Перайсці да зместу

Піпініды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Піпініды (фр.: Pépinides, Pippinides, ад «Піпінаў») — франкская дынастыя.

Яе заснавальнікам лічыцца Арнульф Мецкі (пам. 641) — біскуп Меца.

Анзегізель Аўстразійскі (пам. паміж 657 і 679) — сын Арнульфа Мецкага — быў жанаты з Бегай Андэнскай — дачкой Піпіна I з роду Піпінідаў. Такім чынам, Піпін II (Герыстальскі, Малады, Сярэдні, Тоўсты), сын Анзегізеля, быў унукам Піпіна I і нашчадкам двух родаў — Арнульфінгаў і Піпінідаў.

У Піпіна II была каханая — Альпаіда, ад якой нарадзіліся двое пазашлюбных сыноў:

Піпін II меў і жонку — Плектруду, — якая нарадзіла яму двух сыноў:

Плектруда была мачахай Карла Мартэла і Хільдэбранда Франкскага. Плектруда не любіла Карла, таму што лічыла, што той можа захапіць прастол у яе ўнукаў, аднаго з якіх, Тэадаальда (Тэўдальда), яна асабліва любіла. Плектруда загадала сваім войскам у 714 годзе кінуць Карла ў вязніцу, адкуль ён праз год збег. Пазней Карл Мартэл разбіў яе войскі і заняў Кёльн.

Карл здзейсніў мноства ўдалых паходаў супраць іншых германцаў, перамог армію Арабскага халіфата ў бітве пры Пуацье (732), атрымаў ад Папы Рымскага Рыгора III сан рымскага патрыцыя (ахоўніка Рыма).

У 737 годзе памёр законны кароль франкаў Тэадорых IV (Тэадорык, Тэадорых, Цьеры) з роду Меравінгаў, які быў узведзены на прастол у 721 годзе ў сямігадовым узросце. Тэадорых належаў, як і многія іншыя франкскія каралі гэтага часу, да ліку «лянівых каралёў». Тады ўжо даўно азначылася тэндэнцыя, калі ад імя каралёў кіравалі энергічныя маярдомы-Піпініды. Не быў выключэннем і Карл Мартэл. А пасля смерці караля Папа Рыгор III увогуле прапанаваў Карлу стаць каралём. Карл адмовіўся, аднак стаў кіраваць самастойна, не выбіраючы новага караля, і быў адзінаўладным кіраўніком франкскай дзяржавы чатыры гады, да канца жыцця, тытулуючыся «герцагам і князем франкаў». Рыгор III звяртаўся да яго ў лістах як да «віцэ-караля» ці «амаль караля».

Памёр Карл Мартэл 21 кастрычніка 741 года. Пахаваны ў абацтве Сен-Дэні.

Сыны Карла Мартэла — маярдомы Карламан і Піпін Кароткі (Піпін III) — абвясцілі ў 743 годзе каралём Хільдэрыка III. Хільдэрык III не прымаў удзелу ў дзяржаўных справах. Тым часам у 747 годзе Карламан здзяйсняе паломніцтва ў Рым да Папы Захарыя, а затым сыходзіць у манастыр і Піпін III становіцца аднаасобным маярдомам.

У 751 годзе са згоды Папы Стэфана III, пераемніка Захарыя, Хільдэрык быў зрынуты і разам са сваім сынам Тэадорыхам пастрыжаны ў манахі. Яны былі адпраўлены ў манастыр Сен-Бертэн (паводле іншых звестак — Хільдэрык — у Сент-Амер, а Тэадорых — у Сен-Вандэміль). У 755 годзе Хільдэрык памёр і быў названым «фальшывым каралём». Такім чынам, Хільдэрык III быў апошнім каралём роду Меравінгаў.

З 751 года да сваёй смерці ў 768 годзе каралём франкаў быў Піпін Кароткі.

Пачынаючы з яго сына — Карла Вялікага род сталі называць Каралінгамі (ад «Карл»). Да 987 года Франкскае каралеўства (Імперыю Карла Вялікага, Францыю) узначальвала гэта дынастыя.