Перайсці да зместу

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (2025)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
< 2020  Беларусь  2030 >
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
не пазней за 20 ліпеня 2025

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2025 года — прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца ў Беларусі не пазней за 20 ліпеня 2025 года[1]. Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі краіны.

Умовы правядзення

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле змененага праз рэферэндум 2022 года артыкула 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь узроставы цэнз для кандыдатаў на пасаду прэзідэнта павялічаны з 35 да 40 гадоў, тэрмін сталага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь непасрэдна перад выбарамі павялічаны з 10 да 20 гадоў[2], а таксама ўведзена патрабаванне не мець дзейнага і былога грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі[3]. Акрамя гэтага, была ўведзена норма, што адна і тая ж асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны[2].

16 лютага 2023 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўпершыню на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ўведзена забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня[4], а таксама замацавана адмова ад стварэння ўчасткаў для галасавання за мяжой[5].

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь абіраецца тэрмінам на 5 гадоў і заступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага Прэзідэнта.

У лютым 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2025 годзе прыме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах[6].

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Апазіцыйны палітык Павел Латушка мяркуе, што выбары могуць адбыцца 23 лютага 2025 года ў Дзень абаронцы Айчыны: «Лукашэнка хоча зрабіць гэта ўзімку, калі будзе дэматывацыя грамадства, улетку гэта будзе зрабіць больш складана»[7].

Назіранне за выбарамі

[правіць | правіць зыходнік]

Для назірання за выбарамі плануецца запрасіць місіі наглядальнікаў ад СНД і ШАС, кіраўнікоў і прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісій краін Еўропы, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі[8].

Зноскі