Адам Гурыновіч
Адам Гурыновіч лац. Adam Hurynovič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 студзеня [ст. ст. 25 студзеня] 1869; Кавалькі Вілейскі павет, Віленская губэрня |
Памёр | 23 студзеня [ст. ст. 4 лютага] 1894 ф. Крыстынопаль, Сьвянцянскага павет, Віленская губэрня |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, фальклярыст |
Мова | беларуская мова |
Адам Гіляры Каліставіч Гурыновіч (25 (13) студзеня 1869, Кавалькі, Вілейскі павет, Віленская губэрня, цяпер Мядзельскі раён, Менская вобласьць — 2 лютага (23 студзеня) 1894[1],[2], фальварак Крыстынопаль, Сьвянцянскага павет, Віленская губэрня, цяпер Вялейскі раён[2], Менская вобласьць) — беларускі паэт, фальклярыст, рэвалюцыянэр.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Род Гурыновічаў вядомы з XV стагодзьдзя (герб «Праўдзіц»). Далёкія продкі А. Гурыновіча — па бацькавай лініі — былі выхадцамі з Арабіі, татарамі-мусульманамі і мелі прозьвішча Гурын. Маці паходзіла з гетманскага роду Сяняўскіх.
Рана асірацеў (бацька памёр, калі яму было сем гадоў). У 1879—1887 вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Разам з братамі і сёстрамі жыў на Пірамонцкім завулку ў Вільні. У 1887—1893 у Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце. Праз хваробу вучоба перапынялася, бо ў сьнежні 1887 ён захварэў на тыфус і знаходзіўся ў Аляксандраўскай гарадзкой бальніцы. Увосень 1888 пачаў заняткі зноў зь першага курса.
Праводзіў фальклёрна-этнаграфічныя зборы. У 1890 пераслаў свае запісы Яну Карловічу ў Варшаву; былі выдадзеныя ў 1893 у Кракаве. Пэўны час узначальваў створаны ў 1889 нелегальны «Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларасійскай». На фармаваньне сьветапогляду Гурыновіча зрабіў уплыў марксізм, а таксама ідэі шляхецкіх рэвалюцыянэраў і народнікаў 1880-х гг.
Арыштаваны 16 чэрвеня 1893 у Вільні, дзе маніўся спаткацца з Станіславай Пяткевіч, дастаўлены ў Санкт-Пецярбург. Адседзеў некалькі дзён ў доме папярэдняга зьняволеньня, затым прасядзеў з паўгоду ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. З прычыны хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе памёр ад чорнай воспы. Упершыню яго творы апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч (з уступным артыкулам) у 1921 у газэце «Беларускі звон».
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісаў на беларускай, польскай, расейскай мовах. У паэзіі быў пасьлядоўнікам Францішка Багушэвіча. Асноўная частка творчасьці паэта — беларускія вершы.
Пры жыцьці паэтычныя творы не друкаваліся, але ў часопісе «Wisła» друкаваў народныя песьні, этнаграфічныя матэрыялы. Праца Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў (Зь Вішнеўскай воласьці, Жодзінскай парафіі, Сьвянцянскага пав. Віленскай губэрні)» была надрукаваная ў часопісе Кракаўскай акадэміі навук «Zbor wiadomosci do antropologii krajowej»[3].
Перакладаў творы М. Някрасава, А. Талстога, А. Пушкіна, І. Крылова, І. Франко, Э. Ажэшкі, Міцкевіча і інш[3].
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гонар Адама Гурыновіча ў Вялейцы названая вуліца, а ў Мядзелі — завулак[3].
Кнігапіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Гурыновіч. Да Мацея Бурачка. Што ты сьпіш мужычок. (Вершы) // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 12 красавіка 1921. — № 3. — С. 3.
- А. Гурыновіч. Што за звук ды так громка раздаўся. (Верш) // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 17 красавіка 1921. — № 4. — С. 4, 5.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адам Мальдзіс: Краязнаўчая адысея(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы»
- ^ а б Сяргей Макарэвіч. (1 лютага 2009) Успомнілі паэта. Вялейка.org. Праверана 14 чэрвеня 2012 г.
- ^ а б в Сяргей Макарэвіч. Выпраўляем памылкі. Вялейка. Праверана 14 чэрвеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гурыновіч Адам Гіляры Каліставіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч. 1. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн.: Выш. шк., 1989. — С. 293—306 — 319 с.
- Б. Тарашкевіч. Адам Гурыновіч. // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 12 красавіка 1921. — № 3. — С. 2, 3.
- Janka Šutovič. Adam Hurynovič. (U 40-ja ŭhodki śmierci). (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, сакавік. — № 3 (63). — С. 5—7.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адам Гурыновіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 25 студзеня
- Нарадзіліся ў 1869 годзе
- Нарадзіліся ў Мядзельскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія рэвалюцыянэры
- Беларускія фальклярысты
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Памерлі 2 лютага
- Памерлі ў 1894 годзе