Раён (Германія)
Раён (ням.: Kreis, у Паўночным Рэйне — Вестфаліі і Шлезвіг-Гольштэйне) ці зямельны раён (ням.: Landkreis, ва ўсіх астатніх землях) у Германіі — адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, якая падзяляецца на абшчыны (ням.: Gemeinde). Раён мае органы мясцовага самакіравання. Вышэйшым органам заканадаўчай улады ў рамках гэтага раёна з'яўляецца мясцовы сход крайстаг (ням.: Kreistag).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку XIX стагоддзя Фрыдрых фон Штайн паспрабаваў увесці мадэль самакіравання і ў сельскіх рэгіёнах. Яго прапановы былі рэалізаваны толькі ў 80-х гадах, калі на раёны былі падзелены прускія правінцыі Вестфалія (1886) і Рэйнская правінцыя (1887).
Да пачатку першай сусветнай вайны на тэрыторыі Германіі было каля 1000 раёнаў. Іх максімальны памер вызначаўся такім чынам, каб глава раёна, дабіраючыся ў самы далёкі горад свайго раёна ў запрэжаным коньмі экіпажы, мог у той жа дзень вярнуцца, і пры гэтым яму заставалася досыць часу на выкананне сваіх службовых абавязкаў.