Нарадзіліся ў Пружанах
- Памерлі 13 снежня
- Памерлі ў 1919 годзе
- Памерлі 13 лістапада
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Выкладчыкі Віленскай духоўнай семінарыі
- Выкладчыкі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Нарадзіліся 26 верасня
- Памерлі 12 снежня
- Гісторыкі Расіі
- Гісторыкі Беларусі
- Заходнерусізм
- Члены-карэспандэнты Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
- Гісторыкі праваслаўнай царквы Беларусі