Майкл Пампэо
Майкл Пампэо | |
анг. Michael Richard Pompeo | |
2018 год | |
70-ы дзяржаўны сакратар ЗША | |
---|---|
26 красавіка 2018 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Дональд Трамп |
Папярэднік: | Рэкс Тылерсан |
6-ы кіраўнік Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША | |
23 студзеня 2017 — 26 красавіка 2018 | |
Папярэднік: | Джон Брэнан |
Наступнік: | Джына Хаспэл |
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ЗША ад 4-й акругі штату Канзас | |
3 студзеня 2011 — 23 студзеня 2017 | |
Прэзыдэнт: | Барак Абама |
Папярэднік: | Тод Тыхарт |
Наступнік: | Рональд Эстэс |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
30 сьнежня 1963[1] (60 гадоў) |
Партыя: | Рэспубліканская партыя ЗША |
Сужэнец: | жонка Лэсьлі Лібэрт (1986), Сюзан (2000) |
Дзеці: | сын Нікалас |
Бацька: | Ўэйн Пампэо |
Маці: | Дораці Пампэо |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Майкл Ры́чард Пампэ́о (па-ангельску: Michael Richard Pompeo; 30 сьнежня 1963 году, Орандж, Каліфорнія, ЗША) — амэрыканскі дыплямат і палітык.
70-ы дзяржаўны сакратар ЗША (з 2018 году), 6-ы кіраўнік Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША (2017—2018). У лютым 2020 году наведаў Беларусь з працоўным візытам.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і амэрыканца італьянскага паходжаньня. Яго прадзед Карлё Пампэо і прабабуля Адэліна Толіс нарадзіліся ў італьянскім горадзе Пачэнтра (вобласьць Абруцца) ды перасяліліся ў ЗША ў 1899 і 1900 гадах. У 1982 годзе скончыў Лос-Амігаскую школу ў Фаўнтэйн-Вэлі (акруга Орандж, штат Каліфорнія), дзе гуляў у баскетбольнай дружыне нападнікам. У 1986 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ЗША ў Ўэст-Поінце (штат Нью-Ёрк) па спэцыяльнасьці кіраваньне ў інжынэрнай справе ды быў лепшым у клясе паводле пасьпяховасьці. У 1986—1991 гадах служыў у Войску ЗША ў Заходняй Нямеччыне. У якасьці афіцэра 7-га кавалерыйскага палка 4-й пяхотнай дывізіі даслужыўся да капітана. У 1994 годзе атрымаў званьне доктара права ў Гарвардзкай школе права (Кембрыдж, штат Масачусэтс). У дактарантуры працаваў адным з 78 рэдактараў «Гарвардзкага часопіса права і публічнай палітыкі» і 81-мясцовай радзе рэдактараў «Гарвардзкага агляду права». Пасьля працаваў праўнікам у Вашынгтоне на ТАА «Ўільямз і Коналі». У 1998 годзе разам з 3-ма былымі аднакурсьнікамі скупіў 3-х вытворцаў самалётных дэталяў у Ўічыце (штат Канзас) і аднаго ў Сэнт-Люісе (штат Мізуры), якія злучыў у прадпрыемства «Тэер». Каля 20% сродкаў на скупку забясьпечылі мясцовае прадпрыемства «Промыслы Коўка», даласкае «Кардынальныя ўкладаньні» (штат Тэхас) і «Бэйн і кампанія» (Бостан, штат Масачусэтс). У 2006-м прадаў долю ў прадпрыемстве давернаму фонду «Хайлэнд» (Далас) і стаў кіраўніком «Сэнтры Інтэрнэшнл», дзе «Промыслы Коўка» таксама мелі долю. У 2007—2009 гадах быў дыяканам прэсьбітэрыянскай царквы і настаўнікам у нядзельнай школе.
Дзяржаўная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2010 годзе абраўся дэпутатам ад Рэспубліканскай партыі у Палату прадстаўнікоў ЗША па 4-й акрузе штату Канзас. У якасьці перадбывабарчага ахвяраваньня атрымаў $80 000 ад «Промыслаў Коўка». У 2012, 2014 і 2016 гадах перавыбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ЗША, дзе працаваў у Пастаянным камітэце па выведцы і Сталым камітэце па энэргіі і гандлі. У Кангрэсе ЗША належаў да фракцыі канстытуцыяналістаў і браў удзел у руху чаяваньня ў складзе Рэспубліканскай партыі. 23 студзеня 2017 годзе заняў пасаду кіраўніка Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША. У лютым 2017 году наведаў Турэччыну, дзе дамовіўся з прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам пра супольныя захады супраць Ісламскай дзяржавы ў Сырыі. Таксама ў лютым наведаў Саудаўскую Арабію, дзе ўзнагародзіў спадкаемнага прынца Мухамэда ібн Наіфа мэдалём Джорджа Тэнэта. 1 красавіка 2018 году наведаў Паўночную Карэю, дзе перамовіў зь вярхоўным правадыром Кім Чэн Ынам для падрыхтоўкі сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША ў Сынгапуры 12 чэрвеня. 26 красавіка 2018 году заняў пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. У жніўні 2018 году падзякаваў саудаўскаму спадкаемнаму прынцу Мухамэду ібн Салману за падтрымку ў паўночна-ўсходняй Сырыі. 23 студзеня 2019 году абвясьціў аб прызнаньні Хуана Гуайды ў якасьці выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы. У лістападзе 2019 году паведаміў, што ўрад ЗША перастаў разглядаць ізраільскія паселішчы на Заходнім беразе ракі Ярдан ў якасьці парушэньня міжнароднага права.
-
Сустрэча з паўночнакарэйскім правадыром Кім Чэн Ынам (1 красавіка 2018 г., Пхэньян)
-
Зь ізраільскім прэм’ерам Бэньямінам Нэтаньягу (29 красавіка 2018 г., Тэль-Авіў)
-
З саудаўскім спадкаемным прынцам Мухамэдам ібн Салманам (16 кастрычніка 2018 г., Рыяд)
-
На інаўгурацыі бразыльскага прэзыдэнта Жаіра Балсанару (1 студзеня 2019 г., Бразыліа)
-
Перамовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным (14 траўня 2019 г., Сочы)
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 лютага 2020 году ў менскім Палацы незалежнасьці дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пампэо заявіў, што пасьля 12-гадовага перапынку ўрад ЗША прызначыць амбасадара ў Беларусі, «каб амэрыканскія прадпрыемствы былі тут». Таксама ён ухваліў супрацу з урадам Беларусі ў змаганьні супраць тэрарызму. Перад гэтым А. Лукашэнка згадаў, што ў бытнасьць Пампэо кіраўніком Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША (2017—2018) «на мяжы зь Беларусьсю разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі церазь мяжу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду». Дзяржсакратар ЗША адзначыў падпісаньне ўрадам Беларусі дамоваў зь Міністэрствам абароны ЗША, Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў і Ўправай па барацьбе з наркотыкамі пры Мін’юсьце ЗША. Ён заўважыў: «Гэта палепшыць сумесную працу ў такіх галінах, як бясьпека межаў, кібэрбясьпека, барацьба зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў». За зачыненымі дзьвярыма прайшлі перамовы наконт уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Mike Pompeo // GeneaStar
- ^ а б в г Biographical Directory of the United States Congress (анг.) — GPO, 1903.
- ^ Марыя Дадалка. «Вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ, і краіна гатова працаваць на стабільнасьць і мір» // Зьвязда : газэта. — 4 лютага 2020. — № 22 (29136). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біяграфія. ЦРУ. (анг.)
- Майкл Пампэо на Curlie. (анг.)
- Нарадзіліся 30 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1963 годзе
- Нарадзіліся ў Оранджы (Каліфорнія)
- Выпускнікі Вайсковай акадэміі ЗША
- Выпускнікі Гарвардзкай школы права
- Кавалеры ордэна Брыльянтавай зоркі
- Дзяржаўныя сакратары ЗША
- Прэсьбітэрыяне ЗША
- Асобы ЗША італьянскага паходжаньня
- Антыкамуністы ЗША
- Дыпляматы ЗША
- Авіяцыйныя бізнэсоўцы
- Дырэктары ЦРУ
- Сябры Рэспубліканскай партыі ЗША
- Сябры Кабінэту міністраў Дональда Трампа
- Афіцэры арміі ЗША