Перайсці да зместу

Тунгару

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тунгару, кірыбаці
(i-tungaru, i-kiribati)
Агульная колькасць 99534 чал. у Кірыбаці (2012 г.)
Рэгіёны пражывання Кірыбаці
Мова тунгару
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства, бахаі
Блізкія этнічныя групы маршальцы

Тунгару або кірыбаці (саманазвы i-tungaru, i-kiribati, літаральна «з астравоў Гілберта») — народ мікранезійскага паходжання, карэнныя насельнікі астравоў Гілберта. Складаюць аснову насельніцтва дзяржавы Кірыбаці. У выніку эміграцыі абшчыны тунгару маюцца ў іншых краінах Акіяніі і ў Вялікабрытаніі. Прыкладная колькасць у Кірыбаці — 99534 чал. (2012 г.) [1].

Некаторыя даследчыкі лічаць, што астравы Гілберта былі населены прыкладна 3000 гадоў таму, аднак больш распаўсюджаная версія — прамежак часу паміж 200 г. і 500 г. н. э. Самі тунгару звязваюць сваё паходжанне з Самоа. Паводле легенд, іх продкі прыйшлі з гэтых астравоў у вобразе духаў і толькі пазней ператварыліся ў людзей.

Да прыходу еўрапейцаў насельнікі шматлікіх астравоў і атолаў Гілберта складалі малыя ваенна-палітычныя саюзы і не мелі адзінай этнічнай тоеснасці, хаця культура і мова астравіцян была падобнай.

З 1837 г. сярод іх з’явіліся перасяленцы еўрапейскага паходжання. У 1892 г. астравы Гілберта былі анексіраваны Вялікабрытаніяй, якая ў 1916 г. стварыла калонію Астравы Гілберта і Эліс. У час II сусветнай вайны частка астравоў была акупавана Японіяй.

Паступовае стварэнне мясцовых адукаваных колаў, удзел у кіраванні калоніяй і ваенных дзеяннях прывялі да фарміравання агульнай тоеснасці. Гэтаму садзейнічалі міграцыйныя працэсы, распачатыя брытанскай адміністрацыяй. Людзі з розных астравоў мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой і ўсвядоміць сваю культурную і моўную блізкасць.

12 ліпеня 1979 г. была абвешчана незалежнасць Кірыбаці.

Традыцыйнымі заняткамі тунгару з’яўляліся земляробства (вырошчванне тара, хлебнага дрэва, какосавай пальмы і інш.). Важнае месца ў здабычы паўсядзённай ежы займаў лоў рыбы. Жывёлагадоўля (свінні, сабакі, куры) мела дадатковае значэнне. Земляробствам займаліся як мужчыны, так і жанчыны. Аднак лоў рыбы лічыўся выключна мужчынскім заняткам.

Распаўсюджаныя рамёствы — будаўніцтва лодак, пляценне, разьба па дрэве і косці марскіх жывёлін.

Тунгару жылі ў невялікіх паселішчах. Звычайна жыхары аднаго населенага пункта з’яўляліся сваякамі. Жытло будавалі з дрэва, падлогу і дах крылі саломай. У цэнтры паселішча вылучалася рытуальная пабудова манеаба, каля якой праводзілі сходы.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай да нашых дзён з’яўляецца абшчына ўту, якая аб’ядноўвае сваяцкія сем’і, мае адзіны родавы цэнтр каінга, валодае зямлёй і размяркоўвае надзелы паміж сем’ямі. Галоўную ролю ў кіраванні абшчынай мелі старэйшыя главы сем’яў. Яны складалі савет уніманэ. Некаторыя старэйшыны дамагаліся асаблівай ролі і з’яўляліся прывілеяванымі землекарыстальнікамі. На іх працавалі каўнга, якія сваёй зямлі не мелі. Каўнга таксама ўдзельнічалі ў ваенных паходах на баку гаспадара. Некаторыя даследчыкі прыраўноўвалі іх да рабоў.

У мінулым таксама ствараліся больш шырокія ваенна-палітычныя і сваяцкія аб’яднанні ботэ. Усяго іх налічвалася каля 30, прычым чальцы аднаго ботэ маглі жыць на розных астравах і ствараць мясцовыя аб’яднанні. Як сацыяльны інстытут ботэ былі ліквідаваныя каланіяльнай адміністрацыяй, але памяць пра прыналежнасць да іх захавалася. У сярэдзіне XX ст. на астравах Гілберта налічвалася 27 нефункцыянуючых ботэ.

Ваенныя сутычкі адбываліся не часта. Важную ролю мелі баявыя паядынкі і мастацтва адзінаборства. Апошняе захоўвалася як родавы сакрэт. Воіны апраналі даспехі з какосавых валокнаў і костак, узбройваліся драўлянымі паліцамі і трызубцамі з вострымі зубамі акул на навершы.

Тунгару добра захавалі фальклор, у тым ліку народныя танцы і спевы. Раней яны суправаджаліся акампанементам ударных і пляскам у далоні. Зараз часцей выкарыстоўваецца гітара.

У аснове рэлігійных уяўленняў ляжаў культ продкаў, многія з якіх вылучаліся адначасова як багі і культурныя героі. Тунгару таксама верылі ў магію.

З XIX ст. шырока распаўсюджана хрысціянства. Каля 55 % вернікаў — каталікі, астатнія — пратэстанты і бахаі.

Родная мова тунгару належыць да ўсходняй малайска-палінезійскай акіянійскай групы моў. Пісьмовасць распрацавана ў XIX ст. на аснове лацінкі.

Зноскі