Геаграфія Харватыі
Харватыя — дзяржава ў паўднёва-ўсходняй Эўропе, на Балканскім паўвостраве. Плошча — 56 542 км², плошча воднай акваторыі — 33 200 км². Насельніцтва — 4 495 904 чалавека (2005 год)
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сталіца і найбуйнейшы горад — Загрэб (779 тысячаў жыхароў). Найвышэйшы пункт краіны — г. Дынара, цэнтральны пік Дынарскага сугор’я (1 830 мэтраў).
Краіна складаецца з двух частак: кантынэнтальнай, разьмешчанай, галоўным чынам, у басэйне ракі Савы, і адрыятычнай, выцягнутай вузкай паласой па ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора. Характэрнай асаблівасьцю адрыятычнага ўзьбярэжжа зьяўляецца незвычайна вялікі лік астравоў, звычайна выцягнутых раўналежна берагу з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Адрыятычнае ўзьбярэжжа Харватыі ўтварылася пры структурна-дэнудацыённым разьдзяленьні ў выніку апусканьня заходняй часткі Балканскага паўвострава і частковага затапленьня морам берагавых хрыбтоў Дынарскага сугор’я. Шматлікія астравы, зьвілістыя залівы і пралівы ў спалучэньні зь міжземнаморскай расьліннасьцю надаюць узьбярэжжу незвычайна маляўнічы выгляд.
1185 Далмацінскіх астравоў займаюць плошчу каля 2500 км², зь іх населеныя каля 60. Самыя вялікія — Црэс, Крк займаюць плошчу больш 405 км². Іншыя буйныя астравы — Брач, Хвар, Віс і інш. Самыя маленькія — малюсенькія скалы пасярод мору. На астравах знаходзяцца тры з васьмі нацыянальных паркаў Харватыі — Брыўны, Карнаты і Млет.
Працягласьць марскога ўзьбярэжжа — 5 835 кілямэтраў; зь іх 1 777 кілямэтраў — даўжыня кантынэнтальнага ўзьбярэжжа, 4 058 кілямэтраў — даўжыня берагавой лініі астравоў.
Граніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На поўначы Харватыя мяжуе са Славеніяй (670 км), на паўночным усходзе з Вугоршчынай (329 км), на ўсходзе з Сэрбіяй (241 км), на поўдні з Босьніяй і Герцагавінай (932 кілямэтры) і Чарнагорыяй (25 км). У паўднёвай частцы адрыятычнага ўзьбярэжжа да мора выходзіць вузкі 10-кілямэтровы вучастак Босьніі і Герцагавіны, на якім знаходзіцца горад Нэўм. З-за гэтага паўднёвая частка Харватыі, цэнтрам якой зьяўляецца горад Дуброўнік, адрэзаная па сушы ад астатняй часткі краіны.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кліматычныя ўмовы розных рэгіёнаў краіны вельмі разнастайныя. У паўночна-заходняй і ўсходняй Харватыі клімат — умерана-кантынэнтальны і кантынэнтальны. Узімку маразы слабыя, але часам ідзе сьнег, вясна і восень працяглыя і дажджлівыя, лета цёплае, часамі засушлівае. У горных раёнах клімат характэрны для сярэднегор’я — халодныя і сьнежныя зімы, цёплае лета. На ўзьбярэжжы і астравах клімат міжземнаморскі — дажджлівая і бясьсьнежная зіма, доўгае і цёплае лета, мяккія вясна і восень. Турыстычны сэзон на ўзьбярэжжы доўжыцца зь сярэдзіны мая па сярэдзіну кастрычніка.