Перайсці да зместу

Шкурапея

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шкурапея — у беларускай міфалогіі галоўная змяя. Згадваецца ў паданнях і народных замовах.

Шкурапея прысутнічае ў замовах дзеля лячэння чалавека, якога ўкусіла змяя.

«На моры, на кiянi стаiць куст. У тым кусце ляжыць скаварада, пад скаварадой ляжыць чорная руна. У чорным рунi ляжыць змiя Шкурапея…»

Міфалогія славян. Патэльня

«На моры, на лукаморы — гара, на той гарэ — яблыня, на яблыні — гняздо, у гняздзе — змяя-шкурапея. Змяя-шкурапея, вазьмі свой яд. Не возьмеш, буду да Бога пасылаць…»

Хрэстаматыя. Вучэбны дапаможнік па раздзеле "Замовы" для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 «Беларуская філалогія». Гомель, 2011

Ёсць меркаванне, што мора і востраў з дрэвам (каменем, кустом), якія наогул часта згадваюцца ў замовах, — гэта міфалагічная мадэль сусвету, гэта ключ да таго, як старажытныя беларусы ўяўлялі сабе Зямлю. Камень можа быць адсылкай да Залатой гары, а дрэва ці куст — да Сусветнага Дрэва. Змяя Шкурапея, такім чынам, — гэта рэшта вобраза нейкага старажытнага касмічнага змея з язычніцкіх міфаў. Параўнайце са змеем Ёрмунгандам са скандынаўскай міфалогіі: апошні плавае вакол зямлі, якая месціцца на ствале сусветнага ясеня.

Змяя Шкурапея часам замяняе Вужынага Цара ў ролі кіраўніка ўсіх змей. На Магілёўшчыне існавала паданне аб тым, што ўсе змеі на зіму хаваюцца ў вялізную яму, і прыводзіць іх туды змяя Шкурапея. Аднойчы нейкі чалавек праваліўся ў яму, але змеі не зрабілі яму шкоды, Шкурапея не дазволіла. Яна пасадзіла чалавека на сябе і выпрамілася, падняўшы небараку на паверхню зямлі.