Выдзяляюцца 3 сямействы: галубіныя, дронтавыя, рабковыя; 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сямейства галубіных вяхір, шызы голуб, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сямейства рабковых — саджа, або капытка — выпадкова залётны від. Вядомы таксама: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны) голуб, каменны (скалісты) голуб, буры голуб, белабрухі рабок і інш.
Даўжыня цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці відаў самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком».
Аб'екты спартыўнага палявання. Некаторыя ахоўваюцца.