Астравы Гілберта
Астравы Гілберта | |
---|---|
англ. Gilbert Islands | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 16 |
Найбуйнейшы востраў | Атол Табітэўэа |
Агульная плошча | 281,1 км² |
Насельніцтва | 91 395 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 325,13 чал./км² |
Размяшчэнне | |
0°00′ пд. ш. 174°00′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Астравы Гі́лберта (англ.: Gilbert Islands) — архіпелаг у Ціхім акіяне з 16 атолаў. Уваходзіць у склад Кірыбаці. Агульная плошча - 281,1 км². Насельніцтва (2005 г.) - 83382 чал., пераважна тунгару.
Ад назвы астравоў паходзіць назва Кірыбаці. На атоле Тарава знаходзіцца сталіца гэтай дзяржавы.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Гілберта — ланцуг з 16 атолаў, які цягнецца на 799 км з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход праз лінію экватара. Найбуйнейшы атол Табітэўэа займае плошчу 38 км². Бліжэйшы кантынент Аўстралія знаходзіцца ў 3603 км. Астравы месцяцца на вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта. Узвышаюцца ўсяго на некалькі метраў над воднай паверхняй. Складзены пераважна вапнякамі.
Клімат экватарыяльны. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля +25°C —+31°C. Штогадовы ўзровень ападкаў на атоле Тарава — 2020 мм. На поўначы ўзровень ападкаў падвышаецца да 3000 мм, на поўдні паніжаецца да 500 мм. З-за нізкай вышыні астравы Гілберта пакутваюць ад сталых паводак падчас трапічных цыклонаў, асабліва ў перыяд Эль-Ніньё. Астравам пагражае затапленне ў сувязі з сусветным пацяпленнем.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]З-за ізаляванасці і засоленых глебаў прырода астравоў Гілберта не адрозніваецца разнастайнасцю. Налічваецца каля 80 мясцовых відаў раслін. Найбольш распаўсюджана какосавая пальма. Фаўна прадстаўлена птушкамі, казуркамі, крабамі, марскімі чарапахамі і малюскамі. Значна больш уражвае фаўна навакольных каралавых рыфаў, населенных больш за 600 відамі рыб.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паміж 200 г. і 500 г. н. э. астравы Гілберта былі населены продкамі тунгару. У 1892 г. анексаваны Вялікабрытаніяй, якая ў 1916 г. стварыла калонію Астравы Гілберта і Эліс. У час II Сусветнай вайны частка астравоў была акупавана Японіяй. 12 ліпеня 1979 г. увайшлі ў склад Кірыбаці.