Рэйчэл Карсан
Рэйчэл Карсан | |
---|---|
Rachel Louise Carson | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 27 мая 1907[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 красавіка 1964[1][2][…] (56 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар |
|
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | марскі біёлаг, абаронца навакольнага асяроддзя, заолаг, эсэістка, аўтар, кансервацыяніст, пісьменніца-дакументалістка, пісьменніца, whistleblower |
Мова твораў | англійская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
rachelcarson.org (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рэйчэл Луіз Карсан (англ.: Rachel Louise Carson, 27 мая 1907 — 14 красавіка 1964) — амерыканская вучоная-біёлаг, дзяячка ў сферы аховы прыроды, пісьменніца. Працы Карсан, асабліва кніга «Маўклівая вясна», спрыялі развіццю экалагічных арганізацый у ЗША і іншых краінах.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Рэйчэл Карсан нарадзілася 27 мая 1907 года ў доме фермера каля гарадка Спрынгдэйл, штат Пенсільванія, ЗША. Бацька, Роберт Уордэн Карсан, быў прадаўцом страховак, маці Марыя Фрэйзер вяла хатнюю гаспадарку. З васьмі гадоў Карсан сама пачала пісаць апавяданні пра жывёл, а калі ёй было дзесяць, адно з апавяданняў было надрукавана ў часопісе St. Nicholas Magazine. Карсан вучылася ў невялікай школе ў Спрынгдэйле да дзясятага класа, затым у старэйшай школе ў суседнім горадзе Парнасус (Parnassus), якую скончыла ў 1925 годзе найлепшай з 45 вучняў свайго класа.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля школы Рэйчэл вучылася ў Пенсільванскім каледжы для жанчын (англ.: Pennsylvania College for Women). Спачатку яе спецыяльнасцю была англійская мова, але ў студзені 1928 года яна перайшла на біялагічнае аддзяленне. У 1928 годзе яна атрымала дазвол паступаць ва Універсітэт Джона Хопкінса ў Балтымары, але праз праблемы з фінансамі засталася вучыцца ў каледжы. Скончыла навучанне ў 1929 годзе з узнагародай (magna cum laude). Пасля летняй практыцы ў Марской біялагічнай лабараторыі ў штаце Масачусетс яна ў канцы 1929 года працягнула заняткі заалогіяй і генетыкай ва Універсітэце Джона Хопкінса.
У 1932 годзе абараніла дысертацыю па тэме эмбрыянальнага развіцця пранефроса ў рыб, і ў чэрвені стала магістрам біялогіі. Да яе ў Балтымар пераехала сям’я, бацькі і сястра з двума дзецьмі. Рэйчэл планавала працягваць даследванні і напісаць доктарскую дысертацыю, але праз фінансавыя праблемы на фоне Вялікай дэпрэсіі была вымушана пакінуць універсітэт і стаць настаўніцай.
Прыродаахоўная служба
[правіць | правіць зыходнік]У 1935 годзе памёр бацька Карсан, і сям’я апынулася ў беднасці. Па парадзе яе навуковай кіраўніцы Мэры Скот Скінкер (Mary Scott Skinker) Рэйчэл прынялі на працу ў Бюро рыбалоўства ЗША. Там яна стала дыктаркай штотыднёвай адукацыйнай радыёперадачы «Падводны раман» (Romance Under the Waters). Усяго выйшлі 52 перадачы па 7 хвілін, іх мэтай было папулярызаваць біялогію рыб і працу ў Бюро.
Начальнік Карсан быў задаволены поспехам радыёперадач, запісаных ёй, і папрасіў яе напісаць уступ для брашуры пра Бюро рыбалоўства, а затым вырашыў перавесці яе на поўную стаўку, як толькі з’явіцца магчымасць. Такая вакансія ў Бюро адкрылася ў 1936 годзе, але для яе трэба было здаць экзамен на пасаду дзяржаўнага служачага ЗША. Карсан яго здала лепш за астатніх кандыдатаў і стала малодшым марскім біёлагам Бюро рыбалоўства ЗША. На гэтай пасадзе Карсан займалася аналізам дадзеных палявых даследаванняў папуляцый рыб, а таксама напісаннем брашур і іншай публічнай літаратуры. На тую ж тэму, па выніках уласных даследаванняў і работ іншых марскіх біёлагаў, яна пісала артыкулы ў газету The Baltimore Sun і іншыя выданні.
У студзені 1937 года памерла старэйшая сястра Карсан, і Рэйчэл засталася адзінай раднёй для сваёй маці і двух пляменніц.
У ліпені 1937 годзе літаратурны часопіс Atlantic Monthly прыняў да публікацыі эсэ «Водны сусвет» (The World of Waters), якое Карсан першапачаткова пісала для сваёй першай брашуры, выдадзенай Бюро рыбалоўства; тады яе начальнік палічыў гэты твор занадта добрым для публікацыі ў такім фармаце. У Atlantic Monthly гэтае эсэ выйшла пад загалоўкам «У глыбі мора» (Undersea); у ім маляўніча апісвалася ўяўнае падарожжа па дне акіяна. Гэтая публікацыя стала паваротнай у пісьменніцкай кар’еры Карсан. Буйнае выдавецтва Simon & Schuster прапанавала ёй пашырыць часопісны артыкул да памераў кнігі і выдаць у іх. Так кніга «Пад марскім ветрам» (Under the Sea Wind) выйшла ў свет у 1941 годзе, атрымала цудоўныя водгукі, аднак прадавалася не вельмі добра.
У сярэдзіне 1945 года Карсан упершыню занялася даследаваннем хіміката ДДТ, які тады быў «рэвалюцыйна новым пестыцыдам» і яшчэ толькі праходзіў выпрабаванні на таксікалагічную і экалагічную бяспеку. У той час для Карсан ДДТ быў толькі адной з многіх тэм для напісання артыкулаў; рэдактары выдавецтва палічылі гэтую тэму не вельмі цікавай, і таму першыя публікацыі Карсан пра ДДТ выйшлі толькі ў 1962 годзе.
Літаратурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Першая кніга «Пад марскім ветрам» (Under the Sea-Wind), якая выйшла ў 1941 годзе, была амаль незаўважаная. Вядомай стала «Мора вакол нас» (1951), якая на працягу многіх тыдняў узначальвала спісе бестсэлераў.
У 1955 годзе быў гатовы трэці том яе марской трылогіі, «Грань мора» (The Edge of the Sea), які апавядаў пра жыццё прыбярэжных экасістэм, у прыватнасці на ўсходнім узбярэжжы ЗША.
Самая знакамітая кніга Рэйчэл Карсан «Маўклівая вясна» была ўпершыню выдадзена 27 верасня 1962 года выдавецтвам Houghton Mifflin. У кнізе падрабязна і даступна апісваецца шкоднае ўздзеянне пестыцыдаў на навакольнае асяроддзе. Рэйчэл Карсан была не адзіным і не першым даследчыкам, якія выказалі свае асцярогі з нагоды прымянення ДДТ і іншых пестыцыдаў. Аднак менавіта яе кніга, у якой спалучаліся навуковыя веды, даступнасць выкладу і паэтычнасць, стала найбольш папулярнай і спрыяла развіццю грамадскага руху ў абарону навакольнага асяроддзя. Прадмову да выдання 1994 года напісаў віцэ-прэзідэнт ЗША Альберт Гор. У 2012 годзе «Маўклівая вясна» была ўключана амерыканскім хімічным грамадствам у Спіс нацыянальных гістарычных хімічных славутасцяў (National Historic Chemical Landmarks) за яе важную ролю ў станаўленні сучаснага руху абароны навакольнага асяроддзя.
Зноскі
- ↑ а б Rachel Carson // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Rachel Louise Carson // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ http://beforeitsnews.com/environment/2012/09/rachel-carson-and-the-birth-of-modern-environmentalism-2449332.html
- ↑ http://msa.maryland.gov/msa/educ/exhibits/womenshall/html/carson.html
- ↑ Find a Grave — 1996. Праверана 17 красавіка 2023.
- ↑ а б NNDB — 2002.
- ↑ Blain V., Grundy I., Clements P. The Feminist Companion to Literature in English: Women Writers from the Middle Ages to the Present — 1990. — P. 182.
- ↑ Daâge V. C. Méconnue, Rachel Carson a fait plier les lobbies des pesticides — 2022. Праверана 28 верасня 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Carson, Rachel. Silent Spring. — Houghton Mifflin, 1962.
- Hynes, H. Patricia. The Recurring Silent Spring. — New York: Pergamon Press, 1989. — (Athene series). — ISBN 0-08-037117-5.
- Lear, Linda. Rachel Carson: Witness for Nature. — New York: Henry Holt, 1997. — ISBN 0-8050-3428-5.
- Lytle, Mark Hamilton. The Gentle Subversive: Rachel Carson, Silent Spring, and the Rise of the Environmental Movement (англ.). — New York: Oxford University Press, 2007. — ISBN 0-19-517246-9.
- Murphy, Priscilla Coit. What a Book Can Do: The Publication and Reception of Silent Spring. — Amherst: University of Massachusetts Press, 2005. — ISBN 978-1-55849-582-1.
- Нарадзіліся 27 мая
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Памерлі 14 красавіка
- Памерлі ў 1964 годзе
- Памерлі ў Сілвер-Спрынгу (Мэрыленд)
- Пахаваныя ў Мэрылендзе
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
- Узнагароджаныя Прэзідэнцкім медалём Свабоды
- Стыпендыяты Гугенхайма
- Узнагароджаныя медалём Калума
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Заолагі ЗША
- Эколагі
- Пісьменніцы ЗША XX стагоддзя