Жалезная калона ў Дэлі
Жалезная калона ў Дэлі — жалезная калона вышынёй сем метраў і вагой шэсць з паловай тон, якая ўваходзіць у склад архітэктурнага ансамбля Кутб-Мінара, размешчанага прыкладна ў 20 кіламетрах на поўдзень ад Старога Дэлі. Шырокую вядомасць калона набыла тым, што за 1600 гадоў свайго існавання практычна пазбегла карозіі.
Жалезная калона — адна з галоўных славутасцей Дэлі. З даўніх часоў сцякаліся да яе натоўпы багамольцаў — лічыцца, што калі стаць да калоны спінай і ахапіць яе ззаду рукамі, гэта прынясе шчасце (іншы варыянт павер'я — споўніцца загаданае жаданне). Каб пазбегнуць вандалізму ў 1997 г. вакол калоны была ўладкована агароджа, так што зараз праверыць дакладнасць гэтага павер'я не проста.
Яшчэ адна назва жалезнай калоны ў Дэлі — «Кутубава калона».