Першы ліст да Цімафея Святога Апостала Паўла
Першы ліст да Цімафея Святога Апостала Паўла | |
---|---|
Апостал Цімафей | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Пе́ршае Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пе́ршы ліст да Цімафе́я Свято́га Апо́стала Па́ўла[1], Пе́ршы ліст да Цімафе́я[2], Пе́ршае пасла́ньне да Цімафе́я[3] — адзін з лістоў апостала Паўла, які ўвайшоў у спіс кніг Новага Запавета. Знаходзіцца пасля другога ліста да Фесаланікійцаў перад другім лістом да Цімафея.
Адрасат
[правіць | правіць зыходнік]Ліст адрасаваны аднаму з найадданым і верных супрацоўнікаў Паўла — Цімафею. Бацька Цімафея быў грэкам, а маці яўрэйкай, якая прыняла хрысціянства. Імя Цімафея перакладаецца з грэчаскай мовы як «той, хто шануе Бога». Бабка Цімафея таксама была хрысціянкай. Нарадзіўся Цімафей у горадзе Лістра, што ў Малой Азіі. Павел наведаў Лістру надчас першай місіянерскай вандроўкі. У той час Паўлу спадабаўся малады юнак-хрысціянін і ён узяў яго як супрацоўніка. Цімафей аказаўся вельмі адданым супрацоўнікам і застаўся з апосталам да канца. Нават калі Павел быў у зняволенні, Цімафей быў побач. Ва ўсіх цэрквах, якія заснаваў Павел, Цімафей карыстаўся любоў’ю і павагай. Гэта быў вельмі сумленны і працавіты юнак, які аддана выконваў усе даручэнні Паўла, але часам ён быў сціплым і нерашучым. Таму, ведаючы гэта, Павел жадаў падбадзёрыць свайго супрацоўніка ў цяжкія для яго хвіліны.
Цімафей разам з Паўлам з’яўляецца сааўтарам вялікай колькасці лістоў апостала: Першага і Другога Фесаланікійцам, Другога Карынфянам, Філіпянам, Каласянам, Філімону.
Змест ліста
[правіць | правіць зыходнік]Калі Павел заставіў Цімафея ў Эфесе, то асабіста даў яму шэраг парад, якія цяпер ён паўтарае ў сваім лісце. Магчыма, ліст павінен быў чытацца перад вернікамі, каб паказаць, што ўсё, робіць Цімафей, згоднае з тым, чаму вучыў апостал.
Па-першае, Цімафей павінен быў супрацьстаяць ілжэвучэнням, якія ўключалі яўрэйскі містыцызм і язычніцкі аскетызм, і разглядалі матэрыю і ўвесь свет як вялікае зло, таму ілжэнастаўнікі забаранялі есці нейкую ежу і ўступаць у шлюб. Павел бачыў у гэтых вучэнняў нябяспеку існавання Царквы.
Па-другое, Павел заклікае Цімафея паставіць надзейных і адданых людзей біскупамі ды дыяканамі ў Эфесе. Таму ў лісце ён прыводзіць ва ўзор якасці, якія павінен мець хрысціянскі кіраўнік.
Таксама Павел падрабязна растлумачвае Цімафею, як той павінен адносіцца да сяброў хрысціянскай суполкі рознага ўзросту, полу і сацыяльнага становішча, асабліва звяртаючы ўвагу на старшынь і ўдоў, якія жылі за кошт суполкі.
Месца і час напісання ліста
[правіць | правіць зыходнік]Час і месца напісання дакладна вызначыць цяжка. Існуюць меркаванні, што пасля суда Нерона Павел атрымаў волю і змог прапаведаваць у Іспаніі і зноў наведаць заснаваныя ім суполкі. Таму месцам напісання можа быць Македонія, а напісаны ліст у 67 годзе.
Структура ліста
[правіць | правіць зыходнік]Ліст складаецца з 6 раздзелаў, якія можна падзяліць на дзве часткі. У первай апостал разглядае праблемы кіраўніцтва царквы, а ў другой даюцца практычныя парады Цімафею адносна выканання ім абавязкаў кіраўніцтва царквой. Ліст пачынаецца з патрабавання супрацьстаяць ілжэвучэнням. Потым ідзе ўдзячная малітва Богу, за якой ідзе вучэнне пра малітву, каб вернікі маліліся за ўладу і ўладароў. Пасля разглядаюцца прынцыпы кіраўніцтва суполкай, а таксама патрабаванні да будучых біскупаў і дыяканаў. Другая частка ліста прысвечана жыццю суполкі і асабістым настаўленням.
Сціслы план ліста
[правіць | правіць зыходнік]- Прывітанне (1:1-3)
- Царква і яе кіраўніцтва (1:3-3:16)
- Настаўленні Цімафею адносна яго абавязкаў (4:1-6:21)
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Першае пасланьне да Цімафея у перакладзе Васіля Сёмухі
- Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Першае пасланне да Цімафея Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Першае пасланьне да Цімафея апостала Паўла ў перакладзе Антонія Бокуна
- Першы ліст сьвятога Паўлы апостала да Цімоха Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Першае пасланьне да Цімахвея сьв. ап. Паўлы Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Першае пісьмо да Цімафея Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- 1 ліст да Тыматэя ў перакладзе П. С. Татарыновіча
- Першы ліст да Цімафея Святога Апостала Паўла ў перакладзе А. К. Клышкі
- 1-ы ліст да Цімафея ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Першае Пасланьне Паўлы да Цімахвея ў перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- ↑ Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Библейские комментарии отцов Церкви и других авторов. Новый Завет. Т. IX.: Послания Колоссянам, Фессалоникийцам 1-е и 2-е, Тимофею 1-е и 2-е, Титу, Филимону. - М., 2006. - 480с. ISBN 5-901494-10-5
- Мэтью Генри. Толкование на книги Нового Завета. Том 6: Галатам, Ефесянам, Филиппийцам, Колоссянам, 1-2 Фессалоникийцам, 1-2 Тимофею, Титу, Филимону, Евреям, Откровение. 2001. 405 с.