Францыска Донер
Францыска Донер | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Гон Док Кві | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
15 чэрвеня 1900[1] |
||||||
Смерць |
19 сакавіка 1992[1] (91 год) |
||||||
Муж | Лі Сын Ман[d] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Франчэска Донер (Francesca Donner, кар.: 프란체스카 도너), сапраўднае імя Францыска Марыя Барбара Донер (ням.: Franziska Maria Barbara Donner; 15 ліпеня 1900 — 19 сакавіка 1992) — другая жонка Лі Сын Мана, першага прэзідэнта Рэспублікі Карэя. Першая першая лэдзі Паўднёвай Карэі ў 1948—1960 гадах.
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле пасведчання пра нараджэнне яе імя — Францыска Донер. Пазней яна выкарыстоўвала італьянскае напісанне імя — Франчэска (Francesca), нават у афіцыйных дакументах. Гэты варыянт яе імя выкарыстоўваецца ва ўсіх яе паўднёвакарэйскіх дакументах (у тым ліку ў пашпарце)[2].
У Карэі Францыску Донер часта называлі проста «пані Франчэска» (Lady Francesca). Цікава, што ў карэйскім грамадстве яе таксама празвалі «Ходжудэк» (호주댁), з прыкладным значэннем «дама з Аўстраліі». Гэтая памылковая назва ўзнікла праз блытаніну паміж сугучнымі па-карэйску Аўстрыяй (오스트리아 осытхырыя) і Аўстраліяй (오스트레일리아 осытхырэілія; альтэрнатыўная назва — 호주 ходжу, ад якой і празванне).
Жыццяпіс
[правіць | правіць зыходнік]Ранняе жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Францыска Марыя Барбара Донер нарадзілася ў муніцыпалітэце Інцэрсдорф, прыгарадзе аўстрыйскай сталіцы Вены, у сям’і прамыслоўца газіраваных напояў. Яна была дачкой Францыскі Герхартл і Рудольфа Донера[3]. Па заканчэнні школы пры мясцовым манастыры, яна паступіла ў Венскі ўніверсітэт, у выніку атрымаўшы доктарскую ступень па мовах. Атрымаўшы спадчыну пасля смерці бацькі, Францыска некаторы час падарожнічала. Яна спынілася ў Жэневе, дзе атрымала пасаду пры Лізе Нацый як перакладчыца і дыпламатка нізкага ўзроўню.
У 1933 годзе Францыска выпадкова пазнаёмілася з 58-гадовым карэйскім палітыкам у выгнанні Лі Сын Манам у адным з гатэляў Жэневы. У той час Лі жыў у Злучаных Штатах і быў у Жэневе ў пошуках падтрымкі ў Лігі Нацыі для карэйскага руху за незалежнасць. Нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце, Францыска і Лі знайшлі агульную мову. Неўзабаве Лі наведаў яе ў Аўстрыі і папрасіў яе рукі. Донер рушыла ўслед за ім у ЗША, і шлюб адбыўся ў 1934 году ў Нью-Ёрку[4]. Для абодвух гэта быў другі шлюб[5].
Кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]Першыя сумесныя гады Францыска і Лі правялі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, а затым перабраліся на Гаваі, дзе пражывала вялікая палітычна актыўная карэйская дыяспара. Лі Сын Ман быў лідарам карэйскага ўрада ў выгнанні. Францыска працавала яго сакратаром і памочніцай, асабліва пры падрыхтоўцы яго кнігі «Японія знутры» (англ.: Japan Inside Out, 1940)[6].
Пасля капітуляцыі Японіі ў кастрычніку 1945 года Лі Сын Ман вярнуўся ў Карэю пры падтрымцы ўрада ЗША, а Францыска рушыла ўслед за ім праз некалькі месяцаў[6].
3 сакавіка 1948 года Лі быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Карэя і займаў гэтую пасаду да 1960 года. Францыска ў гэты перыяд, з 1948 па 1960 год, была першай лэдзі краіны, стаўшы такім чынам першай з такім тытулам у новаўтворанай Рэспубліцы Карэя. Яна прысутнічала амаль на ўсіх публічных мерапрыемствах свайго мужа[6].
Перавыбранне Лі Сын Мана ў 1960 годзе суправаджаліся відавочнымі фальсіфікацыямі. 85-гадовы прэзідэнт таксама праяўляў відавочныя прыкметы старэчай дэменцыі. Пасля масавых беспарадкаў праз вынікі выбараў, што перарасло ў Красавіцкую рэвалюцыю, Лі Сын Ман быў змушаны зноў бегчы ў выгнанне на Гаваі. Францыска рушыла ўслед за ім, даглядаючы за ім, нават калі пасля інсульту ён страціў здольнасць гаварыць. Яна заставалася побач з ім да самай ягонай смерці 19 ліпеня 1965 года, пасля чаго вярнулася ў Аўстрыю, якую яна пакінула на больш за 30 гадоў[6].
Познія гады
[правіць | правіць зыходнік]Правёўшы пяць гадоў у Аўстрыі, Францыска вярнулася ў Карэю ў 1970 годзе. У 1970—1992 гадах яна жыла ў Сеуле, у рэзідэнцыі Ліхваджан , былым доме Лі Сын Мана, разам са сваім прыёмным сынам Лі Ін Су і яго сям’ёй. Усынаўленне Інсу было аформлена незадоўга да смерці Лі Сын Мана на Гаваях; Францыска не мела сваіх біялагічных дзяцей. Сёння Ліхваджан пераўтвораны ў дом-музей, а Лі Ін Су і яго жонка працягваюць жыць там (па стане на травень 2006 года)[7].
Як удава прэзідэнта Лі Францыска вяла даволі адасоблены лад жыцця, дэманструючы глыбокую прыхільнасць да карэйскай культуры: яна амаль заўсёды насіла традыцыйнае карэйскае адзенне, гатавала і ела пераважна карэйскую ежу. Яна абыходзілася без прыслугі, вяла дамашнюю гаспадарку самастойна. Рэдка выходзіла з дому, толькі па пятніцах наведвала могілкі, каб памаліцца на магіле мужа.
Палітычная спадчына яе мужа да гэтага часу выклікае лютыя спрэчкі ў карэйскім грамадстве. А вось рэпутацыя пані Франчэскі ў карэйскім грамадстве практычна бездакорная; яна як і раней была вельмі папулярнай.
Памерла 19 сакавіка 1992 года ў Сеуле.
Ушанаванне
[правіць | правіць зыходнік]У 2012 годзе ў венскім Дунайскім парку, у раёне Донаўштат, у яе гонар назвалі алею Францыскі-Донар-Лі (ням.: Franziska-Donner-Rhee-Weg). Алея праходзіць уздоўж сажалкі Irissee і на ёй знаходзіцца Карэйскі культурны цэнтр (Korea Kulturhaus), адкрыты ў 2012 годзе[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Franziska Donner // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Yi Sun-ae 이순애 [Soonae Lee-Fink], Peurancheseuka Ri Seutori 프란체스카 리 스토리 [The story of Francesca Rhee] (Seoul: Raendeom Hauseu Jungang 랜덤하우스중앙 [Random House JoongAng], 2005), cover. (ISBN 89-5924-999-8.)
- ↑ FamilySearch.org . Праверана 20 лістапада 2023.
- ↑ Yi Sun-ae, Peurancheseuka Ri Seutori (Seoul: Raendeom Hauseu Jungang, 2005).
- ↑ Lew, Young Ick (2014). The Making of the First Korean President: Syngman Rhee's Quest for Independence, 1875-1948. University of Hawai'i Press. ISBN 978-0-8248-3168-4.
- ↑ а б в г Rhee, Francesca Donner .
- ↑ Adopted son of Syngman Rhee dies at age 92 (англ.). koreajoongangdaily.joins.com (2 лістапада 2023). Праверана 29 жніўня 2024.
- ↑ Franziska-Donner-Rhee-Weg . Strassen-in-Oesterreich.at. Праверана 21 лютага 2018.