Перайсці да зместу

Жамойты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жамойты
(Žemaitē)
Сяляне з Жамойці, 1817 г.
Агульная колькасць ~500 000
Рэгіёны пражывання Літва
Мова Жамойцкая гаворка
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы усе літоўцы

Жамойты (па-літоўску žemaičiai — "жэмайты", па-польску żmudzini — "жмудзіны"[1], саманазва — žemaitē) — этнічная группа сучасных літоўцаў у Заходняй Літве, жыхары гістарычнай вобласці Жамойць.

Захоўваецца жамойцкая гаворка літоўскай мовы, якую часам трактуюць як асобную мову. На ўсходзе Жамойці размаўляюць на заходнеаўкштайцкай гаворкі літоўскай мовы.

Асноўнае веравызнанне на сёння — каталіцтва, на паўднёвым-захадзе ёсць таксама лютэране. Прыкладная колькасць — каля 500 тыс. чалавек.

Жамойты і аўкштойты

[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна мяркуецца, што назвы дзвюх групаў літоўскага народа "жамойты" і "аўкштойты"(ад якіх назвы рэгіёнаў "Жамойць" і "Аўкштойць") звязаныя з літоўскім žemas "нізкі" і aukštas "высокі". Найбольш прынята меркаваць, што звязана гэта з нізінамі і вышнявінамі цячэння Нёмана і яго найбуйнейшага прытоку Віліі (літ. Nemunas "Нямунас", Neris "Нярыс")[2].

Разуменне раннелітоўскай прасторы як утворанай з Жамойці і Аўкштойці было ўласціва ўжо князю Вітаўту. У лісце да імператара Сігізмунда Люксембургскага ад 11 сакавіка 1420 г. Вітаўт пісаў:

"...жамойцкая зямля (terra Samaytarum) - нашае ўспадкаванне і нашая вотчына з законнага спадкаемства прадзядоў і дзядоў, якую і цяпер маем ва ўласнасці, якая цяпер ёсць і заўсёды адно і тое ж з літоўскай зямлёй (unum et idem cum terra Lythwanie), бо ёсць адна гаворка і тыя ж жыхары (unum ydeoma et uni homines). Але дзеля таго што жамойцкая зямля знаходзіцца ніжэй (inferior) за літоўскую зямлю, таму і называецца Жамойць (Szomoyth), бо так па-літоўску называецца ніжэйшая зямля. А жамойты Літву называюць Аўкштойцю (Auxstote), інакш кажучы, калі глядзець ад жамойтаў, вышэйшай (superior) зямлёй".[3]

Паводле даследчыка літоўскай міфалогіі Норберта Велюса, "сфармавацца такому разуменню, якое замацавалася і ў саміх этнонімах, відаць, дапамог і арыентаваны геаграфічна старабалцкі міфічны светапогляд, паводле якога заходняя канцавіна краіны разумелася як "ніжэйшая" (размешчаная ніжэй), а ўсходняя — як "вышэйшая"[4].

Цяжка вызначыць, якой даўніны сягае такое размеркаванне на "вышыннікаў" і "нізіннікаў". З геаграфічна-міфалагічных паралеляў у свеце звяртаюць увагу на падзел дадынастычнага Егіпта на царствы "Ніжняга Егіпта" і "Верхняга Егіпта", якія названыя так таксама паводле размяшчэння датычна цячэння ракі Ніл. Верхні і Ніжні Егіпет, дапокуль не аб'ядналіся, мелі розных багіняў-апякунак (у выглядзе птушкі сцярвятніка і ў выглядзе змяі кобры, адпаведна), розныя сімвалы дзяржавы (у Верхняга — лотус і трыснёг, у Ніжняга — папірус ды пчала), галаўныя ўборы правіцеляў рознага колеру і формы. Сакралізацыя такога падзелу тэрыторыі на дзве паловы сягае раннечалавечых дваістых сістэмаў светаўспрымання[5].

Археалагічныя сведчанні

[правіць | правіць зыходнік]
Балцкія плямёны ў X—XII стст.

Традыцыйна даўніх жамойтаў суадносяць з археалагічнай культурай грунтовых могільнікаў жамойтаў (V—XIV стст.)[6].

Археалагічныя звесткі паказваюць, што тэрыторыя сучаснай Жамойці ў I—IV стст. (разам з землямі, дзе пазней сфарміруюцца балцкія плямёны зямгалаў, селаў і латгалаў) належала да аднаго арэала — культуры курганоў з каменнымі вянцамі (I—V стст.). Для гэтай археалагічнай культуры характэрны абрад трупапакладання і розная арыентацыя мужчынскіх (галавой на паўночны-захад) і жаночых пахаванняў (на паўднёвы-усход), і гэта сведчыць аб этнічным адзінстве жыхароў той тэрыторыі на той час[7].

Археолаг Адолфас Таўтавічус лічыў жамойтаў аўтахтонамі Жамойці — выхадцамі з Тэльшаўскага ўзвышша[8]. Археолаг Рэгіна Валкайце-Кулікаўскене лічыла, што продкі жамойтаў былі выхадцамі з заходняй часткі даліны ракі Дубісы, якія змяшаліся з мясцовым насельніцтвам[8].

У V ст. курганны абрад пахавання знікае і замяняецца паўсюль грунтовымі пахаваннямі з трупапалажэннем, а насельніцтва культуры курганоў з каменнымі вянцамі распадаецца на плямёны жамойтаў, зямгалаў, латгалаў і селаў[9].

Грунтовыя пахаванні і розная арыентацыя арыентацыя мужчынскіх і жаночых пахаванняў да сярэдзіны XIII ст. выразна адрозніваюць культуру грунтовых могільнікаў жамойтаў ад курганнага тыпу пахаванняў, характэрнага для археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, якую даследчыкі традыцыйна атаясняюць з некалькімі аб’яднаннямі літоўскіх плямён[10][11]. На працягу V—X стст. назіраецца блізкасць культуры жамойтаў і земгалаў[12][13].

Выразным адрозненнем пахавальнага абрада на тэрыторыі жамойтаў аж да сярэдзіны XIII ст. было заўсёды трупапакладанне, а не спальванне, як гэта стала характэрна з V ст. для культуры ўсходнелітоўскіх курганоў[14]. У IX—XI ст. як рэдкае выключэнне на грунтавых могільніках у Жамойці з’яўляецца трупаспаленне. З XII ст. трупаспаленні практыкуюцца часцей, але пераважна на ўскраінах арэала жамойтаў[15]. Сучасныя літоўскія даследчыкі (А. Лухтанас, Р. Волкайтэ-Кулікаўскене, У. Жулкус) таксама адзначаць стракатасць арэала Жамойці і сучаснай Цэнтральнай Літвы (Аўкштайтыі) у XІ—XІІ ст. у археалагічных адносінах у параўнанні з культурай усходнелітоўскіх курганоў і могільнікамі куршаў[16].

Такая рыса абрадавасці як пахаванне разам з нябожчыкамі коней (звычайна няспаленых конскіх галоў, капытоў і скураў), што практыкавалася ў X—XII стст. у Жамойці, прыйшла з усходу — з тэрыторыі культуры грунтавых могільнікаў з трупаспаленнем у сучаснай цэнтральнай Літве (Аўкштойці), на якую ў сваю чаргу паўплывалі гэтыя традыцыі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў і прусаў. Аднак гэтая рыса мае рэдкі, нерэгулярны характар, больш сціплая па колькасці коней (як правіла — аднаго) і распаўсюджаная толькі на паўднёва-заходняй частцы Жамойці[17]. У той жа час для культуры ўсходнелітоўскіх курганоў з X па пачатак XIII ст. характэрныя пахаванні ў курганах разам з нябожчыкам (трупаспаленне) яго коней (трупапалажэнне ці радзей трупаспаленне), колькасць якіх магла дасягаць 18—20 галоў[18].

З пачаткам XIII ст. на Віленшчыне замест культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыходзяць грунтовыя пахаванні (помнікі пачатку XIII—XIV стст.), але захоўваюцца абрад трупаспалення і (зрэдку) пахаванні з конямі[19]. Пераход да грунтовых могільнікаў на Віленшчыне мог быць звязаны з уплывам жамойтаў, хоць разглядаюцца і іншыя версіі[19].

Даўнейшая культура і гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

Жамойты жылі пераважна на паселішчах у драўляных хатах, займаючыся земляробствам, жывёлагадоўляй і рамяством (ганчарства; ліццё жалеза, бронзы, срэбра; ткацтва і інш.). З VII—VIII стст. пачынаюць будавацца ўмацаваныя паселішчы (драўляныя гарадзішчы), дзе засяроджваліся рамесная вытворчасць і племянная знаць[20].

Тыпам арганізацыі грамадства быў родаплемянны лад, а сацыяльная структура была прадстаўлена трыма-чатырма праслойкамі — знаццю, дружыннікамі знаці, свабоднымі абшчыннікамі і рабамі[21].

Рэлігіяй былі родавыя культы (язычніцтва). Была распаўсюджана традыцыя шанавання святых камянёў (валуноў) з выемкамі круглай формы ці ў выглядзе адціскаў ног ці іншых абрысаў[21].

У IX—XII стст. вырошчвалі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, гарох, рэпу, лён, каноплі. Асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі былі саха, рало, матыка, серп і каса.

У багатых жаночых пахаваннях часам выяўляюцца круглыя шапачкі, зробленыя з тоўстых нітак, якія поўнасцю пакрываліся нанізанымі бронзавымі колцамі, спіралькамі і падвескамі. Краі шапачак упрыгожваліся падвескамі ў выглядзе кляновага насення. На думку Таўтавічуса, такія жаночыя галаўныя ўборы IX—XII стст. можна лічыць выключнай прыкметай жанчын жамойтаў[22].

У літоўскай гістарыяграфіі

[правіць | правіць зыходнік]

Літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус лічыць старажытных жамойтаў племем літоўцаў. Ён сцвярджае, што літоўскі этнас узнік прыблізна ў VI—VII стст., калі адбылося разгалінаванне ўсходніх балтаў на літоўцаў і латгалаў і адпаведна разгалінаванне літоўскай і латышскай моў з аднаго кораня. Месцам сфармавання ў тыя часы літоўцаў, на думку даследчыка, была тэрыторыя паміж сярэднім цячэннем Нёмана, рэчкамі Нярыс (Вілія) і Мяркіс (Мерач), адкуль яны пашыраліся на поўнач (да земгалаў і селаў) і на захад.

Гудавічус лічыць, што жамойты сфармаваліся ў выніку асіміляцыі літоўскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў і іншых заходнябалцкіх плямён. У выніку, на яго думку, шляхам разрастання літоўскага этнаса адбылося разгалінаванне родаплемянной структуры літоўцаў у канцы I тысячагоддзя н.э. найменш на два племені: усходніх літоўцаў (менаваных уласна літоўцамі), якія размяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшчаны і Дзяволтвы, і літоўцаў-жамойтаў (на паўднёвых землях сучаснага літоўскага этнаграфічнага рэгіёна Жамойць).

Гудавічус прызнае цяжкім вызначыць, ці былі жыхары сучаснай цэнтральнай Літвы (зямля Упіта і Нярыс) асобным літоўскім племем альбо часткай усходніх літоўцаў[23]. Таксама, на яго думку, па ўсёй Літве ў канцы XII — пачатку XIII ст. (у тым ліку праз заключэнне шлюбаў) перавагу атрымала група «старэйшых» князёў, якім падначальваліся іншыя князі (у тым ліку з Жамойці). Гэта прывяло да стварэння палітычнай канфедэрацыі літоўскіх зямель, але сувязі ў той канфедэрацыі не былі вельмі моцныя: старэйшыя князі не кантралявалі ўнутранага жыцця іншых зямель і ўзаемных дачыненняў «ніжэйшых» уладароў[24].

Як адзначае літоўскі даследчык Пятрас Кальніс, пытанне, ці існавалі жамойты як асобная этнічная супольнасць у перыяд фармавання балцкіх плямён (з VI—VII стст.), пакуль што з’яўляецца дыскусійным сярод літоўскіх даследчыкаў (археолагаў, філолагаў, этнографаў)[25]. У пачатку XXI ст. пераважным становіцца погляд, што жамойты існавалі як адно з балцкіх плямён да часу ўзнікнення літоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага)[25]. Гэты погляд прыняты амаль усімі літоўскімі археолагамі і падтрыманы ўсё большай колькасцю гісторыкаў і некаторых філолагаў[25].

Сам Пятрас Кальніс мяркуе, што жамойты існавалі як асобная этнічная супольнасць у перыяд балцкіх плямён, але зараз не існуе ніякага асобнага жамойцкага этнаса, бо племя жамойтаў увайшло ў склад літоўскага этнаса ў часы Вялікага Княства Літоўскага[25]. Кальніс сцвярджае, што зараз жамойты з’яўляюцца толькі складовай этнаграфічнай групай літоўскага этнаса, прычым цяперашняя літоўская этнаграфічная група жамойтаў не зусім з’яўляецца прамой пераемніцай племені жамойтаў — гэта, на яго думку, зусім розныя супольнасці[25].

У беларускай гістарыяграфіі

[правіць | правіць зыходнік]

На думку Язэпа Лёсіка, жамойты былі асобным ад літоўцаў народам і не мелі вырашальнай ролі ў стварэнні ВКЛ, Жамойць была ўскрайкам ВКЛ. Ён пісаў, што толькі гэтыя жамойты з’яўляюцца продкамі сучасных літоўцаў, а старажытныя літоўцы — гэта ў асноўным продкі сучасных беларусаў[26].

Сучасны беларускі гісторык Алег Дзярновіч лічыць, што Жамойць мела адрозную ад Літвы старажытную этнічную гісторыю. Ён сцвярджае, што жамойты спачатку былі ўсходнебалцкім племем, якое ўтварылася на ўсходняй тэрыторыі сучаснай Жамойці (у басейне ракі Швянтойі) на грунце насельніцтва культуры грунтовых могільнікаў (зямгалаў — усходнебалцкага племя, большая частка якога пазней увайшла ў склад латышскага этнаса). Дзярновіч падкрэслівае, што племя жамойтаў у сярэдзіне І тыс. н.э. не ўваходзіла ў арэал археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, якую многія даследчыкі атаясамляюць з племем «літва» (альбо саюзам балцкіх плямён пад агульнай назвай «літва»)[10].

Беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч таксама прытрымліваецца думкі, што жамойты былі асобным ад літвы балцкім племем (гэтак жа як і нальшчаны, дзевалтва, яцвягі)[27]. Краўцэвіч таксама падтрымлівае выказаную Язэпам Лёсікам думку, што толькі жамойты сталі асновай фарміравання сучаснага літоўскага этнасу, у адносінах да якога Краўцэвіч ужывае слова «летувісы», прыдуманае ў міжваенны час польскімі аўтарамі. У склад "летувісаў", паводле Краўцэвіча, увайшлі і балцкамоўныя жыхары Аўкштоты (паўночнай (балцкай) часткі хароніма «Літва»)[28].

Сучасны беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч вылучае этнічны і палітычны змест тэрміна «Літва» і адзначае пэўную этнічную адметнасць жыхароў старажытнай Жамойці і старажытнай Літвы, што захоўвалася нават у пачатковы перыяд існавання ВКЛ. Пра гэта, на думку даследчыка, сведчаць выраз «літоўцы і жамойты» (Littoven und Sameiten), які ўжыты ў «Старэйшай рыфмаванай хроніцы» пры апісанні падзей 1250-х гг., а таксама ў рускіх летапісах (у паходзе на Рыгу ў 1286 г. удзельнічалі «Литва вся и Жемоть вся»; у паходзе Альгерда на Пераяслаў у 1373 г. удзельнічалі «Литва и Ляхи и Жемоть»).

Насевіч лічыць, што жамойты да стварэння ВКЛ былі асобным ад «літвы» вялікім балцкім племем («асобным этнасам»)[29], а, разважаючы, з якіх «зямель» у 12101220-х складалася «Літва ў шырокім сэнсе» (уласна Літва (Літва ў вузкім сэнсе), Жамойць, Дзеволтва і інш.), падкрэслівае, што ў такім сэнсе пад «Літвой» разумелася тэрыторыя з паўсамастойных «княстваў», на якія распаўсюджваўся часовы палітычны ўплыў дынастыі «старшых князёў» Літвы[30].

Саму старажытную Літву (г.зн. «Літву ў вузкім сэнсе») Насевіч, як і сучасны літоўскі гісторык Рымвідас Пятраўскас[31], лакалізуе на Віленшчыне (на памежжы сучасных Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусі — па абодва бакі ад сучаснай літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы)[32]. Насевіч лічыць, што зліццё жамойтаў і аўкштайтаў у адзін этнас адбылося пазней за XV ст., і аспрэчвае іх этнічнае адзінства да таго часу, не пагаджаючыся з меркаваннем большасці сучасных літоўскіх гісторыкаў[33].

Карты рассялення балцкіх плямён

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Żmudzini.
  2. Lietuvių kalbos tarmių klasifikacija.
  3. Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. С. 528-529.
  4. Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. С. 527.
  5. Вяч. Вс. Иванов. Чет и нечет. Ассиметрия мозга и знаковых систем. Москва, 1978. С. 99-100.
  6. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381—387.
  7. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 92, 127; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 371, 372.
  8. а б Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 127.
  9. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 371—372.
  10. а б Дзярновіч, А. Жамойць і Літва.
  11. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 81, 99, 114; Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв... С. 28—29; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 26.
  12. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 92, 127; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 372.
  13. Традыцыйна лічыцца, што назва «Жамойць» паходзіць ад літоўскага слова «žema», што азначае «ніжняя». Акрамя таго, слова «Жамойць» нагадвае і з'яўляецца аднакарэнным літоўскаму слову «žemė», што па-літоўску азначае «зямля». Цікава, што слова «Zemgale» / «Земгалія» / «Земгала» (па-літоўску «Žiemgala/ «Žemgala») у перакладзе з латышскай мовы («zeme gali») азначае «канец зямлі», «акраіна зямлі».
  14. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 393.
  15. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 384.
  16. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 82, 127—128.
  17. Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье… С. 27—28; Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 129; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 383, 389.
  18. Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье… С. 27—28; Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — С. 213—214; Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 129; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 393.
  19. а б Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов Архівавана 5 сакавіка 2016.... С. 186.
  20. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 385.
  21. а б Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 386.
  22. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 383, 384.
  23. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года... С. 23—24.
  24. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года... С. 35.
  25. а б в г д Kalnis, P. Žemaičiai XXa. — XXIa. pradžia... С. 412.
  26. Лёсік, Я. «Літва-Беларусь»//Беларуская думка XX ст. Гісторыя, рэлігія, культура. Анталогія. — Варшава, 1998. — С.53.
  27. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 113—114, 118, 125.
  28. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 125, 127.
  29. Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 19.
  30. Насевіч В. Л. Літва.
  31. Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст. Склад — структура — улада. Мінск, 2014.
  32. Насевіч В. Л. Літва; Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі».
  33. Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 20.
  • Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л.А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В.В. Седов; Редкол.: Б.А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
  • Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов Архівавана 5 сакавіка 2016. // Працы гістарычнага факультэта БДУ. Навук. зборнік. — Вып. 3. — Мн., 2008. — С. 180—188.
  • Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.
  • Дзярновіч, А. Жамойць і Літва / А. Дзярновіч // Наша ніва. — 22 чэрвеня 2013.
  • Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв. — Мн: Навука і тэхніка, 1989.
  • Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
  • Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne № 8. 1997.
  • Краўцэвіч, А. Міндаўг. Пачатак вялікага гаспадарства / А. Краўцэвіч. — Мінск : Мастацкая Літаратура, 2005. — 163 с. [1]
  • Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — 238 с.
  • Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — 1953. — С. 210—222.
  • Ласкоў, І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць//Літаратура і мастацтва — 14 мая 1993 г.
  • Лёсік, Я. «Літва-Беларусь» // Беларуская думка XX ст. Гісторыя, рэлігія, культура. Анталогія. — Варшава, 1998.
  • Медведев, А.М. К вопросу о взаимоотношении западных балтов и носителей культуры штрихованной керамики в І тысячелетии н. э. // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. — Мн., 1992. — С. 81—83.
  • Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мінск : Полымя, 1993. — 160 с.
  • Насевіч В. Жамойць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 624–625. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2. — (электронная версія тут [2])
  • Насевіч В.Л. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т. — Мн.: БелЭН, 2006. — Т.2. — С. 202—206.
  • Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі» // В. Насевіч. — Туризм и отдых. — 15 января 2009 г. — № 1 (686).
  • Таутавичус, А.З. Восточнолитовские курганы // Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции. Вопросы этнической истории народов Прибалтики. Под ред. Х. А. Моора и др. Том 1. М., 1959;
  • Ушинскас, В.А. Роль культуры штрихованной керамики в этногенезе балтов // Славяне: Этногенез и этническая история. Л., 1989. С. 62—67.
  • Kalnis, P. Žemaičiai XXa. — XXIa. pradžia / P. Kalnis. — Vilnius : Mintis, 2012. — 448 p.
  • Luchtanas, A. Rytų Lietuva I tūkst. pr. m. erą // Lietuvos archeologija. — 1992, t. 8, p. 56—85.