Заходнегерманскія мовы
Заходнегерманская група | |
---|---|
Таксон | група |
Арэал |
першапачаткова — рэгіёны між Рэйнам, Альпамі, Эльбай і Паўночным морам; цяпер — увесь свет |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Склад | |
інгвеонская, ніжнефранконская, верхненямецкая падгрупы | |
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-5 | gmw |
Захо́днегерма́нскія мовы — група моў у складзе германскай галіны індаеўрапейскай сям'і моў. Найбольшая па колькасці носьбітаў з усіх трох груп у складзе германскай галіны. Самыя вядомыя мовы групы — англійская, нямецкая, галандская мовы, мовы афрыкаанс ды ідыш, а таксама фрызскія мовы. Разам з паўночнай і поўнасцю вымерлай усходняй групамі складае германскую галіну моў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне, асноўныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Групу германскіх моў традыцыйна прынята падзяляць на тры падгрупы: паўночную, заходнюю і ўсходнюю[1]. Па скупых звестках з рунічных надпісаў цяжка вызначыць дакладныя адносіны паміж германскімі мовамі ў старажытнасці, з-за чаго асобныя ідыёмы ў складзе германскіх моў цяжка паддаюцца ўнутранай класіфікацыі. На думку некаторых лінгвістаў, германскія мовы заставался ўзаемназразумелымі на працягу ўсяго Вялікага перасялення народаў, аднак іншыя лінгвісты сцвярджаюць, што ўжо ў ІІІ ст. н.э. носьбіты заходнегерманскіх ідыёмаў, такіх як старажытнафранкская, і гоцкай мовы не маглі свабодна разумець адзін аднаго.
Дыялекты, у якіх з цягам часу ўтварыліся ўласцівыя заходнегерманскім мовам рысы, пачалі вылучацца з прагерманскае мовы ў I ст. да н.э. у перыяд Ястарфскай культуры.
Мовы заходнегерманскае групы характарызуюцца шэрагам агульных фаналагічных, марфалагічных, лексічных інавацый і, адначасова, наяўнасцю некаторых архаізмаў, страчаных у паўночных і ўсходніх германскіх мовах. Сярод прыкладаў асноўных заходнегерманскіх фаналагічных асаблівасцей адзначаюцца[2]:
- Дэлабіялізацыя ўсіх лабіявелярных зычных, за выключэннем такіх зычных у пачатку слова;
- Заходнегерманская гемінацыя (падваенне): падваенне ўсіх зычных перад /j/ (за выключэннем /r/);
- Зліццё [ð], фрыкатыўнага алафона гука /d/, з ім і, адпаведна, ператварэнне яго ў [d], ва ўсіх пазіцыях. Пры гэтым два іншыя фрыкатывы, [β] і [ɣ], захоўваюцца;
- Замена канчатка другой асобы адзіночнага ліку ў прэтэрыце -t на -ī;
- Страта /z/ у канцы слоў[3].
Сярод фанетычных архаізмаў у заходнегерманскіх мовах адзначаецца захаванне т.зв. граматычнага чаргавання (Grammatischer Wechsel) у большасці дзеясловаў, асабліва ў старажытнаверхненямецкай мове.
Сярод марфалагічных інавацый у заходнегерманскіх мовах адзначаецца развіццё герундыя. Разам з гэтым, у заходнегерманскіх мовах адзначаецца шэраг марфалагічных архаізмаў, а іменна:
- Захаванне творнага склону;
- Захаванне атэматычных дзясловаў (ст.-анг. dō(m), ст.-сакс. dōm, ст.-верх.-ням. tōm, параўн. з англійскім I do);
- Захаванне некаторых слядоў аорыста (у стараанглійскай і старажытнаверхненямецкай, чаго няма, аднак, у гоцкай і паўночнагерманскіх)[4][5].
У галіне лексікі заходнегерманскія мовы адзначаюцца вялікай колькасцю агульных лексем-архаізмаў, якія не адсочваюцца ў паўночнагерманскіх або ўсходнегерманскіх, а таксама ўласных неалагізмаў.
Заходнегерманская протамова
[правіць | правіць зыходнік]На цяперашні час толькі невялікая колькасць даследчыкаў сумняваецца ў паходжанні заходнегерманскіх моў ад агульнага продка, прагерманскае мовы. Большасць лінгвістаў лічыць, што пасля аддзялення ўсходнегерманскіх моў, што звычайна датуецца І-ІІ стст да н.э., астатнія тагачасныя германскія ідыёмы, умоўна вядомыя пад агульнай назвай паўночназаходнегерманскія, на той момант падзяліліся на чатыры асноўныя дыяекты[6]: паўночнагерманскі (продак паўночнагерманскіх моў) і тры групы дыялектаў, умоўна вядомыя заходнегерманскія:
- Паўночнаморскі германскі (інгвеонскі, продак моў англа-фрызскай галіны і ніжненямецкай мовы);
- Везэр-рэйнскі германскі (іствеонскі; продак старажытнафранкскае мовы, ад якой, у сваю чаргу, паходзяць ніжнефранконскія мовы і некаторыя дыялекты старажытнаверхненямецкай мовы);
- Эльбска-германскі (ірмінонскі; продак старажытнасаконскай мовы і некаторых дыялектаў старажытнаверхненямецкай мовы, а таксама, верагодна, мёртвай лангабардскай мовы).
Наяўнасць звестак пра гэтыя дыялекты рэзка адрозніваецца: так, калі дзякуючы сведчанням даччыных стараанглійскай і старажытнафрызскай моў існуе набор звестак пра паўночнаморскія дыялекты, то аднак амаль нічога не вядома пра везэр-рэйнскія і эльбскія дыялекты. Тым не менш, абодва апошнія тэрміны з'яўляюцца толькі ўмоўнымі, бо былі створаныя не для апісання моўных рыс, а для характарызавання групы археалагічных знаходак; толькі пазней гэтыя тэрміны сталі ўмоўна прымяняцца да прынятых дыялектных адрозненняў у рэгіёнах, адкуль узялі назвы гэтыя тэрміны. Да сённяшняга дня знойдзена толькі невялікая колькасць рунічных надпісаў перыяду Вялікага перасялення народаў. Гэтыя надпісы часта з'яўляюцца неразборлівымі, аднаслоўнымі альбо змяшчаюць уласныя імёны, што не дазваляе выявіць дакладныя лінгвістычныя рысы везэр-рэйнскай і эльбскай дыялектных груп.
Доказамі адасаблення ўсходнегерманскіх дыялектаў яшчэ да падзелу паўночнагерманскіх і заходнегерманскіх з'яўляецца наяўнасць некаторых агульных фанетычных рыс у заходнегерманскіх і паўночнагерманскіх[2]:
- Паніжэнне прагерманскага ē (/ɛː/, таксама запісваемая як ǣ) да ā[7];
- Развіццё умлаўта;
- Пераход /z/ у /r/;
- Развіццё ўказальнага займенніка, продка англійскага this.
Згодна з гэтым поглядам, уласцівасці, якія адрозніваюць заходнегерманскія ад паўночнагерманскіх, маглі быць перанятыя ад іншых германскіх моў, але не дайсці да паўночнагерманскіх або дайсці да іх значна пазней. Напрыклад, заходнегерманскі ратацызм (то бок, пераход /z/ у /r/, гл. вышэй) быў поўнасцю завершаны ў заходнегерманскіх ужо ў тыя часы, калі паўночнагерманскія мовы яшчэ відавочна адрознівалі гэтыя дзве фанемы на пісьме. На карысць падобнай тэорыі таксама сведчыць і ранейшы ў заходнегерманскіх мовах пераход ē у ā: у той час як гэты гук быў спачатку зніжаны ў ā і потым скарочаны, у паўночнагерманскіх ён спачатку скараціўся і толькі потым перайшоў у іншы (зліўся з i). Тым не менш, існуе шэраг архаізмаў, прысутных у заходнегерманскіх, якія пры гэтым не ўласцівыя гоцкай і старажытнаскандынаўскай (якая таксама належыць да паўночнагерманскіх) мовам.
Рэканструкцыі протамовы
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя лінгвісты, такія як Г. Ф. Нільсэн, Г. Клінгешміт і К. Г. Матаўш апублікавалі рэканструкцыі празаходнегерманскіх марфалагічных парадыгм, некаторыя аўтары рэканструявалі празаходнегерманскія марфалагічныя формы ці лексемы. У 2013 першая ўсеабдымная рэканструкцыя празаходнегерманскай мовы была апублікавана нямецкім індаеўрапеістам Вольфрамам Ойлерам[8].
Датаванне ранніх форм
[правіць | правіць зыходнік]Калі празаходнегерманская мова сапраўды існавала, яна павінна была бытаваць паміж III і VII стст. Да ІІІ ст. н.э. мовы рунічных надпісаў Скандынавіі і поўначы Нямеччыны падобныя настолькі, што прапаўночнагерманскія дыялекты і заходнія дыялекты на поўдні ў тыя часы яшчэ выглядаюць адзінай мовай (умоўна вядомай як пра-паўночназаходне-германская). У VII ст. н.э. на поўдні сучаснай Германіі і ў Швейцарыі адбылося т.зв. другое перамяшчэнне зычных, з якім закончылася адзінства тагачасных заходнегерманскіх дыялектаў. Выказваліся меркаванні, што да гэтага моманту, мяркуючы па амаль ідэнтычным сінтаксісе, заходнегерманскія дыялекты былі дастаткова блізкімі і ўзаемназразумелымі[9]. Такім чынам, заходнегерманскія мовы, як група ўзаемазразумелых гаворах, бытавалі на працягу Вялікага перасялення народаў аж да VII ст.
Сярэдневяковы перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У раннія сярэдневяковыя часы адасабленню заходнегерманскіх моў спрыялі, з аднаго боку, асобнае астраўное развіццё ранніх форм англійскай мовы і, з іншага боку, другое перамяшчэнне зычных на тэрыторыі сучаснай Германіі.
Перамяшчэнне зычных у верхненямецкіх мовах адрознівае іх ад іншых заходнегерманскіх. Самыя паўднёвыя нямецкія дыялекты (напрыклад, валіскі, распаўсюджаны на поўдні Швейцарыі) маюць завершанае перамяшчэнне, тады як дыялекты поўначы падобныя змены не закранулі. З усіх сучасных дыялектаў нямецкай мовы ніжненямецкі дыялект (распаўсюджаны іменна на поўначы, часам лічыцца асобнай мовай) з'яўляецца найбліжэйшым з усіх нямецкіх дыялектаў да англійскае мовы.
Унутраная класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Ніжэй прыведзенае спрошчанае дрэва класіфікацыі заходнегерманскіх моў.
Падзел між падгрупамі ў складзе заходнегерманскае гурпы рэдка можна вызначыць дакладна. Значная частка тых ці іншых ідыёмаў утвараюць адзін з адным дыялектны кантынуум, існуе ўзаемаразуменне між прылеглымі дыялектамі.
- Англа-фрызскія мовы
- Англійскія мовы
- Англійская мова
- Скотс (прызнаная як мова паводле Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў)
- Мова/дыялект ёла
- Фінгальская мова/дыялект
- Фрызскія мовы
- Англійскія мовы
- Ніжненямецкая мова/мовы/дыялект
- Паўночнаніжнесаксонскі дыялект
- Шлезвігскія дыялекты
- Гольштэйнскія дыялекты
- Вестфальскія дыялекты
- Остфальскія дыялекты
- Брандэнбургскія дыялекты
- Памеранскія дыялекты
- Ніжнепрускі дыялект
- Ніжнефранконскія мовы
- Галандская мова
- Заходнефламандскія дыялекты
- Усходнефламандскі дыялект
- Зеландскі дыялект
- Галандскі дыялект
- Брабанцкія дыялекты
- Усходнегаландскі дыялект
- Лімбургская мова/дыялект
- Афрыкаанс
- Галандская мова
- Верхненямецкія мовы/мова/дыялекты
- Стандартная нямецкая мова
- Алеманскі дыялект, уключаючы швейцарскі дыялект і эльзаскі дыялект/мову
- Швабскі дыялект
- Аўстра-баварскі дыялект/мова
- Верхнефранкскі дыялект
- Рэйнска-франкскія дыялекты, уключаючы дыялекты Хесэна
- Рыпуарскія дыялекты/мова
- Турынска-верхнесаксонскія дыялекты
- Верхнесаксонскі дыялект
- Люксембургская мова (у лінгвістычных працах можа згадвацца як частка рыпуарскіх дыялектаў)
- Сілезскія дыялекты
- Верхнепрускі дыялект
- Ідыш (мова, узніклая на аснове ўсходне-цэнтральных дыялектаў познесярэдневерхненямецкай мовы/ранненоваверхненямецкай мовы).
Параўнанне рыс
[правіць | правіць зыходнік]Ніжэй прыведзены пералік некаторых рыс заходнегерманскіх моў ды іх наяўнасць або адсутнасць у сучасных заходгерманскіх мовах. Некаторыя з іх уласцівыя толькі старым мовам і слаба ўласцівыя сучасным.
Ст.-англійская | Ст.-фрызская | Ст.-саксонская | Ст.-ніжн.-франская | Ст.-сяр.-нямецкая | Ст.-верх.-нямецкая | |
---|---|---|---|---|---|---|
Палаталізацыя велярных | Так | Так | Не | Не | Не | Не |
Неагубленне губных галосных пярэдняга рада |
Так | Так | Не | Не | Не | Не |
Страта інтэрвакальнага *-h- | Так | Так | Не | Так | Не | Не |
Зліццё множных форм дзеясловаў | Так | Так | Так | Не | Не | Не |
Інгвеонскі закон насавых спірантаў | Так | Так | Так | Рэдка | Не | Не |
Страта зваротных займеннікаў | Так | Так | Так | Так | Не | Не |
Страта канчатковага *-z ў аднаскладовых словах |
Так | Так | Так | Так | Не | Не |
Манафтангізацыя *ai, *au | Так | Так | Так | Звычайна | Часткова | Часткова |
Аглушэнне ў канчатковай пазіцыі | Не | Не | Не | Так | Не | Не |
Дыфтангізацыя *ē, *ō | Не | Не | Рэдка | Так | Так | Так |
Страта пачатковага *h- перад зычнай | Не | Не | Не | Так | Так | Так |
Страта пачатковага *w- перад зычнай | Не | Не | Не | Не | Так | Так |
Верхненямецкае другое перасоўванне зычных | Не | Не | Не | Не | Часткова | Так |
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Hawkins, John A. Germanic languages / Bernard Comrie. — The World's Major Languages. — Oxford University Press, 1987. — С. 68-76. — ISBN 0-19-520521-9.
- ↑ а б Robinson, Orrin W. Old English and Its Closest Relatives. — Stanford University Press, 1992. — ISBN 0-8047-2221-8.
- ↑ Crist, Sean. An Analysis of *z loss in West Germanic. — Linguistic Society of America, Annual Meeting, 2002.
- ↑ Meid, Wolfgang. Das germanische Präteritum. — Innsbruck: Institut für Sprachwissenschaft, 1971. — С. 13.
- ↑ Euler, Wolfram; Badenheuer, Konrad. Sprache und Herkunft der Germanen. — London, Berlin: Inspiration Un Ltd, 2009. — С. 168-171.
- ↑ Kuhn, Hans. 86 // Zur Gliederung der germanischen Sprachen. — Zur Gliederung der germanischen Sprachen. — 1955-1956. — Т. 1-47.
- ↑ Cercignani, Fausto. 86 // Indo-European ē in Germanic. — Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung. — 1972. — Т. 1. — С. 104-110.
- ↑ Wolfram Euler. Das Westgermanische - von der Herausbildung im 3. bis zur Aufgliederung im 7. Jahrhundert - Analyse und Rekonstruktion. — German with English summary. — London, Berlin, 2013. — 244 с. — ISBN 978-3-9812110-7-8.
- ↑ Davis, Graeme. Comparative Syntax of Old English and Old Icelandic: Linguistic, Literary and Historical Implications. — Bern: Peter Lang, 2006. — ISBN 3-03910-270-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Adamus, Marian (1962). On the mutual relations between Nordic and other Germanic dialects. Germanica Wratislavensia 7. 115-158.
- Bammesberger, Alfred (1996). The Preterite of Germanic Strong Verbs in Classes Fore and Five, in „North-Western European Language Evolution“ 27, 33 – 43.
- Euler, Wolfram (2002/03). Vom Westgermanischen zum Althochdeutschen - Sprachaufgliederung im Dialektkontinuum, in „Klagenfurter Beiträge zur Sprachwissenschaft“, Vol. 28/29, 69-90.
- Euler, Wolfram (2013) Das Westgermanische - von der Herausbildung im 3. bis zur Aufgliederung im 7. Jahrhundert - Analyse und Rekonstruktion. 244 p., in German with English summary, Verlag Inspiration Un Limited, London/Berlin 2013, ISBN 978-3-9812110-7-8.
- Friedrich Maurer (1942), Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanischen und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde, Strassburg: Hüneburg.
- Mottausch, Karl-Heinz (1998). Die reduplizierenden Verben im Nord- und Westgermanischen: Versuch eines Raum-Zeit-Modells, in „North-Western European Language Evolution“ 33, 43 – 91.
- Nielsen, Hans F. (1981). Old English and the Continental Germanic languages. A Survey of Morphological and Phonological Interrelations. Innsbruck: Institut für Sprachwissenschaft. (2nd edition 1985)
- Nielsen, Hans Frede. (2000). Ingwäonisch. In Heinrich Beck et al. (eds.), Reallexikon der Germanischen Altertumskunde (2. Auflage), Band 15, 432-439. Berlin: De Gruyter.
- Ringe, Donald R. (2012). Cladistic principles and linguistic reality: the case of West Germanic. In Philomen Probert and Andreas Willi (eds.), Laws and Rules on Indo-European, 33-42. Oxford.
- Robinson, Orrin W. (1992). Old English and Its Closest Relatives. A Survey of the Earliest Ger-manic Languages. Stanford University Press.
- Seebold, Elmar (1998). Die Sprache(n) der Germanen in der Zeit der Völkerwanderung, in E. Koller / H. Laitenberger, „Suevos – Schwaben. Das Königreich der Sueben auf der Iberischen Halbinsel (411–585)“. Tübingen, 11–20.
- Seebold, Elmar (2006). Westgermanische Sprachen, in „Reallexikon der germanischen Altertumskunde“ 33, 530–536.
- Stifter, David (2009). The Proto-Germanic shift *ā > ō and early Germanic linguistic contacts, in „Historische Sprachforschung“ 122, 268–283.
- Stiles, Patrick V. (2004). Place-adverbs and the development of Proto-Germanic long *ē1 in early West Germanic. In Irma Hyvärinen et al. (Hg.), Etymologie, Entlehnungen und Entwicklungen. Mémoires de la Soc. Néophil. de Helsinki 63. Helsinki. 385-396.
- Stiles, Patrick V. (2013). The Pan-West Germanic Isoglosses and the Subrelationships of West Germanic to Other Branches. In Unity and Diversity in West Germanic, I. Special issue of NOWELE 66:1 (2013), Nielsen, Hans Frede and Patrick V. Stiles (eds.), 5 ff.
- Voyles, Joseph B. (1992). Early Germanic Grammar: pre-, proto-, and post-Germanic Language. San Diego: Academic Press