Роберт (Бобі) Чарльтан (англ.: Sir Robert Charlton; 11 кастрычніка1937 — 21 кастрычніка2023) — англійскі футбаліст, паўабаронца і нападнік. Чэмпіён свету ў складзе нацыянальнай зборнай Англіі і ўладальнік «Залатога мяча» 1966 года. Большую частку кар’еры правёў за «Манчэстэр Юнайтэд», у якім быў капітанам. Чарльтан быў атакуючым паўабаронцам, валодаў адпрацаваным дрыблінгам, дакладным пасам і пастаўленым далёкім ударам. Ён прызнаецца многімі адным з найвялікшых футбалістаў Англіі ўсіх часоў.
Чарльтан пачаў выступаць за асноўны склад «Манчэстэр Юнайтэд» у 1956 годзе, а на працягу наступных двух сезонаў трывала заваяваў сабе месца ў аснове. Ён выжыў у мюнхенскай авіякатастрофе 1958 года, пасля чаго дапамог «Юнайтэд» выйграць Першы дывізіён у сезонах 1964/65 і 1966/67. У 1966 годзе Чарльтан разам са зборнай Англіі стаў чэмпіёнам свету. У 1968 годзе «Юнайтэд», у складзе якога Чарльтан быў капітанам, стаў першым англійскім клубам, які выйграў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Ён забіў за «Манчэстэр Юнайтэд» і зборную Англіі больш галоў, чым любы іншы гулец за ўсю гісторыю. Яму таксама доўгі час належаў рэкорд па колькасці матчаў, праведзеных за «Юнайтэд» (758), які пабіў Раян Гігз у фінале Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў Маскве 21 мая 2008 года.
На момант завяршэння кар’еры за зборную Англіі ў 1970 годзе яму належаў рэкорд па найбольшай колькасці гульняў за зборную (106 матчаў). Пазней гэты рэкорд быў пабіты Бобі Мурам, а затым Пітэрам Шылтанам.