Група расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі
Група расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі | |
---|---|
Гады існавання | лета 1998 — снежань 2000 |
Краіна | Расія |
Уваходзіць у | Эфіопа-эрытрэйскі канфлікт |
Тып | ваенныя саветнікі і ваенныя спецыялісты |
Колькасць | 100—500 альбо больш чалавек |
Дыслакацыя | Эфіопія |
Войны | Эфіопа-эрытрэйская вайна |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Якім Янакаў (з адабрэння МЗС Расіі[1]) |
Група расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі — кантынгент ваенных саветнікаў УС РФ і наймітаў пры УС Эфіопіі. Расійскія вайскоўцы аказалі значную дапамогу краіне падчас эфіопа-эрытрэйскага канфлікту. Характэрна, што супрацьлеглы бок карыстаўся паслугамі ваенных спецыялістаў з Украіны.
Ні адзін з бакоў, абвінавачваючы праціўніка ў выкарыстанні наймітаў з былога СССР, наяўнасць такіх у сябе не прызнаў. Аднак у Эфіопіі пацвердзілі факт прысутнасці расійскіх грамадзян сярод авіятэхнікаў, але дзейнасць расійскіх афіцэраў у ролі саветнікаў і пілотаў адмаўлялася[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1998 года паміж Эрытрэяй і Эфіопіяй успыхнуў узброены канфлікт, выкліканы тэрытарыяльнай спрэчкай. Сутычкі пачаліся пасля памежнага здарэння, за якім рушыла ўслед уварванне УС Эрытрэі на тэрыторыю эфіопскіх штатаў Тыграй і Афар.
Бакі падчас баявых дзеянняў актыўна выкарыстоўвалі авіяцыю. Першы раўнд вайны ў паветры выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру (гл. Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскага канфлікту). Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава[заўв 1] ўлады краіны звярнуліся да Расіі з заяўкай аб закупцы адсутнай матэрыяльнай часткі і паслуг неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў[3].
Бакам канфлікту спатрэбіліся спецыялісты па эксплуатацыі армейскай авіяцыі. Можна было звярнуцца да заходніх спецыялістаў, але паслугі расіян былі куды танней. Так, напрыклад, згодна з французскім наймітам Бобам Дэнарам, калі брытанец браў за сваю работу чатыры тысячы долараў, то спецыялісты з Расіі былі згодны на дзве. Паколькі пасля 1991 года ў былых савецкіх рэспубліках мноства вайсковых кадраў страцілі сваю работу ці ж знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, то жадаючых паехаць у Эфіопію знайшлося шмат[2][4].
Неўзабаве чартарным рэйсам транспартнік Іл-76 даставіў на галоўную базу ВПС Эфіопіі ў Дэбры-Зэйт 80 спецыялістаў, камплекты бартавых РЛС, узбраенне, абсталяванне сувязі і іншую маёмасць, неабходную для правядзення аднаўленчага рамонту МіГ-21 і МіГ-23[3].
У рамках эфіопа-расійскага пагаднення афрыканскія лётчыкі прайшлі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам расійскіх інструктараў на авіябазе ў Дэбрэ-Зэйт. Частка лётнага і тэхнічнага складу была накіравана на стажыроўку ў Краснадарскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча[5].
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Генеральны Штаб Эфіопіі ўзначальваў генерал Анатоль Касьяненка, былы начштаба Уральскай ваеннай акругі, штаб ВПС курыраваў генерал Іван Фралоў, ягоны памочнік генерал Дзмітрый Яфіменка адказваў за бамбардзіровачную авіяцыю, а за боегатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны – палкоўнік Яўген Абухоў, былы камандзір часці СПА з падмаскоўнай Кубінцы. Усіх гэтых людзей завербаваў у свой час генерал Якім Янакаў, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва замежнымі сіламі[2][4].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У сферу дзейнасці расійскіх вайскоўцаў уваходзіла ажыццяўленне праверкі гатоўнасці войскаў да вядзення баявых дзеянняў, удзел у распрацоўцы плана супрацьпаветранай абароны краіны і прымянення авіяцыі[6].
У ходзе вайны з Эрытрэяй замежныя спецыялісты дапамаглі эфіопам падрыхтаваць транспартнікі Ан-12 да выкарыстання ў ролі начных бамбардзіроўшчыкаў ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў па выкарыстанні спецыялізаваных ударных самалётаў МіГ-23БН. Як мінімум, двойчы ў апісваны перыяд эфіопскія Ан-12 бамбілі пазіцыі эрытрэйцаў у раёне Бадмэ[3].
Па дадзеных італьянскага часопіса Analisi Difesa, замежнікі ўдзельнічалі ў планаванні майскага наступлення 2000 года. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС (акрамя Янакава, гэта — генерал-маёр Дзмітрый Міхайлавіч Яфіменка; да прыбыцця ў Эфіопію займаў пасаду камандзіра бамбардзіровачнай авіядывізіі; у Эфіопіі — саветнік камандуючага ВПС, генерал-маёр Іван Паўлавіч Фралоў, раней — камандзір знішчальнай авіядывізіі; у Эфіопіі — саветнік начальніка штаба ВПС) і адзін ад СПА (палкоўнік Яўген Пятровіч Абухоў, ранейшая пасада-начальнік аператыўнага аддзела 16-й ВА ВПС і СПА, Кубінка; у Эфіопіі — саветнік камандуючага СПА)[7].
Аднак расіяне не толькі аказвалі паслугі кансультантаў, але і самі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Так, напрыклад, ваенныя спецыялісты пілатавалі эфіопскія Су-27 і Мі-24[3].
Паводле некаторай інфармацыі, расійскія спецыялісты маглі ўступаць у сутычкі з грамадзянамі былых савецкіх рэспублік, якія ваявалі на баку эрытрэйцаў, у прыватнасці, з украінцамі. Са слоў Аляксандра Мішына, сузаснавальніка ўкраінскага Цэнтра даследавання Афрыкі, фактычна ўсе лётчыкі варагуючых бакоў былі з Украіны і Расіі, уступаючы ў сутычкі адзін з адным. Ён нават назваў падзеі 1998—2000 гадоў «першай расійска-ўкраінскай вайной»[8]. Журналіст Вадзім Андрухін згадваў, што амерыканская разведка тады нібыта перахапіла радыёперамовы, якія вялі паміж сабой пілоты варагуючых бакоў. Усе яны казалі на рускай мове і мацюкаліся. Як адзначалі іншыя крыніцы, гэта не першы падобны выпадак. Расійскія і ўкраінскія наёмныя спецыялісты ўжо сутыкаліся як адзін з адным, так і паміж сабой у Анголе[4].
Варта адзначыць, што і на баку Эфіопіі змагалася некаторая колькасць украінцаў, як і расіянаў на баку Эрытрэі, а сярод байцоў Янакава былі таксама беларусы[2].
Жалаванне лётчыка складала каля 5 тыс. долараў у месяц, разведчыкі зараблялі ў паўтара разы больш, а сярэдні ваенспец атрымліваў 3500 долараў[9].
Колькасць
[правіць | правіць зыходнік]Па дадзеных выдання «Независимая газета», на сакавік 2000 года ў краіне знаходзілася каля 500 расіян[10]. Газета «Собеседник» у маі 2001 года, ужо пасля вайны, паведаміла пра ўдзел у канфлікце на баку Эфіопіі мінімум 150 чалавек лётнага складу (пілоты знішчальнікаў, экіпажы верталётаў і ваенна-транспартных самалётаў), не менш за 200 спецыялістаў наземнага абслугоўвання, каля двух дзясяткаў штабных спецыялістаў і столькі ж тэхнічных — па артылерыі і электронных сістэмах[2]. Выданне «Версия» ацаніла колькасць кантынгенту ў парадку тысячы ваенных спецыялістаў, паўтары сотні лётчыкаў і паўсотні спецыялістаў па тактычнай разведцы[9]. У сваю чаргу ваенны аглядальнік і гісторык Іван Канавалаў назваў лічбу ў каля 100 чалавек[11].
Інцыдэнты
[правіць | правіць зыходнік]- 6 студзеня 1999 года палкоўнік Вячаслаў Мызін і лейтэнант Абайнэх, пілатуючы Су-27 СК падчас дэманстрацыйнага палёту на авіябазе Дэбрэ-Зэйт, адцягнуліся пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу і страцілі хуткасць[3][12]. Машына ўвайшла ў штопар[2]. Расіянін паспяхова катапультаваўся, а яго напарнік-эфіоп загінуў. Катастрофа адбылася на вачах у прэзідэнта краіны Негаса Гідады[3].
Ветэранскі статус
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова ў расійскіх саветнікаў, якія вярнуліся з Эфіопіі, не было статусу ўдзельніка баявых дзеянняў. Ветэранам канфлікту прыйшлося доўга чакаць гэтага. Разам з удзельнікамі войнаў у Анголе і Мазамбіку пры падтрымцы Мінабароны РФ яны дамагліся выдання Федэральнага закона № 166 ад 2.10.2008 г. «Аб унясенні змяненняў у ФЗ “Аб ветэранах„». Паводле паправак да яго ад 2011 года[13] ветэранамі баявых дзеянняў пачалі лічыцца і вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў эфіопа-эрытрэйскіх падзеях, але толькі з мая па снежань 2000 года[6] (ужо пасля завяршэння канфлікту).
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Пазней Няфёдаў з’едзе ў Эрытрэю, дзе будзе займацца найманнем ваенных спецыялістаў і заключэннем зброевых кантрактаў у інтарэсах яе арміі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Анатолий Бортник. К 75-летию ААК "Прогресс": в небе и на земле – во имя Отчизны // Бизнес-Арс : газета. — 31 августа 2011.
- ↑ а б в г д е Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
- ↑ а б в г д е Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
- ↑ а б в Русские наёмники — от Африки до Сирии
- ↑ Игорь Рожин. Как Су-27 воевали против МиГ-29 в небе Африки // Russia Beyond : международный мультимедийный проект. — 14 января 2022.
- ↑ а б Александр Пинчук. Командировка в Африку // Красная звезда : газета. — 11 апреля 2009.
- ↑ Analisi Difesa, 2000, Nr 6
- ↑ Ростислав Буняк. Война Эфиопии и Эритреи: первая российско-украинская Архівавана 26 кастрычніка 2020. // Факты ICTV : информационный портал. — 14 апреля 2016.
- ↑ а б Георгий Филин. Гусь в лампасах : Бывшие российские военные признаны лучшими в мире наёмниками // Версия : газета. — 13 декабря 2014.
- ↑ Алексей Андреев. АФРИКАНСКИЙ РОГ: ЗАТИШЬЕ ПЕРЕД БУРЕЙ // Независимая газета : газета. — 29 марта 2000.
- ↑ Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
- ↑ А. Иванович. ЭФИОПИЯ - ЭРИТРЕЯ: УРОКИ ВОЗДУШНОЙ ВОЙНЫ // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.
- ↑ Сергей Коломнин. Забытые ветераны Африки и порванные бумажки // Независимая газета, 28.10.2011