Перайсьці да зьместу

Прыгажосьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Прамяністае круглае акно-разетка ў Саборы Парыскай Божай Маці. Сьвятло лічылася найпрыгажэйшым адкрыцьцём Бога, як было абвешчана ў гатычнай архітэктуры.

Прыгажосьць — эстэтычная (неўтылітарная, непрактычная) катэгорыя, якая абазначае дасканаласьць, гарманічнае спалучэньне аспэктаў аб’екта, пры якім апошні выклікае ў назіральніка эстэтычнае задавальненьне.

«Прыгажосьць» зьяўляецца найважнейшай катэгорыяй культуры. У сваім эстэтычным успрыманьні паняцьце прыгажосьці блізкае да паняцьця прыгожага, толькі з той розьніцай, што апошняе зьяўляецца вышэйшай (абсалютнай) ступеньню прыгажосьці. Разам з тым, прыгажосьць зьяўляецца больш агульным і шматгранным паняцьцем, у многім эклектычным. Супрацьлегласьцю прыгажосьці зьяўляецца пачварнае[1]. Утылітарным паняцьцем прыгажосьці зьяўляецца мэтазгоднасьць, схаваная для лягічнага тлумачэньня і якая патрабуе свайго спазнаньня. Схаваная мэтазгоднасьць заўсёды мае пад сабой аб’ект, для якога мае месца дадзеная мэтазгоднасьць.

Абсалютную прыгажосьць чалавек выдзяляе як розум навакольнага сьвету, адносную як прадукт сваёй разумовай дзейнасьці. Так, напрыклад, у іншаплянэтных разумных істотаў, калі гэтакія, вядома, маюцца, погляд на прыгажосьць і эстэтыку можа быць цалкам іншым. І тое, што здаецца чалавецтву пачварным, гідкім і жахлівым, ім можа ўяўляцца прыгожым. Таксама, безумоўна, погляд чалавек на прыгажосьць цела супрацьлеглай плоці зьяўляецца адносным, бо ён у большасьці дыктуецца сэксуальным інстынктам. Адносная прыгажосьць (відавы розум) — генатыпова. Абсалютная прыгажосьць (абсалютны розум) — пэрманэнтна.

Гісторыя

Старажытная Грэцыя

Копія статуі Нікі Саматракійскай, якая месьціцца ў Нацыянальным музэі выяўленчых мастацтваў у Рыю-дэ-Жанэйру.

Самыя раньнія заходнія тэорыі прыгажосьці можна знайсьці ў працах старажытнагрэцкіх філёзафаў з дасакратычнага пэрыяду, напрыклад працы Пітагора. Пітагорская школа бачыла моцную сувязь паміж матэматыкай і прыгажосьцю. У прыватнасьці, адзначалася, што прадметы, разьмешчаныя ў залежнасьці ад залатога сечыва, падаюцца больш прывабнымі[2]. Старажытнагрэцкая архітэктура абапіралася на сымэтрыю і прапорцыю.

Плятон разглядаў прыгажосць як ідэю вышэйшай за ўсе іншыя ідэі. Арыстотэль бачыў сувязь паміж прыгожым і цнотай, сьцьвярджаючы, што цнота накіравана на прыгожае. Паводле Арыстотэля, цнота ёсьць станам, калі чалавек задавальненьнем і болем, ўто дазваляе яму сапраўды высьветліць, што ёсьць прымным, а што балючым. Такім чынам, чалавек дабрадзейны бачыць па-сапраўднаму і можа слушна даваць ацэнку, бо прыгожыя рэчы выглядаюць так, як яны сапраўды бачны толькі цнатліваму чалавеку[3].

Клясычная грэцкая філязофія і скульптура, якая грунтуецца на прынцыпах ідэальнай чалавечай прыгажосьці, былі зноўку адкрытыя ў Эўропе ў эпоху Рэнэсансу, што прывяло да паўторнага прыняцьця таго, што стала вядома як «клясычны ідэал». З пункту гледжаньня жаночай чалавечай прыгажосьці, прыгажосьць жанчыны, зьнешні выгляд якой адпавядае гэтым прынцыпам, яшчэ называюць «клясычнай прыгажосьцю» альбо гавораць, што жанчына адпавядае панятку «клясычнай прыгажосьці», бо асновы, закладзеныя ў стандарт панятку прыгажосьці ў заходняе цывілізацыі, была вылучаныя яшчэ грэцкімі і рымскімі мастакамі. Яскравым прыкладам зьяўляецца скульптура Ніка Саматракійская, якую вырабілі ў II стагодзьдзі да н. э. на востраве Родас. У эпоху готыкі клясычны эстэтычны канон прыгажосьці быў адхілены як грахоўны. Пазьней мысьляры Рэнэсансу і гуманісты адыйшлі ад гэтага погляду і палічылі прыгажосьць прадуктам рацыянальнага парадку і гарманічных памераў. Мастакі і архітэктары эпохі Адраджэньня (напрыклад, Джорджа Вазары ў сваім творы «Жыцьцё мастакоў») крытыкавалі эпоху готыкі як ірацыянальную і барбарскую. Гэты пункт гледжаньня гатычнага мастацтва праіснаваў да эпохі рамантызму, які меў месца ў XIX стагодзьдзі.

Сярэднявечча

У Сярэднявеччы каталіцкія філёзафы, такія як Тамаш Аквінскі, уключылі прыгажосьць у лік трансцэндэнтных атрыбутаў быцьця. У сваёй працы «Сума тэалёгіі» Аквінскі апісаў тры ўмовы прыгажосьці як то, цэласьць, гармонія і зьзяньне формы[4]. У гатычнай архітэктуры высокага і позьняга сярэднявечча сьвятло лічылася самым прыгожым адкрыцьцём Бога, якое было абвешчана ў дызайне. Прыкладамі могуць служыць вітражы гатычных сабораў, як то Сабор Парыскай Божай Маці і Шартраўская катэдра.

Эпоха Асьветніцтва

«Нараджэньне Вэнэры» працы Сандра Батычэльлі. Багіня Вэнэра намалявана ў вобразе клясычнага панятку прыгажосьці.

У эпоху Асьветніцтва ўзьнікла цікавасьць да прыгажосьці як да філязофскага прадмету. Напрыклад, шатляндзкі філёзаф Фрэнсіс Гатчэсан сьцьвярджаў, што прыгажосьцю ёсьць адзінства ў разнастайнасьці, а разнастайнасьць у адзінстве. Паэты-рамантыкі таксама моцна сканцэнтраваны на высьвятленьні прыроды прыгажосьці. Гэтак ангельскі паэт Джон Кітс у сваім творы «Ода на грэцкай урне» згадаў, што прыгажосьць ёсьць істцінай, а ісьцінай ёсьць усё, што мы ведаем на Зямлі і што павінны ведаць.

Рамантызм

У эпоху рамантызму Эдмунд Бэрк пастулюе розьніцу паміж прыгажосьцю ў ейным клясычным значэньні і ўзьнёслым. Канцэпцыя ўзьнёслага, выкладзеная Бэркам і Кантам, прапанавала разглядаць гатычнае мастацтва і архітэктуру, не ў адпаведнасьці з клясычным стандартам прыгажосьці, а зь ейным узвышаным значэньнем.

Постмадэрнізм і сучаснасьць

У ХХ стагодзьдзі назіралася ўсё большая адмова ад прыгажосьці як канцэпціі, якая ня вартая таго каб быць разгледжанай мастакамі і філёзафамі. Свайго піку такая тэндэнцыя дасягнула антыэстэтыкі постмадэрнізму. Не зважаючы на гэта, прыгажосьць зьяўляецца галоўнай праблемай аднаго з асноўных філёзафаў постмадэрнізму, Фрыдрыха Ніцшэ, які сьцьвярджаў, што воля да ўлады ёсьць воляй да прыгажосьці.

Пасьля пэрыяду постмадэрнізму мысльяры вярнулі прыгажосьць да ліку важных каштоўнасьцяў. Амэрыканскі філёзаф-аналітык Гай Сырцэла прапанаваў сваю Новую тэорыю прыгажосьці як намаганьне пацьвердзіць статус прыгажосьці як важнай філязофскай канцэпцыі[5][6]. Элейн Скары таксама сьцьвярджаў, што прыгажосьць зьвязана з справядлівасьцю.

Прыгажосьць таксама вывучаецца псыхолягамі і нэўрабіёлягамі ў экспэрымэнтальнай эстэтыцы і нэўраэстэтыцы адпаведна. Псыхалягічныя тэорыі бачаць прыгажосьць як форму задавальненьня[7][8]. Вынікі карэляцыі падтрымліваюць меркаваньне, што больш прыгожыя прадметы таксама больш прыемныя[9][10][11].

Крыніцы

  1. ^ Бычков В. В. Эстетика. — М.: Гардарики, 2005. (рас.)
  2. ^ Seife, Charles (2000). «Zero: The Biography of a Dangerous Idea». Penguin. — С. 32. — ISBN 0-14-029647-6.
  3. ^ «Aristotle: Ethics». Internet Encyclopedia of Philosophy.
  4. ^ «Summa Theologica», Part 1, Question 39, Article 8. New Advent.
  5. ^ «A New Theory of Beauty». Princeton Essays on the Arts, 1. Princeton, NJ: Princeton University Press, 1975.
  6. ^ «Love and Beauty». Princeton, NJ: Princeton University Press, 1989.
  7. ^ Reber, Rolf; Schwarz, Norbert; Winkielman, Piotr (2004). «Processing fluency and aesthetic pleasure: is beauty in the perceiver’s processing experience?»(недаступная спасылка). Personality and Social Psychology Review. 8 (4): С. 364—382. doi:10.1207/s15327957pspr0804_3. hdl:1956/594. ISSN 1088-8683. PMID 15582859.
  8. ^ Armstrong, Thomas; Detweiler-Bedell, Brian (December 2008). «Beauty as an emotion: The exhilarating prospect of mastering a challenging world». Review of General Psychology. 12 (4): 305—329. CiteSeerX 10.1.1.406.1825. doi:10.1037/a0012558. ISSN 1939-1552.
  9. ^ Vartanian, Oshin; Navarrete, Gorka; Chatterjee, Anjan; Fich, Lars Brorson; Leder, Helmut; Modroño, Cristián; Nadal, Marcos; Rostrup, Nicolai; Skov, Martin (June 18, 2013). «Impact of contour on aesthetic judgments and approach-avoidance decisions in architecture». Proceedings of the National Academy of Sciences. 110 (Supplement 2): 10446-10453. doi:10.1073/pnas.1301227110. ISSN 0027-8424. PMC 3690611. PMID 23754408.
  10. ^ Marin, Manuela M.; Lampatz, Allegra; Wandl, Michaela; Leder, Helmut (November 4, 2016). «Berlyne Revisited: Evidence for the Multifaceted Nature of Hedonic Tone in the Appreciation of Paintings and Music». Frontiers in Human Neuroscience. 10: 536. doi:10.3389/fnhum.2016.00536. ISSN 1662-5161. PMC 5095118. PMID 27867350.
  11. ^ Brielmann, Aenne A.; Pelli, Denis G. (May 22, 2017). «Beauty Requires Thought». Current Biology. 27 (10): 1506—1513.e3. doi:10.1016/j.cub.2017.04.018. ISSN 0960-9822. PMID 28502660.

Вонкавыя спасылкі