Югуры
Югуры (юйгу) | |
Агульная колькасць | 13719 чал. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | КНР |
Мова | югурскія мовы |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | уйгуры, цаатан, шорцы, тыбетцы, манголы |
Югуры або жоўтыя ўйгуры (саманазва юйгу[1]) — народ, насельнікі паўночных адгор'яў Цыляншань у правінцыі Ганьсу, а таксама ля ўзбярэжжа возера Кукунор у правінцыі Цынхай (КНР). Агульная колькасць - 13719 чал. (2000 г.).
Югуры - нашчадкі старажытных уйгураў, якія захавалі качавы лад жыцця і ў адрозненні ад сучасных уйгураў прынялі будызм ламаісцкага кірунку, а не іслам. Да пач. XVIII ст. карысталіся асабістай літаратурнай мовай цюркскага паходжання на аснове сагдыйскай графікі. Але пазней яна была выціскнута літаратурнай тыбецкай мовай.
Сучасныя югуры падзяляюцца на 3 моўныя групы. Большасць складаюць сарыг югур, якія захавалі старажытную гутарковую мову цюркскага паходжання, блізкую да моў сібірскіх хакасаў і шорцаў. Яны насяляюць стэп і горы на ўсход ад Цыляншань, падзяляюцца на стэпавых югураў айлыг і горцаў таглыг. Дзве групы шыра югур жывуць на поўнач ад Цыляншань і ля возера Кукунор. Жыхары поўначы размаўляюць на югурскай мове мангольскага паходжання, а цынхайскія югуры - на дыялекце тыбецкай мовы.
У XVIII - сяр. XX стст. сарыг югур і шыра югур захоўвалі адасобленасць, але ў 1954 г. кітайскія ўлады стварылі ў Ганьсу аўтаномны югурскі павет і распаўсюдзілі на ўсіх югураў адзіную назву юйгу.
Зноскі
- ↑ Народы Восточной Азии. / Под ред. Н. Н. Чебоксарова, С. И. Брука, Р. Ф. Итса, Г. Г. Стратановича. - М.-Лг.: Наука, 1965. С. 647