Хара́рэ (англ.: Harare, да 1982 года — Солсберы) — сталіца і самы вялікі горад Зімбабвэ. Знаходзіцца ў паўночнай частцы краіны. Адначасова з’яўляецца сталіцай акругі Харарэ. Насельніцтва налічвае 1,6 млн чалавек, разам з прыгарадамі 1,8 млн. У выніку таго, што Харарэ знаходзіцца на вышыні 1483 метры над узроўнем мора клімат горада лагодны, не спякотны.
Горад з’яўляецца цэнтрам гандлю тытунём, маісам, бавоўнай і цытрусамі. Ёсць прадпрыемствы тэкстыльнай, металургічнай і хімічнай прамысловасці, недалёка ад горада знаходзяцца залатыя шахты.