Фрыгія
Фрыгія (стар.-грэч.: Φρυγία) — старажытная гістарычная вобласць і дзяржава на захадзе Малой Азіі.
Па сведчанню Герадота, фрыгійцы калісьці насялялі поўнач Балканскага паўвострава і зваліся брыгамі. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гэты пункт гледжання і лічаць, што фрыгійцы перасяліліся ў Малую Азію з Еўропы прыкладна ў 1200 г. да н. э. Відавочна, яны адыгралі значную ролю ў разбурэнні імперыі хетаў. Большая частка фрыгійцаў асела ў горнай лясістай мясцовасці на ўсход ад Лідыі і Карыі, якая і атрымала найменне Фрыгіі. Яе галоўным цэнтрам стаў горад Гордзіан.
Найхутчэй, фрыгійская дзяржава склалася ўжо ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э., але набыла вялікі ўплыў у апошняй трэці VIII ст. да н. э., калі займала значную частку сучаснай Турцыі. Аднак яна была саслаблена нашэсцямі кімерыйцаў. Падчас чарговага нашэсця ў 696 г. да н. э. фрыгійскі валадар Мідас скончыў жыццё самагубствам. Каля 620 г. да н. э. фрыгійская дзяржава была разбурана кімерыйцамі, а сама Фрыгія ўвайшла ў склад Лідыі.
Як гістарычная вобласць Малой Азіі, Фрыгія ўзгадвалася да канца існавання Усходняй Рымскай імперыі. Яна адыгрывала вялікую культурную ролю ў жыцці ўсяго Міжземнамор'я. Адсюль распаўсюдзіўся культ багіні-маці Кібелы.