Damnatio memoriae
Damnatio memoriae (лац. праклён памяці) — адмысловая форма пасмяротнага пакарання, якая ўжывалася ў старажытным Рыме да дзяржаўных злачынцаў — узурпатараў улады, удзельнікаў змоў і імператараў, якія заплямілі сябе. Любыя матэрыяльныя сведчанні пра існаванне злачынца — статуі, насценныя і надмагільныя надпісы, згадванні ў законах і летапісах — падлягалі знішчэнню, каб сцерці памяць пра памерлага. Маглі быць знішчаны і ўсе члены сям’і злачынца (гл. Сеян).
Damnatio memoriae — тэрмін не рымскага, але адносна сучаснага паходжання. У рымскіх крыніцах згадваюцца іншыя фармулёўкі з тым жа сэнсам — memoria damnata, abolitio memoriae.
Як правіла, damnatio memoriae па палітычных матывах не было абсалютным. Нерон быў пракляты пасля смерці, але неўзабаве, пасля захопу ўлады Вітэліем, быў ганараваны дзяржаўнымі ушанаваннямі. Пасля смерці Калігулы сенат прапанаваў сцерці памяць пра яго, але гэтаму запрацівіўся прынцэпс Клаўдзій. Адзіны імператар, damnatio memoriae якога было афіцыйным і не было пасля аспрэчана — Даміцыян. Часта выявы нявартых павагі імператараў ліквідаваліся з публічных манументаў у Рыме (напрыклад, з рэльефу Марка Аўрэлія была выдалена выява Комада), але працягвалі захоўвацца ў прыватных дамах і ў правінцыйных гарадах. Той жа Комад, аднойчы пракляты, быў абагаўлёны пры Септыміі Северы.