Перайсці да зместу

Чарнобыльская катастрофа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.
Здымак Чарнобыльскай АЭС са станцыі Мір 27 красавіка 1997 года

Чарнобыльская аварыя — тэхнагенная катастрофа, якая адбылася ў ноч на 26 красавіка 1986 на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай станцыі (ЧАЭС, Украіна, тады Украінская ССР у складзе СССР). Аварыя стала найвялікшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва.

Прычыны аварыі на ЧАЭС

Прычыны аварыі караніліся ў тэхнічным адставанні СССР і сур’ёзных праліках у развіцці атамнай энергетыкі. Непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены пры наяўнасці слабасцей у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым адбыўся выбух на 4-м энергаблоку ЧАЭС. Разбурэнне рэактара прывяло да выкіду ў паветра велізарнай колькасці радыёактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца[1][2][3].

Дзяржаўная камісія, сфарміраваная ў СССР для расследавання прычын катастрофы, усклала асноўную адказнасць за яе на аператыўны персанал і кіраўніцтва ЧАЭС. МАГАТЭ стварыла сваю кансультатыўную групу, вядомую як Кансультатыўны камітэт па пытаннях ядзернай бяспекі (INSAG; International Nuclear Safety Advisory Group), які на падставе матэрыялаў, прадстаўленых савецкім бокам, і вусных выказванняў спецыялістаў (дэлегацыю савецкіх спецыялістаў узначаліў В. А. Лягасаў, першы намеснік дырэктара ІАЭ імя І. В. Курчатава) у сваёй справаздачы 1986 года[4] таксама ў цэлым падтрымаў гэты пункт гледжання. Сцвярджалася, што аварыя з’явілася следствам малаімавернага супадзення шэрагу парушэнняў правілаў і рэгламентаў эксплуатацыйным персаналам, а катастрафічныя наступствы набыла з-за таго, што рэактар ​​быў прыведзены ў нерэгламентны стан[5].

Грубыя парушэнні правілаў эксплуатацыі АЭС, учыненыя яе персаналам, з пазіцыі гэтага пункту гледжання[5], заключаюцца ў наступным:

  • Правядзенне эксперыменту «любой цаной», нягледзячы на змену стану рэактара;
  • Вывад з працы спраўных тэхналагічных абарон, якія проста спынілі б рэактар яшчэ да таго, як ён трапіў у небяспечны рэжым;
  • Замоўчванне маштабу аварыі ў першыя дні кіраўніцтвам ЧАЭС.

Наступствы Чарнобыльскай катастрофы

Малы аркуш паштовых марак Беларусі, прысвечаны дзесяцігоддзю аварыі.

Дзеянні саюзных і рэспубліканскіх улад у першыя дні пасля аварыі

Саюзныя і рэспубліканскія ўлады ў першыя дні абралі тактыку замоўчання інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеянняў, якія маглі б паменшыць адмоўныя вынікі для насельніцтва. На другі дзень пасля аварыі пра рэзкае павышэнне радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краін загаварылі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Англіі і інш. Толькі пасля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося «некаторае павышэнне радыяцыйнага фону».

Забруджаныя тэрыторыі

Забруджаная тэрыторыя, 1996

У выніку аварыі тэрыторыя на дзясяткі кіламетраў вакол ЧАЭС была забруджана радыенуклідамі звыш дапушчальных значэнняў. З саюзнага сельскагаспадарчага абароту было выведзена каля 5 млн гектараў зямель, вакол ЧАЭС створана 30-кіламетровая зона адчужэння, знішчаны сотні дробных населеных пунктаў.

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70 % усяго радыеактыўнага забруджвання. На землях з узроўнем забруджання цэзіем-137 звыш 36кБк/кв. апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25 % насельніцтва рэспублікі).

У Брэсцкай вобласці шчыльнасць забруджвання радыенуклідамі на ўзроўні ад 1 да 15 кюры на км² маюць наступныя рэгіёны[6]:

Страты Беларусі ад аварыі склалі 235 млрд долараў ЗША. З усіх галін беларускай эканомікі найбольшыя страты панесла сельская гаспадарка. 1866 тыс. га сельскагаспадарчых зямель падверглася радыеактыўнаму забруджванню шчыльнасцю звыш 1 Кі/км². Пры гэтым на 141 тыс. га шчыльнасць забруджвання склала ад 15 да 40 Кі/км². У выніку з сельскагаспадарчага звароту давялося вывесці 264 тыс. га зямель. Спынілі сваё існаванне 54 калгасы і саўгасы. Хаця ў зоне радыеактыўнага забруджвання аказалася каля 340 прадпрыемстваў (17 % агульнага аб’ёму выпуска прамысловай прадукцыі рэспублікі) на найбольш забруджанай тэрыторыі (ад 15 да 40 Кі/км²) знаходзіліся толькі 20 прамысловых прадпрыемстваў, у асноўным невялікіх, якія ўваходзілі ў сістэму харчовай прамысловасці[7].

Наступствы для здароўя людзей

У студзені 1987 года ў Беларусі зарэгістравана незвычайна вялікая колькасць выпадкаў сіндрому Даўна[en], аднак тэндэнцыі да павелічэння захворвання не назіралася[8].

У мастацтве

Выяўленчае мастацтва

Віктар Шматаў. «Пахаванне ў Чарнобыльскай зоне», 1994

Помняцца вобразы жывапісных палотнаў «Апаленыя крылы» І. Белановіча, «Боль маёй Беларусі» У. Вальнова, «Мёртвая вёска» В. Валынца, «Жанчына з кветкай» Л. Гоманава, «За што, Госпадзі» Л. Дударэнкі, «Трывожная цішыня» У. Кухарава, «Чарнобыль. Тут былі людзі» У. Маскоўскіх, «Адвечны боль» А. Рыбчынскага, серыя «Чарнобыль» В. Шкарубы, серыя «Чарнобыльская хроніка» У. Кожуха, серыі і карціны «Палессе пасля Чарнобыля», «Чарнобыльская трагедыя», «Пахаванне ў чарнобыльскай зоне», «Дарога ў зону», «Палескія крыжы», «Маці» В. Шматава, палотны «Эвакуацыя», «Кінуты двор», «Трывожны крык», трыпціхі «Зона» і «Тут была вёска» В. Барабанцава, серыя «Палессе. Драма ХХ стагоддзя», палотны «Перасяленцы», «Чырвоныя дрэвы», «Час каметы Галея», «Край майго дзяцінства», «Музыка мёртвых струнаў», «Замест некралога, або Ваневы тапачкі», «Пеўні тут болей не спяваюць» У. Гардзеенкі; у графіцы — «Зона забруджання» М. Арсаланава, серыя «Квадрат Чарнобыля» Л. Асецкага, «Пакутніцы духоўнага Чарнобыля» У. Басалыгі, серыя «Прывіды маёй маленькай Радзімы» У. Васюка, «Бабіна лета ў Мазыры» П. Дурчына, трыпціх «Прадчуванне бяды» А. Кашкурэвіча, серыя «Маўчанне» У. Савіча, «Сухія кветкі» А. Сеслікавай, серыя «Краіна забыцця» Р. Сітніцы. Помняцца скульптурныя творы «Загінулым пры тушэнні пажару на АЭС прысвячаецца» М. Дробыша, «Людзі і дрэвы» А. Купрыянава, «Чорная вестка» У. Слабодчыкава, «Апагей» Л. Яшэнкі; у кераміцы — «Метамарфозы» А. Зіменкі, «Кліч» Т. Курачыцкай, «Жанчыны Палесся» А. Ярмоленкі; у габелене — «Чарнобыль» Аляксандра Кішчанкі (10 х 4 метры, знаходзіцца ў будынку ААН), «Чорная быліна» («Пра ненароджаных дзяцей Палесся»; 1989), «Крыніца часу», «Зорка Палын» (1991) Вольгі Дзёмкінай; у ручніках — «Дакрананне», «Травень», «Дзічкі» П. Бондара, плакаты «26 красавіка 1986 года» Л. Гоманава, «Божа, злітуйся» У. Жука, «Нябачная вайна» Я. Хайруліна; серыя мастацка-графічных рэканструкцый «Нацыянальны касцюм раёнаў Чарнобыля» М. Раманюка. Цыкл манументальных палотнаў М. Савіцкага «Чорная быль» («Крыж надзеі», «Эвакуацыя», «Плач па зямлі», «Рэквіем», «Відушчы», «Настальгія», «Пакінутыя», «Чарнобыльская мадонна», «Доля», «Забароненая зона») па моцы ўздзеяння можна параўнаць з яго ж вядомым ваенным цыклам «Лічбы на сэрцы»[10].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Проект ICRIN (2011). Международный Чернобыльский портал chernobyl.info. Праверана 2011. {{cite book}}: Праверце значэнне даты ў: |accessdate= (даведка)
  2. Международное агентство по атомной энергии (2008). Экологические последствия аварии на Чернобыльской АЭС и их преодоление. Двадцатилетний опыт. Доклад экспертной группы "Экология" Чернобыльского форума (PDF). Vienna: IAEA. p. 180. ISBN 978-92-0-409307-0.
  3. Источники и эффекты ионизирующего излучения. Приложение Д. Эффекты на здоровье вызванные ионизирующим излучением при Чернобыльской аварии. Доклад Научного комитета ООН по действию атомной радиации (PDF). Нью Йорк: НКДАР ООН. 2011. p. 174. Архівавана з арыгінала (PDF) 22 сакавіка 2011.
  4. International Nuclear Safety Advisory Group. Summary Report on the Post-Accident Review on the Chernobyl Accident. Safety Series No. 75-INSAG-1. IAEA, Vienna, 1986.
  5. а б Информация об аварии на Чернобыльской АЭС и её последствиях, подготовленная для МАГАТЭ // Атомная энергия, т. 61, вып. 5, ноябрь 1986
  6. А. С. Судас, Н. К. Филипенко, Л. В. Жуковская, А. А. Зайцев. Актуальные проблемы ликвидации последствий катастрофы на чернобыльской АЭС в загрязненных радионуклидами районах Брестской области на современном этапе. Архівавана 29 красавіка 2015.
  7. Лыч, Г. М., Патеева, З. Г. Чернобыльская катастрофа: социально-экономические проблемы и пути их решения / НАН Беларуси, Белорусский республиканский фонд фундаментальных исследований, Ин-т экономики НАН Беларуси. — Мн., 1999. — 291, [1] с. — С. 3, 40 — 47, 66. — ISBN 985-442-027-8.
  8. Down syndrome time-clustering in January 1987 in Belarus: link with the Chernobyl accident? (англ.). Архівавана з першакрыніцы 15 мая 2023. Праверана 7 лютага 2024.
  9. Пакуль Чарнобыль глядзіць у душу(недаступная спасылка). Верхнедвинская центральная районная библиотека им. Т.Хадкевича. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2017. Праверана 3 кастрычніка 2016. (руск.)
  10. Галія Фатыхава. Памяць праз вобраз // Літаратура і мастацтва № 16 20 красавіка 2012 г

Спасылкі