Чайка чорнагаловая (Larus melanocephalus) — від чаек.
Даўжыня цела 36—42 см, размах крылаў 92—105 см. Чорная «шапачка» заходзiць на тыл шыі. Канцы крылаў белыя, моцная чырвоная дзюба з тонкім чорным кольцам, чырвоныя ногі. Дарослыя птушкі ў негнездавы час, а таксама маладыя з белай галавой, толькі па баках цёмныя плямы. Двухгадовыя з чорнымі канцамі крылаў, з карычневым перадам крылаў. Голас гучны.
Папуляцыі вельмі ізаляваныя, сустракаюцца ад Іспаніі і Францыі на ўсход праз усю Паўднёвую, Цэнтральную і Усходнюю Еўропу да Каспійскага мора і Малой Азіі. Насяляе марскія ўзбярэжжы, а таксама дэльты, эстуарыі, залівы, балоты, берагі кантынентальных вадаёмаў, пакрытыя травяністай расліннасцю. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі, спарадычны і нерэгулярны на гнездаванні від, упершыню адзначаны ў 1988[1] годзе.
Пералётная птушка. Месца зімовак: Чорнае і Міжземнае моры і ад узбярэжжаў заходняй Балтыкі на захад да ўзбярэжжаў Даніі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі і Партугаліі. Часткова зімуе на гнездавых тэрыторыях.
Гняздуецца пераважна ў калоніі (таксама ў змяшанай з рачной крычкай). Гняздо будуе ў ямцы сярод расліннасці або на адкрытым месцы. Гэта няшчыльная чаша з травы (часта ў высцілцы некалькі пёраў). На пясчаных месцах сустракаецца скупая высцілка з сухой травы.
Яйкі (1—2, часам 3) крыху падоўжаныя, светла-крэмавыя, бела-жоўтыя, бледна-зялёныя або светла-аліўкавыя; глыбокія плямы — папялістыя, паверхневыя — чорныя або карычневыя. Памеры: 53,5 х 38 мм.
Зноскі
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.