Перайсці да зместу

Пратэсты ў Іране (2022)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пратэсты ў Тэгеране, 20 верасня.

Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 18 верасня 2022 года пасля гібелі праваабаронцы і змагаркі за правы жанчын Махсы Аміні.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Іран узмацняў рэпрэсіі супраць нязгодных з кансерватыўным рэжымам, у тым ліку змагарамі за правы жанчын. Узмацняюцца і рэпрэсіі супраць саміх жанчын, у тым ліку тых, якія не маюць дачынення да палітычнага актывізму. Напрыклад, выносяцца смяротныя пакаранні за шлюбную здраду або за самаабарону ў сітуацыі хатняга гвалту.

22-гадовая Махса Аміні з іранскага Курдыстана прыехала ў Тэгеран праведаць сваякоў. 13 верасня 2022 года яе затрымаў спецыяльны атрад паліцэйскіх, якія сочаць за выкананнем шарыяцкіх нормаў. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна замест хіджаба мела хустку. І з паліцэйскага пастарунка жывой яна ўжо не выйшла.

Паводле афіцыйнай версіі, Махса Аміні памерла ў пастарунку праз праблемы з сэрцам. Але, па звестках СМІ, дзяўчына памерла ў шпіталі. Туды яе даставілі з пастарунка моцна збітай, з пераламаным чэрапам, і яна знаходзілася ў стане комы. Пра яе смерць было аб’яўлена 16 верасня.

Ход пратэстаў

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пахавання да магілы Махсы Аміні ў горадзе Сагез у іранскім Курдыстане сталі прыходзіць незадаволеныя людзі. Калі ў натоўпе пачуліся крыкі «Далоў дыктатара!», па пратэстоўцах адкрылі агонь на паражэнне, забіўшы і параніўшы некалькі чалавек. Гэта прывяло да масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне.

Падчас пратэстаў жанчыны спальвалі хіджабы, зразалі валасы і дзяліліся гэтым у сацсетках. Людзі крычалі «Далоў дыктатара!» і «Жанчыны, свабода, жыццё!». Пратэстоўцы зрываюць партрэты рэлігійных лідараў з урадавых будынкаў, паляць хіджабы. У розных гарадах ідуць вулічныя баі. Паліцэйскія не даюць рады пратэстоўцам.

Да 23 верасня пратэсты ахапілі больш за пяцьдзясят гарадоў па ўсёй краіне. Да акцыі далучыліся студэнты ўніверсітэтаў і старшакласнікі.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолкер Цюрк заявіў, што падчас пратэстаў улады арыштавалі 14 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей. Іран прызнаў, што падчас пратэстаў загінулі каля 200 чалавек[1]. Праваабаронцы, якія адсочваюць рэпрэсіі, паведамлялі, што падчас пратэстаў было арыштавана больш за 19 700 чалавек. Па іх інфармацыі, як мінімум 530 чалавек былі забітыя ў выніку жорсткага задушэння дэманстрацый уладамі.

Прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі падчас сесіі парламента прызнаў «слабасці і недахопы» ў краіне, але, як і духоўны лідар аятала Алі Хаменеі, абвінаваціў у пратэстах вонкавыя сілы[2]. Пазней Ібрагім Раісі заявіў, што рэспубліканскія і ісламскія асновы краіны замацаваныя ў Канстытуцыі, аднак ёсць «гнуткія» спосабы іх рэалізацыі. Парламент і судовыя оргнаы Ірана пераглядаюць закон аб абавязковым нашэнні хіджаба для жанчын[3].

8 снежня ў Іране пакаралі смерцю першага ўдзельніка пратэстаў. 23-гадовага Махсена Шэкары павесілі. Рэвалюцыйны суд прызнаў яго вінаватым у «варожасці супраць Бога». Паводле абвінавачвання, 25 верасня актывіст блакаваў галоўную дарогу ў Тэгеране і параніў мачэтэ члена грамадзянскай міліцыі «Басідж».

У лютым 2023 года вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі распарадзіўся памілаваць дзясяткі тысяч зняволеных, у тым ліку частку арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў. Хаменеі абвясціў, што памілаваныя будуць тыя, каму не выстаўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, працы на замежныя спецслужбы, а таксама забойствах і пашкоджаннях дзяржмаёмасці. Падкрэслена, што вызваленне зняволеных прымеркаванае да гадавіны ісламскай рэвалюцыі. Таксама зняволеным, якія маюць права на памілаванне, загадалі напісаць «пакаянныя» лісты, у адваротным выпадку іх пакінуць пад вартай. 13 сакавіка кіраўнік судовай улады Галям Хасэйн Махсэні-Эджэі заявіў аб амніставанні 22 тысяч удзельнікаў пратэстаў, якія «не здзяйснялі крадзяжоў ці гвалтоўных злачынстваў»[4].

Зноскі