Святаполк Уладзіміравіч
Святаполк | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
аг.-усх.-слав.: Свѧтопо́лкъ | |||||||
| |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Уладзімір Святаславіч | ||||||
Пераемнік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
Пераемнік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
|
|||||||
Пераемнік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
Пераемнік | Яраслаў Уладзіміравіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | каля 979[1] | ||||||
Смерць |
24 ліпеня 1019[2][1] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Бацька | мерк. Яраполк Святаславіч | ||||||
Маці | Юлія[d] | ||||||
Жонка | Баляслаўна Святаполкава[d] | ||||||
Веравызнанне | славянскае язычніцтва і хрысціянства | ||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Святапо́лк, у хрышчэнні Пётр (аг.-усх.-слав.: Свѧтопо́лкъ; каля 979—1019) — князь тураўскі (988—1016, 1018—1019), вялікі князь кіеўскі (1015—1016, 1018—1019).
Праз спрэчнасць бацькоўства, даведкавай літаратурай даецца з рознымі імёнамі па бацьку — Уладзіміравіч або Яраполчыч[3][4], а таксама з абодвума[5].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Сын двух бацькоў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле «Аповесці мінулых часоў» (АМЧ), Святаполк — сын удавы кіеўскага князя Яраполка Святаславіча. Маці Святаполка — манахіня-грачанка, якую яго дзед — кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч «красы дзеля аблічча яе» (красы деля лица ея) вывез з манастыра і падарыў свайму сыну Яраполку. Імя грачанкі летапіс не называе, паводле Васіля Тацішчава, звалі яе Юліяй. Пасля гібелі Яраполка ў міжусобнай барацьбе з братам, наўгародскім князем Уладзімірам Святаславічам, той стаў кіеўскім князем і ўзяў братаву ўдаву яшчэ адной жонкай. Паводле летапісу, удава была цяжарная (бе не праздна) і Святаполк быў сынам «двух бацькоў» (ад двою отцю).
АМЧ складалі ў XII ст. пры княжанні нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча — праціўніка Святаполка. Таму звесткі пра Святаполка, выкладзеныя ў летапісе, выклікаюць некаторы недавер многіх даследчыкаў. Напрыклад, датычна Святаполка летапіс заўважае, што «ад грахоўнага плод злы бывае», маючы на ўвазе ўчынак Уладзіміра з братавай удавой, некананічны з царкоўнага пункту гледжання. З АМЧ паходзіць і характарыстыка Святаполка як «акаяннага».
Некаторыя крыніцы называюць Святаполка проста сынам Уладзіміра, як Наўгародскі першы летапіс і нямецкі храніст, сучаснік падзей, епіскап Цітмар Мерзебургскі.
Пасля хрышчэння Русі жыццё і ўчынкі паганскіх часоў разглядаліся па законах Старога Запавету. Паводле іх, брат павінен быў ажаніцца з братавай удавой, учынак Уладзіміра гэтаму цалкам адпавядаў, а дзеці ўдавы з новым мужам лічыліся законнымі дзецьмі папярэдняга, хоць біялагічна гэта было не так. Пры гэтым з пункту гледжання царквы старазапаветнае было роўна некананічнаму.[6] Аднак Уладзімір прызнаваў усіх сваіх дзяцей паганскага часу і невядома, каб царква пярэчыла князю ў іх законнасці. Такім чынам, гісторыя Святаполка мела шмат адценняў сэнсу, нават пры біялагічным бацькоўстве Уладзіміра.
Учынак Уладзіміра з братавай удавой, а пазней гісторыя яе сына Святаполка, трывала адбіліся ў родавай памяці Рурыкавічаў. Наступныя пакаленні не жаніліся з удовамі іншых Рурыкавічаў, не толькі блізкіх сваякоў, а наогул, то-бок наклалі абмежаванне мацнейшае за царкоўнае. Хаця шлюбы Рурыкавічаў з іншымі ўдовамі вядомы. Рурыкавен гэта тычылася нават у большай ступені, яны не маглі ўзяць другі шлюб наогул ні з кім. Гэта не закранала тых, хто з першым шлюбам трапіў за межы Русі, а потым не вярнуўся, або ў рэдкіх выпадках уцёкаў.[6]
Даследчыкі спрабуюць аргументаваць як бацькоўства Уладзіміра, так і бацькоўства Яраполка.
Так, Пётр Лысенка звяртае ўвагу, што Яраполк ажаніўся з грачанкай каля 968 года, але летапіс не называе іх іншых дзяцей, на яго думку, гэта значыць, што дзяцей наогул не было, таму Святаполк хутчэй сын менавіта Уладзіміра[7]. Між тым, ведаючы ўзровень дзіцячай смяротнасці таго часу і агульную несістэматычнасць падобных летапісных згадак, нельга сцвярджаць такое з пэўнасцю.
Таксама заўважана, што ў 1018 годзе Святаполк узяў закладніцамі мачыху і сясцёр Яраслава, выказвалася думка, што наўрад ці гэта магчыма, калі б Святаполк лічыў іх і сваімі сёстрамі, прынамсі па бацьку.
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Даследчыкі антрапанімікі звярнулі ўвагу, што старэйшыя дзеці Уладзіміра мелі дзвюхасноўныя імёны з нязменнай другой асновай -слаў — сыны Вышаслаў, Ізяслаў, Мсціслаў, Святаслаў, Станіслаў, Судзіслаў, Яраслаў і дочкі Мсціслава, Прадслава, Праміслава. Лічыцца імаверным, што гэта масавы сістэматычны выпадак вар’іравання родавага імя, каб падкрэсліць паходжанне дзяцей ад агульнага і важнага продка — іх дзеда Святаслава, у чыім імю аснова -слаў на тым жа месцы. Напэўна гэта звязана з сумнеўным паходжаннем Уладзіміра па маці — «рабыні», што вядома з крыніц, таму паходжанне ад Святаслава так моцна падкрэслівалася. Аднак Святаполк выбіваецца з гэтага шэрагу, хоць у яго імю таксама ёсць аснова з імя дзеда — першая свята-, але другая аснова -полк. Пад імем з асновай -полк у родзе на той час вядома толькі адна асоба — Яраполк, таму думаюць, што гэта вар’іраванне менавіта яго імя. Пэўнасць бацькоўства Уладзіміра датычна Святаполка была прынамсі сумнеўнай, што імаверна і адлюстравалася — надавец імя падкрэсліў вылучнасць дзіця сярод іншых, калі надаўцам быў сам Уладзімір, напэўна, маглі адлюстравацца яго сумневы ў бацькоўстве.[8]
Княжацкі знак
[правіць | правіць зыходнік]Святаполк карыстаўся княжацкім знакам двузуб з крыжам на адным з зубоў, які выяўлены на яго манетах, ёсць думка, што гэта можа быць мадыфікацыя знака Яраполка — простага двузуба[9], і такім чынам Святаполк паказваў сваё паходжанне ад Яраполка і адмяжоўваўся ад Уладзіміра. Належнасць манет Святаполку несумненная.
Аркадзь Малчанаў спрабаваў паказаць, што знакам змененага двузуба карыстаўся і бясспрэчны сын Уладзіміра — Мсціслаў, даследчык абгрунтоўваў думку інтэрпрэтацыяй г.зв. «таманскіх брактэатаў», звязаных з Мсціславам толькі знаходкай на тэрыторыі былога Тмутараканскага княства, але надпісы на гэтах артэфактах не прачытаны. Якім знакам карыстаўся Мсціслаў пэўна не вядома, ёсць толькі розныя думкі на гэты конт.[10]
Аднак, магчыма, просты двузуб быў агульным знакам роду Рурыкавічаў, бо пазней яго мадыфікацыямі карысталіся многія князі, але першым мадыфікатарам быў Уладзімір — ён дадаў сярэдні зубец і такім чынам атрымаўся трызуб. Наступнымі былі Святаполк і Яраслаў, першы дадаў на адзін з зубоў крыж, другі — далей мадыфікаваў бацькаў варыянт, дадаў круг на вяршыню сярэдняга зуба. Аднак ужо сын Яраслава — Ізяслаў, на сваім знаку адмовіўся ад сярэдняга зуба, а круг з бацькавага знака дадаў на канец ножкі свайго двузуба. Якімі знакамі карысталіся іншыя сыны Яраслава не вядома, але многія яго ўнукі карысталіся мадыфікаванымі менавіта двузубамі. Такім чынам, немагчыма пэўна казаць пра матывацыю Святаполка ў выбары свайго знака.[10]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак княжання ў Тураве
[правіць | правіць зыходнік]Наўгародскі першы летапіс (НПЛ) лічыць Святаполка трэцім па старшынстве сынам Уладзіміра — пасля Вышаслава і Ізяслава. Пры гэтым у АМЧ трэцім пастаўлены Яраслаў, а Святаполк чацвёрты. Цяпер, на думку А. Карпава, старшынство Святаполка перад Яраславам даказана[11]. Паводле НПЛ, старэйшы з братоў, Вышаслаў, атрымаў княжанне ў Наўгародзе — другой па значэнні воласці пасля Кіева. Ізяслаў атрымаў Полацкую зямлю, як спадчыну маці. Святаполк атрымаў Тураўскую воласць, а Яраслаў — Растоў.
Пасля смерці Ізяслава (1001) і Вышаслава (каля 1010) Святаполк застаўся старэйшым сярод сыноў Уладзіміра. Яраслаў перайшоў на княжанне ў Ноўгарад.
Святаполк займаў тураўскі сталец з 988—990 гадоў, землі яго воласці межавалі з Польшчай, імаверна таму Уладзімір ажаніў яго з польскай княжной.
Шлюб
[правіць | правіць зыходнік]Святаполк узяў шлюб з трэцяй дачкой польскага князя Баляслава Храбрага (караля з 1025 года). Яе імя невядома, нарадзілася паміж 991 і 1001 гадамі, бліжэй да першай даты, у трэцім шлюбе Баляслава — з княжной Энмільдай , паходжаннем імаверна з Маравіі або Лужыцы. Сярод сямі дзяцей Баляслава будучая жонка Святаполка была пятай, сярод пяці дзяцей Баляслава і Эмнільды — чацвёртай.
Некаторыя даследчыкі лічаць шлюб вынікам мірнага дагавора, заключанага пасля няўдалага паходу Баляслава на Русь у 1013 годзе. Аднак у гэтым выпадку па-за ўвагай застаецца місія цыстэрцыянскага манаха і архіепіскапа, які жыў пры двары Баляслава — Бруна фон Кверфурта.
У пачатку 1008 года Бруна Кверфурцкі прыбыў у Кіеў, сустрэўся з Уладзімірам і некаторы час жыў пры яго двары, а затым з Уладзімірам ездзіў да печанегаў. Там пры пасрэдніцтве Бруна быў заключаны мір паміж кіеўскім князем і печанегамі. Закладнікам на падмацаванне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, некаторыя даследчыкі лічаць ім Святаполка. Сустрэчы Бруна з Уладзімірам таксама маглі закончыцца дагаворам паміж Польшчай і Руссю, які быў замацаваны шлюбам Святаполка. Магчымая дата шлюбу, заснаваная на паведамленні Цітмара Мерзебургскага — 1009 або 1010 год.[12]
Зняволенне
[правіць | правіць зыходнік]У 1012 годзе па загадзе Уладзіміра Святаполк быў адхілены ад княжання ў Тураве і зняволены ў Кіеве. Разам з ім пад варту былі ўзяты яго жонка і духоўнік жонкі, епіскап калабжэгскі (кольбергскі) Рэйнберн, які памёр у турме. Паводле летапісу, прычынай была раскрытая змова Святаполка супраць Уладзіміра па падгаворы Баляслава.
На думку Лысенкі, мэтай Святаполка магло быць незалежнае ад Кіева княжанне ў Тураўскай воласці[12]. Пазней падобнае ажыццявіў Яраслаў у Ноўгарадзе, калі адмовіўся плаціць даніну бацьку ў Кіеў.
Баляслаў адказаў на зняволенне Святаполка паходам на Русь у 1013 годзе, у якім удзельнічалі нямецкія рыцары і печанегі. Аднак з-за сутыкнення паміж палякамі і печанегамі паход абмежаваўся спусташэннем памежных земляў Русі. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць Святаполка і яго жонку, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку Святаполк жыў у Кіеве, затым, верагодна, у Вышгарадзе каля Кіева. У Тураў іншы князь не прызначаўся.
Паказальна, што і іншы старэйшы сын Уладзіміра — Яраслаў — таксама ў гэты час адмовіўся выплочваць Кіеву даніну, і Уладзімір рыхтаваў паход на Ноўгарад. Магчыма, Уладзімір меў намер завяшчаць кіеўскі прастол свайму любімаму сыну Барысу.
Пачатак княжання ў Кіеве
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці Уладзіміра 15 ліпеня 1015 года Святаполк апынуўся бліжэй за ўсіх іншых братоў да Кіева, выйшаў на свабоду і сеў на стальцы, яго падтрымаў і народ, і баяры, якія складалі яго двор у Вышгарадзе.
У Кіеве Святаполк выпусціў срэбранікі (вядома 50 такіх манет), падобныя да срэбранікаў Уладзіміра. Вядомы тры іх тыпы, ва ўсіх трох на рэверсе аднолькавы княжацкі знак — двузуб з крыжам не левым зубе. На адным тыпе на аверсе князь на стальцы і кругавы надпіс «Святополк на столе», а на рэверсе вакол двузуба «А се его серебро». У двух астатніх тыпах на аверсе святы Пётр, патрон Святаполка, і надпісы Петрос і Петор.
Далейшыя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле АМЧ, Святаполк у 1015 годзе загадаў забіць сваіх канкурэнтаў, сыноў Уладзіміра — растоўскага князя Барыса, мурамскага князя Глеба і драўлянскага князя Святаслава, і ад летапісца атрымаў характарыстыку «акаяннага». У адказ Яраслаў выступіў з наўгародскім войскам на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 ці 1016) Святаполк пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Вялікім князем кіеўскім стаў Яраслаў.
Іншае тлумачэнне дае ісландская «Сага аб Эймундзе», якая распавядае пра службу ў «Ярыцлейва» (Яраслава) князя-варага Эймунда Хрынгсана. Паводле сагі, асноўным праціўнікам Ярыцлейва ў Любецкай бітве быў «Бурыцлейв»; праз 2 гады пасля бітвы Бурыцлейв быў забіты Эймундам па загадзе Ярыцлейва.
У 1018 годзе войскі Святаполка і Баляслава ў бітве каля Берасця разбілі дружыну Яраслава. Святаполк зноў заняў кіеўскі сталец, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падыйшло да Кіева і прымусіла Святаполка ўцячы.
Пасля 14 жніўня 1018 года памерла жонка Святаполка.
У 1019 годзе Святаполк вадзіў на Кіеў войска печанегаў, у бітве на Альце (цяпер у Кіеўскай вобласці) пацярпеў паражэнне. Паводле Наўгародскага першага летапіса, пасля бітвы на Альце Святаполк збег да печанегаў, і далейшы яго лёс не паказаны. Паводле АМЧ, якая мае легендныя рысы, ён захварэў і памёр па дарозе «паміж ляхы і чахы». Гэта пазначэнне многія даследчыкі лічаць не літаральнай мяжой Чэхіі і Польшчы, а прымаўкай са значэннем «невядома дзе».
Датычнасць гібелі Барыса і Глеба
[правіць | правіць зыходнік]Даследчыкі антрапанімікі заўважаюць, што імя Святаполк у наступных пакаленнях не выключылі з родавага іменаслову Рурыкавічаў, то бок не лічылі імя благім, і напэўна на працягу XI — пачатку XII ст. Святаполк не лічыўся вінаватым у гібелі Барыса і Глеба, але пазней агіяграфічная версія выціснула родавую памяць і імя знікала з іменаслова[14]. На думку П. Лысенкі, Святаполк заняў кіеўскі сталец пасля бацькі па праве старэйшага, не быў узурпатарам, таму малодшыя браты — Барыс і Глеб, не былі яму небяспечнымі сапернікамі, але былі такімі для іншага прэтэндэнта — Яраслава[7].
У мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]-
Вяселле Святаполка і дачкі Баляслава Храбрага (1892, Я. Матэйка, для прыватнага збору Мазаракаў і Святаполк-Чацвяртынскіх[15]
-
Баляслаў Храбры і Святаполк каля Залатых варот Кіева (Я. Матэйка; алей, дрэва, 1883, 160x109 см, прыватная калекцыя).
-
Уцёкі Святаполка (1836, літаграфія Б. Чорыкава, ілюстрацыя да кнігі «Жывапісны Карамзін, або Руская гісторыя ў малюнках»).
Зноскі
- ↑ а б СВЯТОПО́ЛК ВЛАДИ́МИРОВИЧ // Большая российская энциклопедия — М.: Большая российская энциклопедия, 2004. Праверана 8 кастрычніка 2021.
- ↑ Sviatopolk I of Kiev // https://pantheon.world/profile/person/Sviatopolk_I_of_Kiev Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ ЭГБ, Т. 6. 2001, с. 268.
- ↑ Рапов 1977, с. 35.
- ↑ ДРСМ 2014, с. 723.
- ↑ а б Литвина, Успенский 2014.
- ↑ а б Лысенко 2004, с. 133.
- ↑ Литвина, Успенский 2006, с. 49.
- ↑ Котляр, Н. Ф. История в жизнеописаниях / Н. Ф. Котляр, В. А. Смолий / АН УССР, Ин-т истории. — Киев: Наук. думка, 1990. — 255 с. (руск.)
- ↑ а б Михеев 2014.
- ↑ Карпов, А. Ю. Ярослав Мудрый. — Москва, 2001.
- ↑ а б Лысенко 2004, с. 132.
- ↑ Янин В. Л. Две древнерусские вислые печати начала XI в. // Археол. вести. 1998. № 5. С. 205—211: ил. (на рус. яз.); с. 211—215 (на англ. яз.).
- ↑ Литвина, Успенский 2006, с. 50.
- ↑ Gazeta Lwowska. 1892. 21 Kwetnia. S. 4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов (руск.) — Москва — Ленинград: Издательство Академии Наук СССР, 1950. — 659 с.
- Сага об Эймунде (Прядь об Эймунде Хрингссоне) Архівавана 5 студзеня 2012. (руск.) / перевод с древнеисландского Е. А. Рыдзевской // Джаксон, Т. Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (до середины XI в.) — Москва, 1994.
- Алпатов, М. А. Русская историческая мысль и Западная Европа XII—XVII вв. — Москва, 1973. — 284 с. (руск.)
- Войтович, Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль (укр.) — Львів, 2000.
- Врублевский, А. Сведения о Руси, встречающиеся в хронике польского летописца Мартина Галла // Университетские известия. — Киев, 1878. — N 9. — Прибавления. С. 41—58. (руск.)
- Грушевський, М. С. Історія України-Руси. Т. 2. — Київ, 1992. — 633 с. (укр.)
- Древняя Русь в свете зарубежных источников / под ред. Е. А. Мельниковой. — Москва: Логос, 1999. (руск.)
- Іоў, А. Святаполк Яраполчыч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2001. — С. 268—269. ISBN 985-11-0214-8.
- Карпов, А. Ю. Владимир Святой. — Москва: Молодая гвардия, 1997. (руск.)
- Королюк, В. Д. Западные славяне и Киевская Русь в X—XI вв. — Москва, 1964. — С. 73—108. (руск.)
- Костомаров, М. Галерея портретів : Біографічні нариси / М. Костомаров. — Київ: Веселка, 1993. — 324, [2] c. : іл. — (Золоті ворота). — ISBN 5-301-01266-5. (укр.)
- Котляр Н. Ф. Святополк Владимирович (Ярополчич) // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
- Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики. — Москва: «Индрик», 2006.
- Литвина А., Успенский Ф. Знатная вдова в средневековой Скандинавии и на Руси: Матримониальные стратегии и легенды власти // Древняя Русь: во времени, в личностях, в идеях / Под. ред. П. И. Гайденко. СПб.; Казань, 2014. — С. 7-21
- Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск: Бел. навука, 2004. — 180 с., 1 л. портр. — ISBN 985-08-0615-X
- Михеев С. К проблеме атрибуции знаков Рюриковичей // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. — М., 2014. 4 (58). — С. 45-63
- Молчанов, A. A. Ещё раз о Таманском бронзовом «брактеате» // Советская археология. — 1982. — N 3. — С. 223—226. (руск.)
- Назаренко, А. В. Древняя Русь на международных путях. — Москва: Языки русской культуры, 2001. (руск.)
- Назаренко, A. B. О датировке Любечской битвы // Летописи и хроники. Сб. ст. — Москва, 1984. — С. 13—19. (руск.)
- Назаренко, A. B. События 1017 г. в немецкой хронике начала XII в. и в русской летописи // Древнейшие государства на территории СССР. Мат. и исслед. — 1980 г. — Москва, 1981. — С. 175—184. (руск.)
- Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
- Свердлов, М. Б. Известия о Руси в Хронике Титмара Мерзебургского // Древнейшие государства на территории СССР. Мат. и исслед. — 1975 г. — Москва, 1976. — С. 90—101.
- Толстой, И. И. Древнейшие русские монеты Великого княжества Киевского. — СПб., 1882. — С. 47—56. (руск.)
- Толстой, И. И. Древнейшие русские монеты X—XI вв. — СПб., 1893. — 256 с. (руск.)
- Филист, Г. М. История «преступлений» Святополка Окаянного. — Минск: Беларусь, 1990. (руск.)
- Фортинский, Ф. Я. Титмар Мерзебургский и его Хроника. — СПб., 1872. — 238 с. (руск.)
- Шушарин, В. П. Древнерусское государство в западно- и восточноевропейских средневековых памятниках // Древнерусское государство и его международное значение. — Москва, 1965. — С. 420—429. (руск.)