Максімальная даўжыня цела — 60 см, сярэдняя — 30 см. Цела верацёнападобнае, пакрыта дробнай цыклоіднай луской. Спіна сіне-зялёная, са мноствам чорных, слаба выгнутых палосак. Ніжняя частка цела і чэрава белыя. Плавацельнага пухіра няма.
Скумбрыя эндэмічная для паўночнай часткі Атлантычнага акіяна: па ўсходнім узбярэжжы — ад Ісландыі да Канарскіх астравоў, а таксама ў Балтыйскім (да Фінскага заліва), Паўночным, Міжземным, Мармуровым, Чорным морах; па заходнім узбярэжжы — ад Лабрадора да мыса Хатэрас (Паўночная Караліна). Заходы скумбрыі падчас летніх міграцый адзначаліся ў Баранцавым і Белым морах. У найвялікіх колькасцях сустракаецца ў Паўночным моры ад Ла-Манша да Скагеррака і паблізу паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Ірландыі.
Скумбрыя — пелагічная чародная цеплалюбівая рыба. Хутка плавае (у кідку — да 77 км/г). Чароды звычайна не ўтрымлівааюць дамешкі іншых рыб (рэдка з селядцом) і складаюцца з асобін адной велічыні. Скумбрыя жыве пры тэмпературы ад 8 да 20 °С, праз што вымушана здзяйсняць сезонныя міграцыі ўздоўж узбярэжжаў Амерыкі і Еўропы, а таксама паміж Мармуровым і Чорным морамі. Гэтыя міграцыі маюць характар нагульных (ежу скумбрыі складае дробная рыба і зоапланктон).