Гомельская япархія
Гомельская і Жлобінская япархія | |
---|---|
[[Файл:|Гомельская і Жлобінская япархія]] | |
Япіскап | Стэфан (Нешчарэт) |
Катэдральны горад | Гомель |
Катэдральны сабор | Петрапаўлаўскі (Гомель), |
Гомельская і Жлобінская япархія — япархія Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Заснаваная 20 ліпеня 1990 году як Гомельская і Мазырская япархія. Пасьля аднаўленьня Тураўскай япархіі, да якой адышоў Мазыр, атрымала цяперашнюю назву. Раней (1907—1924) існавала Гомельскае вікарыяцтва Магілёўскай япархіі.
Сёньня Гомельская і Жлобінская япархія аб’ядноўвае прыходы і манастыры на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрускага, Жлобінскага, Кармянскага, Лоеўскага, Рагачоўскага, Рэчыцкага, Чачэрскага й Шацілавіцкага раёнаў Гомельскае вобласьці.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2015 год Гомельская япархія налічвала 148 прыходаў і 4 манастыры, зь іх 1 мужчынскі імя сьвятога Мікалая Цудатворцы ў Гомелі. Служэньне зьдзяйсьнялі 235 клірыкаў: 193 сьвятары (82%) і 42 дыяканы[1]. Япархія падзялялася на 11 прыхадзкіх акругаў на чале з дабрачынцамі: 1 Гомельскую гарадзкую, 9 раённых і 1 манастырскую. Кіраўніцтва япархіі месьцілася ў Гомелі па вул. Баўмана, д. 16[2]. У япархіі працавалі Камісія па кананізацыі сьвятых і 8 аддзелаў: інфармацыйны, місіянэрскі, паломніцкі, працы з моладзьдзю, рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, сацыяльнага служэньня і царкоўнай дабрачыннасьці, турэмнага служэньня, узаемін з Узброенымі сіламі і праваахоўнымі органамі[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1924 году Гомельскае вікарыяцтва Магілёўскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы, заснаванае 7 лютага [ст. ст. 25 студзеня] 1907 году, пераўтварылі ў Гомельскую япархію. Першапачаткова часовым кіраўніком япархіі заставаўся магілёўскі япіскап Нікан (Дзегцярэнка) (нар. 1884, Глухаў, цяпер Украіна), які атрымаў хіратонію на пасаду 6 сьнежня 1924 году ў Мікола-Пяшнонскім манастыры (пасёлак Лугавы, Зьмітраўскі павет, Маскоўская губэрня). Напярэдадні новага году япіскапа Нікана арыштавалі і выслалі ў Кіеў (Украінская ССР), у сакавіку 1925 году ў Маскву (Расейская СФСР). 22 сакавіка 1925 году хіратонію ад маскоўскага патрыярха Ціхана на пасаду гомельскага япіскапа атрымаў Ціхан (Шарапаў) (нар. 1886, Тула, цяпер Расея)[4], які прыехаў з Масквы ў Гомель (Расейская СФСР) 3 красавіка 1925 году. Цягам красавіка япіскап Ціхан вярнуў у склад япархіі РПЦ большасьць прыходаў, якія пры канцы 1922 году перайшлі ў склад абнаўленчай Праваслаўнай расейскай царквы. 16 траўня 1922 году япіскапа Ціхана арыштавалі і пераправілі ў Магілёў (Расейская СФСР), затым у Маскву. У 1926 году япархіяй часова кіраваў вікары Тульскай япархіі Варлаам (Пікалаў) (нар. 1885, Ліўны, цяпер Расея), які пакінуў пасаду 4 лістапада 1926 году па стане здароўя і зьехаў у Маскоўскую губэрню.
У сувязі з 2-м узбуйненьнем Беларускай ССР 4 сьнежня 1926 году, да 1 студзеня 1928 году 24 прыходы Гомельскай япархіі РПЦ у Гомельскай акрузе (БССР) перайшлі ў склад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы[5] (БАПЦ). У сьнежні 1933 г. часовым кіраўніком Гомельскай япархіі РПЦ быў вікары Курскай япархіі Стэфан (Андрыяшанка) (нар. 1870, Красны Кут, цяпер Расея), які заняў пасаду 13 сьнежня 1933 году. 17 сьнежня 1934 году хіратонію ў гомельскага япіскапа РПЦ атрымаў Серафім (Какотаў) (нар. 1891, Лапцевы Хутары, цяпер Расея), аднак ня здолеў заняць пасаду ў сувязі з адмовай у рэгістрацыі ў Беларускай ССР. У 1935 годзе бальшавікі зачынілі ў Гомелі катэдральны Сабор сьвятых Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1824 годзе[6].
У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады Беларусі дазволілі аднавіць Гомельскую япархію, якая ўвайшла ў склад БАПЦ. У кастрычніку 1960 году ў Гомелі паўторна зачынілі Петрапаўлаўскі сабор, дзе ў 1962 годзе разьмясьцілі плянэтарый. Агулам за савецкі час у Гомельскай вобласьці БССР зачынілі 57 цэркваў. Да 1985 году засталося 42 дзейныя царквы. У 1989 годзе Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі перадалі Расейскай праваслаўнай царкве [4]. 20 ліпеня 1990 году Сьвяты сынод РПЦ пастанавіў аднавіць Гомельскую япархію ў межах Гомельскай вобласьці БССР, у складзе Беларускага экзархату. У той самы дзень маскоўскі патрыярх Аляксій II падпісаў Указ № 1420 аб прызначэньні гомельскім япіскапам архімандрыта Арыстарха (Станкевіча), які стаў першым ураджэнцам Беларусі на гэтай пасадзе. 17 ліпеня 1992 году Сьвяты сынод РПЦ ухваліў пастанову аб вылучэньні Тураўскай япархіі са складу Гомельскай у 10 заходніх раёнах Гомельскай вобласьці (Беларусь)[7]. Прыходы Гомельскай япархіі пакінулі ў 11 усходніх раёнах Гомельскай вобласьці: Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрускім, Жлобінскім, Кармянскім, Лоеўскім, Рагачоўскім, Рэчыцкім, Сьветлагорскім і Чачэрскім. 31 траўня 1998 году ў Гомельскай япархіі кананізавалі праведнага Яна Кармянскага, якога ўлучылі ў Сабор беларускіх сьвятых. 11 жніўня 2007 году ў Петрапаўлаўскім саборы Гомеля праславілі прападобную Манефу Гомельскую, якую таксама ўлучылі ў Сабор беларускіх сьвятых. 27 сьнежня 2007 году ў складзе Гомельскай япархіі стварылі Рэчыцкае вікарыяцтва, япіскапам якога стаў рэктар Менскай духоўнай сэмінарыі архімандрыт Леанід (Філь). Да кастрычніка 2010 году ў Гомельскай япархіі аднавілі і пабудавалі звыш 50 цэркваў, адчынілі 4 манастыры. Дзейнічалі 53 нядзельныя школы. У Гомелі налічвалася 19 прыходаў і 2 манастыры[6].
Япіскапы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нікан (Дзегцярэнка) (6 сьнежня 1924 — 22 сакавіка 1925)
- Ціхан (Шарапаў) (22 сакавіка 1925 — 17 сакавіка 1934)
- Варлаам (Пікалаў) (1926), часовы (кашырскі япіскап)
- Стэфан Андрыяшанка (сьнежань 1933), часовы
- Паўлін (Крошачкін) (1935 — 24 кастрычніка 1936)
- Рыгор (Барышкевіч) (1946), з 1944 году ў эміграцыі
- Арыстарх (Станкевіч) (29 ліпеня 1990 — 22 красавіка 2012)[8]
- Стэфан (Нешчарэт) (з 7 чэрвеня 2012 году)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Здудзіцкі каменны крыж.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гомельская япархія // Беларуская праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ Гомельскае епархіяльнае кіраўніцтва // Беларуская праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ Епархіяльныя аддзелы і камісіі Гомельскай япархіі // Беларуская праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ а б Гомельская япархія адзначае сваё 20-годзьдзе // Эўрарадыё, 26 кастрычніка 2010 г. Архіўная копія ад 26 кастрычніка 2010 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ Уладзімер Навіцкі. Палітыка расколу Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. — № 2-3 (46-47). — С. 40-48; 18-24. — ISSN 1993-1999.
- ^ а б Алена Германовіч. Гомельская праваслаўная япархія сьвяткуе 20-годзьдзе // БелаПАН, 30 кастрычніка 2010 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ Гісторыя Гомельскай япархіі // Беларуская праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 9 кастрычніка 2017 г.
- ^ Ірына Асташкевіч. Ён умеў суцяшаць // Зьвязда : газэта. — 1 чэрвеня 2012. — № 103 (27218). — С. 7. — ISSN 1990-763x.