Перайсьці да зьместу

Янка Саламевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янка Саламевіч
Дата нараджэньня 29 кастрычніка 1938(1938-10-29)
Месца нараджэньня в. Малая Кракотка, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 31 ліпеня 2012(2012-07-31) (73 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак літаратуразнаўца, перакладнік
Навуковая сфэра літаратуразнаўства
Месца працы
Сябра ў Саюз пісьменьнікаў СССР і ТБМ
Навуковая ступень кандыдат філялягічных навук[d]
Узнагароды

Янка Саламевіч (поўн. — Іван Уладзімеравіч Саламевіч; 29 кастрычніка 1938, в. Малая Кракотка, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва — 31 ліпеня 2012) — беларускі літаратуразнавец, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык. Кандыдат філялягічных навук (1971). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі (1976).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1955 скончыў сярэднюю школу ў в. Вялікая Кракотка. Вучыўся на беларускім аддзяленьні філялягічнага факультэта БДУ (1955—1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960—1962), рэдактарам рэдакцыі вучэбнай і мэтадычнай літаратуры, да 1964 старшым рэдактарам грамадзка-гуманістычных навук выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдня спэцыяльнай і прафэсіянальнай адукацыі БССР (цяпер «Вышэйшая школа»). У 1967 скончыў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 старшы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклёру і этнаграфіі, у 1976—1992 — загадчык навуковай рэдакцыінароднай асьветы і беларускіх слоўнікаў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, з 1992 яе вядучы рэдактар, з 1994 вядучы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклёру і этнаграфіі БелЭн. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Міхаіл Федароўскі — фальклярыст». У 1987—1997 выкладаў у БДУ. У 1979—1988 разам зь іншымі філёлягамі вёў тэлечасопіс «Роднае слова». З 1988 старшыня рады Таварыства беларускай мовы Першамайскага раёну г. Менску.

Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэньні Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачаў друкавацца ў 1955 у слонімскай раённай газэце «Вольная праца». Першы артыкул у рэспубліканскім друку зьявіўся ў 1957. Дасьледуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры, фальклёр.

Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыцьцё і творчасьць пісьменьнікаў Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіч, М. Гарэцкага, М. Арла, З. Верас, Т. Гардзялкоўскай, А. Зязюлі, К. Лейкі, Г. Леўчыка, Ф. Шантыра, У. Дубоўкі, фальклярыстаў і этнографаў Біруты, П. Дземідовіча, Р. Зянкевіча, Ч. Пяткевіча, М. Федароўскага і інш.

Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псэўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклёр (1926—1963)» (1964), кнігу «М. Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакумэнты» (1984, з А. Лісам), зборнікі Г. Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н. Ляшковіч), М. Арла «Лірнік» (1991), Я. Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на расейскай мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбраныя творы Я. Чачота «Сьвіцязь» (1999), зборнікі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літаратурна-мастацкі каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001).

На беларускую мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л. Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі». кнігу М. Федароўскага «Люд беларускі: Вясельле», аповесьць «Адысэй зь Беларусі» В. Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Сьвіслач, Дзярэчын і Ружану» Л. Патоцкага, раманы «Зьверабой» Дж. Ф. Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г. Шупенькам) і інш.

  • Саламевіч Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 242. — 480 с ISBN 5-85700-168-4
  • Саламевіч Янка / Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]