Перайсці да зместу

Праабшчына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Праабшчына або першабытны чалавечы статак — эпоха, этапная форма ў развіцці чалавечага грамадства і грамадскіх адносін.

Крыніца ведаў па гэтай эпохе -- гістарычная рэканструкцыі па аснове ўскосных даных — звестках пра сучаснае статкавае жыццё малп, фактах археалогіі і антрапалогіі, а таксама некаторых фактах этналогіі, якія можна разглядаць як перажыткі дасапіентнага стану чалавецтва. Натуральна ўсе высновы зробленыя на аснове гэтых даных хоць і дазваляюць скласці агульнае ўяўленне пра жыццё таго часу, але яно толькі гіпатэтычнае і пакідае прастору для розных лагічных здагадак і цёмных месцаў, навуковых спрэчак.

Пра назву гэтай эпохі ідуць спрэчкі. Некаторыя навукоўцы лічаць што назва першабытны чалавечы статак супярэчлівая, бо змяшчае ў сабе статкавы характар адносін у чалавечым калектыве і такім чынам спрашчае разуменне развіцця грамадскіх адносін да ўзроўню біялагічных працэсаў. Але менавіта такая назва найбольш трапна перадае супярэчныя ўласцівасці адносін старажытнейшых людзей — пераходных між статкам жывёл і чалавечым грамадствам, і такім чынам добра адлюстроўвае характар эпохі. Назву праабшчына ўжываюць у асноўным з прычыны яе кароткасці.

Узнікненне чалавечага грамадства

[правіць | правіць зыходнік]

З'яўленне праабшчыны імаверна супадае з вылучэннем чалавека з жывёльнага свету, што паводле працоўнай тэорыі непарыўна звязана з мэтавай працоўнай дзейнасцю і як наступства са змяненнем стаўлення чалавека да прыроды і членаў першапачатковага дачалавечага калектыву (заалагічнага аб'яднання продкаў чалавека). Такім чынам, дапушчальна лічыць, што пачатак гэтае эпохі супадае са з'яўленнем асэнсавана вырабленых прылад працы і іх ужываннем. Канцом эпохі лічаць пераход ад праабшчыны да абшчыннага ладу, што адбылося па розных ацэнках паміж раннім і познім палеалітам. Натуральна, што ў гэту эпоху развіваўся выраб каменных прылад працы, фізічны тып чалавека. Адпаведна праабшчына развівалася і не была ўвесь гэты час аднолькавай. Таму часта адрозніваюць раннюю праабшчыну найстаражытнейшых людзей і больш развітую праабшчыну неандэртальцаў (першабытную абшчыну), але гэтая і падобныя класіфікацыі няўстойлівыя.

Сама праабшчына -- невялікая група людзей — 20—30 дарослых. Большая група не магла пракарміць сябе з прычыны слабай тэхнічнай узброенасці — збіральніцтва давала адносна мала ежы, прытым нізкакаларыйнай, а паляванне на буйных жывёл было вельмі цяжкай справай, што звычайна не абыходзілася без ахвяр сярод паляўнічых. Пры спрыяльных умовах некалькі праабшчын імаверна маглі аб'яднацца ў адну буйную, але такое аб'яднанне магло быць выключна выпадковай з'явай. Зыходзячы з археалагічных знаходак XX ст. жыццё праабшчыны не было шэрагам рознакірункавых вандровак збіральнікаў і паляўнічых з месца на месца, а было аселым на працягу некалькіх і нават многіх пакаленняў. Пад жытло выбіралі прыдатныя пячоры або скальныя павеці. Вядома, аселасці не магло быць без развіцця палявання, бо рэсурсы збіральніцтва ў вузкім наваколлі значна меншыя за рэсурсы паляўніцтва пры багацці чацвярцічнай фаўны.

Роля палявання ў развіцці праабшчыны

[правіць | правіць зыходнік]

Нельга казаць каб паляўніцтва было пераважаючай галіной гаспадаркі, бо збіральніцтва і паляванне ў аднолькавай ступені былі асновай жыцця праабшчыны — пры беднасці прадукту ад кожнага з іх, толькі разам яны маглі забяспечыць неабходны праабшчыне мінімум ежы. Праўда суадносіны збіральніцтва маглі вагацца ў залежнасці ад сезонаў геаграфічных і кліматычных умоў. Але менавіта паляванне шмат чым прадумовіла развіццё першабытных чалавечых калектываў.

З археалагічных раскопак стаянак вядома, што паляванне вялося не толькі на насякомых, земнаводных, паўзуноў і грызуноў, але і на буйных жывёл — дзікоў, антылопаў, горных казлоў, тапіраў, аленяў, коней, быкоў, гіпапатамаў і нават сланоў, а так сама і на драпежных звяроў — пячорных мядзведзяў ды львоў, чые мяса елася. Паляванне на буйных жывёл, асабліва статкавых, пры ўзбраенні тагачасных людзей, якім амаль немагчыма было забіць буйную жывёліну непасрэдна, цяжка ўявіць сабе без выкарыстання загоннага спосабу.

Верагодна жывёл палохалі шумам, агнём, камянямі і гналі да глыбокіх цяснін ці высокіх страмнінаў — як сведчыць размяшчэнне стойбішчаў каля такіх прыродных аб'ектаў, адкуль жывёлы падалі і разбіваліся і людзям заставалася і толькі дабіць. Відавочна, што паляванне на буйных жывёл вымагала лепшай арганізацыі праабшчыны, прымушаючы яе членаў працаваць разам і атрымліваць плён ад калектывізму. Верагодней за ўсё яны самі не разумелі гэтага плёну, а ён уздзейнічаў на развіццё калектывізму праз натуральны адбор, бо паляванне на буйных жывёл давала аднамомантна значна больш ежы, прытым высокакаларыйнай, чым паляванне, напрыклад на грызуноў, і збіральніцтва, што падвышала жыццяздольнасць тых першабытных людзей, якія займаліся паляваннем на буйных жывёл, т.б. адпаведна тых у чыіх праабшчынах калектывізм быў больш развіты.

Далейшае развіццё калектывізму

[правіць | правіць зыходнік]

Палавыя адносіны ў праабшчыне

[правіць | правіць зыходнік]

Палавыя адносіны былі адным з асноўных напрамкаў барацьбы паміж біялагічным і сацыяльным пачаткам у праабшчыне, бо менавіта ў гэтай галіне адносін жывёльныя інстынкты былі значна моцнымі — таму менавіта палавыя адносіны цярпелі ад праабшчыны значны ціск, бо як пісалася вышэй існаванне праабшчыны залежала ад калектывізму, а нерэгламентаванасць палавых адносін моцна замінала мацаванню калектыву. Невядома, якая была пачатковая форма палавых адносін у праабшчыне, якую яна атрымала ў спадчыну ад заалагічнага аб'яднання продкаў чалавека. Верагодная паралель з узаемадносінамі сучасных прыматаў, якіх ў апошнія дзесяцігоддзі істотна лепей вывучылі. Праўда, такая паралель не можа быць цалкам поўнай. Адны віды сучасных малпаў, такія яе шымпанзэ і гарыла, жывуць парнымі сем'ямі, іншыя — г.зв. гарэмнымі сем'ямі, якія складаюцца з аднаго ці некалькіх дзясяткаў малпаў на чале з буйным моцным самцом. Апроч важака ў гарэмную сям'ю ўваходзяць маладыя самцы, але яны звычайна не ўдзельнічаюць ў рэпрадукцыі, бо не вытрымліваюць канкурэнцыі з важаком. Калі некалькі гарэмных сем'яў аб'ядноўваюцца ў статак, кожная з іх захоўвае адасобленасць, што, праўда, не выключае боек за самак.

Такім чынам, можна меркаваць, што на пачатковым этапе праабшчыны ў ёй маглі існаваць падобныя тыпы палавых адносінаў, але любая з гэтых формаў сям'і была антаганістычная статкавай суполцы. Частка вучоных лічыць, што ўжо на раннім этапе праабшчыны сем'і зніклі і ўсталявалася ўзаемная цярпімасць дарослых самцоў, т.б. усталяваліся нерэгламентаваныя палавыя адносіны — праміскуітэт. Прыхільнікі гэтай гіпотэзы засноўваюцца на тым, што па этналагічных дадзеных у сучасных адсталых плямёнаў захаваліся оргіястычныя святы праміскуітэтнага характару, якія нібыта з'яўляюцца перажыткам першапачатковай свабоды ў адносінах паміж паламі. Аднак існуе іншая гіпотэза, якая за апошнім часам збірае ўсё больш прыхільнікаў. Паводле яе праабшчына спадкавала ад заалагічнага аб'яднання продкаў чалавека і моцна трымалася гарэмнай формы сям'і з уласцівай ёй рэгламентацыяй. Пры гэтым праабшчына складалася з некалькіх гарэмных сем'яў, якія час ад часу перагрупоўваліся з прычыны смерці важакоў, буйных сварак за жанчын і інш. Усё ж такі пакуль няма дастатковых вестак, каб канчаткова высветліць гэтае пытанне. Аднак відавочна, што канфлікты не маглі не прымусіць праабшчыну да развіцця больш жорсткай рэгламентацыі праз выжыванне меней канфліктных суполак, але як ішоў працэс гэтай рэгламентацыі вучоным пакуль не вядома.

Узнікненне мыслення і мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне мыслення і мовы з'яўляецца ці не складанейшай праблемай ў гісторыі першабытнага грамадства, бо практычна ўся інфармацыя на гэты конт мае ўскосны характар. Першыя трактоўкі праблемы з'явіліся ў 2-ой палове 19 ст. Ужо тады, ці троху пазней — лінгвісты прыйшлі да гэтай высновы праз 20-30 гадоў, навукоўцы падкрэслівалі непарыўнасць чалавечага мыслення і яго знешняга праяўлення з дапамогай мовы, бо без мовы не можа існаваць мысленне, а мова не можа існаваць без мыслення. Гэта было важнае асэнсаванне, але яно нічога не казала пра канкрэтныя формы мовы, якія меліся ў найстаражытнейшых гамінід і як яны развіваліся з поступам першабытнага грамадства да з'яўлення чалавека сучаснага тыпу.

У сярэдзіне 20 ст. была прапанаваная тэорыя кінетычнай мовы — мовы жэстаў, нібыта ўласцівай для старажытнейшага чалавека і папярэдняй гукавой мове. Прыхільнікі гэтай тэорыі цвердзілі, што гукавая мова не магла ўзнікнуць так хутка, каб забяспечыць патрэбы першабытных калектываў, якія развіваліся. Гэтая тэорыя была раскрытыкаваная і прызнаная ненавуковай, хаця мела пад сабой шэраг пацвярджэнняў, у тым ліку этнаграфічныя дадзеныя з сучасных першабытных калектываў. Праўда апошнім часам гэтая тэорыя атрымала нібыта падмацаванне, пасля навучання некалькіх асобін шымпанзэ мове глуханямых. Усе спробы навучыць шымпанзэ гукавой мове скончыліся няўдала, бо, як пазней высветлілася, іх галасавы апарат быў анатамічна да гэтага непрыдатны, але ў мове глуханямых шымпанзэ былі здольнымі вучнямі і за 1—1,5 гады авалодалі каля 150 словамі. Таксама было назірана, што авалоданне мовай жэстаў прывяло да змен у паводзінах шымпанзэ, яны адчужджаліся ад асобін якія не валодалі мовай жэстаў і цягнуліся да людзей з якія маглі камунікаваць гэтай мовай, таксама гэтыя шымпанзэ вучылі мове жэстаў сваіх шымпанзенятаў.

Не гледзячы на гэтыя вынікі, тэорыя кінетычнай мовы ўсё адно малаверагодная, бо ў мовы жэстаў ёсць буйныя арганічныя недахопы — мова жэстаў не дыстанцыйная і не прыдатная для выкарыстання ў цемнаце. А гэтая якасці вельмі неабходныя для палявання загоннага тыпу, якім і карысталіся першабытныя людзі і які быў рухавіком калектывізацыі і сапіенсізацыі. Да таго ж, усе сучасныя гамініды — вакалізаваныя жывёлы і вымаўленне імі гукаў натуральна. Гэта хоць і ўскосныя, але поўнавартасныя доказы, што камунікацыя перш за ўсё ішла праз гук, хаця магчыма і дапаўнялася жэстамі, бо больш багатыя магчымасці гуку не маглі не праявіцца вызначальным для эвалюцыі чынам.

Аднак дакладна невядома з якой групы гукаў гэтай вакалізацыі ўзнікла мова. Ёсць дзве асноўныя групы гукаў. Першая — звычайныя гукі, якія выражаюць пагрозу, раз'ятранасць, страх і г.д. — такіх гукаў у сучасных малпаў налічваецца ад 20 да 30 у залежнасці ад віду. Другая — так званыя жыццёвыя шумы, якія малпы выдаюць увесь час, але гэтыя гукі звязаныя больш з эмацыйным станам асобіны, напрыклад з задавальненнем ад ежы і інш., і не маюць сэнсавай нагрузкі, магчыма апроч той, што выдаючы па чарзе гэтыя гукі малпы чуюць адзін другога і адчуваюць сябе ў бяспецы.

Спачатку лічылася, што мова ўзнікла з другой групы гукаў, але даследаванні гэтага пытання не прынеслі пацверджання гэтай гіпотэзы, выявілася што верагодней мова пайшла ад гукаў першай групы, якія мелі сэнсавую нагрузку, праз яе паступовае развіццё і пашырэнне.

Працэс паступовага пашырэння і развіцця мовы быў звязаны не толькі з неабходнасцю абслугоўвання калектыўных адносін, але і з узнікненнем і развіццём мыслення, якое ў сваю чаргу было звязана з развіццём калектыўных адносін і мовы. Цяжка сказаць якім шляхам развівалася мова супольна з мысленнем — ёсць толькі здагадкі. Лінгвісты лічаць, што дзеянні былі першыя асэнсаваныя людзьмі і таму мова развівалася праз дзеяслоўную намінацыю гукаў. Тым часам, відавочна, што назвы аб'ектаў былі не меней важныя для людзей чым назвы дзеянняў.

Такім чынам, іменная намінацыя мусіла хоць у нейкіх абмежаваных памерах суіснаваць з дзеяслоўнай на пачатковым этапе развіцця мыслення—мовы. Склад першаснай лексікі цяжка ўзнавіць — напэўна гэта былі назвы ядомых раслін, жывёл і іх частак, прылад працы, бліжэйшых ступеняў сваяцтва і асноўных дзеянняў. Таксама зразумела, што выкарыстанне гэтых назваў, прынамсі, без указання напрамку дзеянняў не магло быць эфектыўным, таму ў хуткім часе мусілі ўзнікнуць службовыя словы. Апублікавана шмат прац з развагамі пра этапы развіцця мыслення—мовы, але ўсе яны вельмі гіпатэтычныя, што і не можа быць іначай з-за натуральнага браку дадзеных. Вядома, мова вельмі ўзбагацілася са з'яўленнем у людзей ідэалагічных уяўленняў, што адбылося ў мусцьерскую эпоху, а да з'яўлення чалавека сучаснага тыпу мова дасягнула амаль сучаснага ўзроўню развіцця.

Узнікненне ідэялагічных уяўленняў

[правіць | правіць зыходнік]
  • Алексеев В.П., Першиц А.И. История первобытного общества. М., 1999; М., 2001.