30-я грэнадзёрская дывізія СС (2-я руская)
30-я грэнадзёрская дывізія СС (2-я руская) | |
---|---|
30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2) | |
Гады існавання | 18 жніўня 1944 — 11 студзеня 1945 |
Краіна | Нямеччына |
Уваходзіць у | Войскі СС |
Тып | дывізія і злачынная арганізацыя[d] |
Функцыя |
барацьба з партызанамі абарона на Рэйне |
Колькасць |
11600 (жнівень 1944) 6200 (верасень 1944) 6500 (кастрычнік 1944) 4000/4400 (снежань 1944) |
Дыслакацыя | |
Войны | Другая сусветная вайна |
Удзел у | Абарона лініі Зігфрыда |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Ганс Зіглінг |
30-я вафэн-грэнадзёрская дывізія СС (2-я руская) (ням.: 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2)) — дывізія фашысцкай Нямеччыны, створаная напрыканцы вайны з паліцыянтаў з акупаваных тэрыторыяў, пераважна з беларусаў.
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]20 ліпеня 1944 года Генрых Гімлер стаў камандоўцам арміі рэзерву.
24 ліпеня 1944 года ўвесь камандны склад брыгады Зіглінга быў скліканы на канферэнцыю ва ўсходнепрускім мястэчку Эльбінгу. Там афіцэрам паведамілі, што брыгада рэарганізуецца ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС (2-ю рускую) і што яны стануць афіцэрамі войскаў СС.
Супраць назвы «2-я руская» з беларускіх афіцэраў выступіў толькі маёр[1] Віталь Мікула[2], бо ў дывізіі большасць салдатаў была беларусамі[3]. За свой пратэст Мікула быў паніжаны ў званні і камандаваў толькі ўзводам. Восенню 1944 года немцы скарысталіся ўцёкам некалькіх жаўнераў з батальёна Мікулы, і ён быў спалены ў крэматорыі ў Дахаў[4].
Таксама многія вайскоўцы ўкраінскіх батальёнаў успрынялі гэтую назву як прыкмету таго, што дывізія ўвойдзе ў склад Рускай вызваленчай арміі. Гэта моцна ўдарыла па іх баявым духу, бо яны не жадалі служыць у расейскім войску.
Адначасова Гімлер звярнуўся да Гітлера па санкцыю на стварэнне дывізіі. Гітлер згадзіўся, і 31 ліпеня 1944 года рэйхсфюрар СС аддаў загад перавесці брыгаду з паліцыі ў войскі СС і рэарганізаваць яе ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС (2-ю рускую).
Гэтая назва сустракаецца ў дакументах ужо з пачатку жніўня 1944 года. Толькі 18 жніўня Галоўнае аператыўнае ўпраўленне СС аддала загад аб перафармаванні брыгады ў дывізію з эфектам загаду ад 1 жніўня[2].
Шлях дывізіі
[правіць | правіць зыходнік]Дывізію не паслалі на задушэнне Варшаўскага паўстання, якое выбухнула 1 жніўня. 6 жніўня быў аддадзены загад на гэта, але ад яго адмовіліся, бо ў дывізіі былі палякі і беларусы-каталікі, якія ім сімпатызавалі[2]. У гэты момант апошнія сталі дэзертаваць, пераходзячы на бок Арміі Краёвай. Напрыклад, 4 жніўня з 12-й роты 4-га палка дэзертавала 5 чалавек, 11 жніўня – яшчэ 4[2], а 20 жніўня ў роце ўжо было толькі 50 чалавек[5]. Гэта так злавала Зіглінга, што ён жадаў цалкам расфармаваць 4-ы полк[5].
У дывізіі не хапала зброі і транспарту. Аснову агнявой моцы дывізіі складала стралковая зброя, а самым распаўсюджаным траснпартам сталі калёсы з коньмі.
4 жніўня быў выдадзены загад перакінуць дывізію на захад, дзе дывізія павінная была змагацца з французскімі партызанамі[6].
12 жніўня дывізію перакінулі ў ваколіцы Розенберга (Усходняя Прусія), дзе жаўнеры прыбіралі ўраджай[2].
Перакід на Заходні фронт пачаўся толькі ў 10-х днях жніўня. Ён вёўся часткамі чыгункай, для чаго агулам спатрэбіўся 31 чыгуначны склад. Маршрут руху праходзіў праз наступныя пункты: Ілава (месца пагрузкі) — Торунь — Інаўроцлаў — Гале — Вормс — Ханау — Франкфурт — Страсбург. Далей батальёны следавалі ў раён Бельфор — Безансон — Доле — Вальдаон — Дыжон (Бургундыя)[6].
Перакід у Францыю
[правіць | правіць зыходнік]Перакід цягнуўся 2 з паловай тыдні. Першыя часткі прыбылі ў Страсбург 18 жніўня, а 19 жніўня ў Безансон прыехаў 2-і батальён 2-га палка і вечарам таго ж дня маршам уступіў у мястэчка, стаўшы ягоным гарнізонам[6]. Такім чынам, першымі прыбылі 2-ія батальёны 1-га і 2-га палка, якія складаліся пераважна з украінцаў[6]. Першы пад камандаваннем штурмбанфюрара СС Ханенштайна быў разгорнуты ў Везулі, а другі пад камандаваннем гаўптштурмфюрара СС Лібэ – у Вальдаоне.
Падчас перакіду 2-га батальёна 1-га палка цягнік быў спынены, з-за дыверсіі. Ханенштайн загадаў жаўнерам прыняць удзел ва ўкладцы рэек, што іх абурыла, бо яны падумалі, што іх прывезлі для цяжкай працы. Потым немцы да месца працы прывялі 5 закладнікаў, якіх планавалі расстраляць за акт сабатажу, аднак за іх уступіўся ўкраінскі афіцэр вафен-гаўптштурмфюрар Глоба, дзякуючы якому іх вызвалілі[6].
2-гі батальён 2-га палка па ўваходзе ў Вальдаон у бой адразу не кідаўся. Замест гэтага пачалася інтэнсіўная ваенная падрыхтоўка: 6 гадзінаў з раніцы да абеду, потым перапынак на абед, затым зноў заняткі да 18:00, пасля якіх была вячэра. Па вячэры да 20:00 праходзілі заняткі па ваеннай тэорыі. Большасць жаўнераў пазітыўна гэта не ўспрыняла[6].
Таксама немцы меркавалі даслаць украінскіх унтэр-афіцэраў на адмысловыя курсы, аднак украінцы гэта не ўспрынялі станоўча, бо большасць з іх не марыла пра вайсковую кар’еру.
У Францыі дывізія ўвайшла ў прамое падпарадкаванне штаба групы армій «G», якой камандаваў генерал-оберст Ёханес Бласковіц. У гатоўнасць дывізіі змагацца з рэгулярнымі часткамі Саюзнікаў нямецкім камандаваннем ставілася пад сумненне[6]. Такім чынам, дывізія была размешчаная ў мястэчках Францыі, каб несці гарнізонную службу ды змагацца з партызанамі.
23 жніўня пачаліся першыя сутычкі з партызанамі.
Мецяжы
[правіць | правіць зыходнік]2-і батальён 2-га палка
[правіць | правіць зыходнік]23 жніўня батальён з Вальдаона прыняў удзел у сваім першым баявым патруляванні на Заходнім фронце. У час гэтага выхаду на мясцовасць украінскі салдат Насценка ўцёк у лес, фактычна стаўшы першым дэзертырам з дывізіі ў Францыі. Тады ж з адным украінскам афіцэрам дывізіі звязаўся белаэмігрант, які стаў агентам Французскіх унутраных сілаў. На наступны дзень, 24 жніўня, украінскія афіцэры 2-га батальёна 2-га палка прынялі рашэнне арганізавана перайсці на бок французскіх партызанаў.
25 жніўня адзін з украінскіх афіцэраў вафен-унтэрштурмфюрар Фёдараў быў выкліканы да афіцэра СД палка, які пытаўся яго пра настроі і паводізны салдатаў-украінцаў. Фёдараў распавёў афіцэру тое, што той жадаў пачуць.
На вечар 26 жніўня планавалася антыпартызанская акцыя, падчас якой украінцы меркавалі раззброіць немцаў і ўцекчы на бок французаў. Увесь дзень ішло рыхтаванне, аднак а 7-й гадзіне вечару акцыю скасавалі. 27 жніўня а 2-й гадізне ночы Фёдараў употайку абудзіў сваю 2-ю роту. Мяцежнікі забілі 11 немцаў, а таксама некалькіх ранілі. Большая частка нямецкага персаналу не пацярпела. Каля паловы трэцяй гадзіны ночы батальён (10 афіцэраў, 454 унтэр-афіцэраў і радавых) уцёк з Вальдаона ў лес. Аднак украінцы дрэнна ведалі мясцовасць і не змаглі знайсці агентаў ФУС. Яны блукалі некалькі гадзінаў, пакуль не знайшлі вёску, жыхар якой, звязаны з падполлем, адвёў украінцаў да партызанаў[6].
У Вальдаоне з ацалелага нямецкага персаналу і тутэйшых нямецкіх адзінак была складзеная баявая група на чале з гаўптштурмфюрарам СС Лібэ. Раніцай 27 жніўня група знайшла ўкраінцаў. Лібэ вырашыў уступіць у перамовы, аднак украінцы схапілі яго ў палон ды абяззброілі. З украінскага боку яго суправаджаў вафен-унтэрштурмфюрар Уладзімір Гаўрылішын разам з двума унтэр-афіцэрамі. Лібэ спрабаваў пераканаць яго, што трэба вярнуцца ў дывізію, аднак без поспеху. На просьбу Лібэ яго адпусцілі, вярнуўшы каня і ягоны ППШ. Пазней Лібэ служыў у дывізійным штабе.
З украінскіх дэзертыраў вярнуўся толькі вафен-унтэрштурмфюрар Мікалай Сандула, які адстаў ад мяцежнікаў і вярнуўся ў Вальдаон, дзе даў паказанні датычна бунту. У лістападзе 1944 года Сандула ўжо камандаваў ўзводам. Астатнія ўдзельнікі паўстання далучыліся да Французскіх унутраных сілаў, сфармаваўшы з сябе 2-гі батальён імя Тараса Шаўчэнкі са статусам замежнага вайсковага фармавання. Камандаванне ў батальёне было паране: украінскі і французскі камандовец[6].
31 жніўня падчас выведкі супраць Вальдаона з мэтай пакараць «здрадніка Сандулу» да немцаў перайшоў вафен-унтэрштурмфюрар Гаўрылішын . Ён стаў другім афіцэрам батальёна, які вярнуўся, аднак пра ягоны далейшы лёс нічога невядома[6].
2-і батальён 1-га палка
[правіць | правіць зыходнік]27 жніўня паўстаў 2-гі батальён 1-га палка (былы 61-ы ўкраінскі батальён). Камандовец батальёна вафен-гаўптштурмфюрар Глоба, дзякуючы аднаму са сваіх афіцэраў, які ведаў французскую мову, змог устанавіць кантакт з Французскімі ўнутранымі сіламі і дасягнуў дамоўленасці з імі аб пераходзе на іх бок.
25-27 жніўня батальён пастаянна перамяшчаўся з месца на месца. Удзень 27 жніўня, па атрыманні загаду вярнуцца ў Везуль, украінцы перабілі ўвесь нямецкі персанал (былі забітыя мінімум 94 немцы)[6] і сыйшлі да ФУС. Батальён з сабою забраў і ўсю сваю зброю (чатыры 45-мм супрацьтанкавыя гарматы і 500 снарадаў да іх, чатыры 82-мм мінамёты, трыццаць сем 52-мм міномётаў, 21 станкавы кулямёт, 120 ручных кулямётаў, 130 пісталетаў-кулямётаў, 700 вінтовак, 1000 мінамётных мінаў, 6000 гранатаў і вялікая колькасць патронаў да стралковай зброі)[6].
2-і батальён 1-га палка ў складзе ФУС сфармаваў з сябе 1-шы батальён імя Івана Богдуна са статусам замежнага вайсковага фармавання. Батальёнам камандавалі Віктар Пеці (з французскага боку) і Аляксандр Неграбецкі (з украінскага). 31 жніўня Неграбецкі планаваў атакаваць Вальдаон з-за пераходу Гаўрылішына на бок немцаў, аднак вечарам таго ж дня немцы пакінулі мястэчка.
Беларусы
[правіць | правіць зыходнік]28 жніўня паўсталі беларусы: 1-ы і 3-і батальёны 4-га палка 30-й дывізіі (былыя 23-і і 34-ы батальоны БКА), якія знаходзіліся ў ваколіцах Понт-дэ-Роід — Сен-Іполіт — Майчэ, дэзертавалі ў суседнюю Швейцарыю. Пасля перасячэння мяжы дэзертыры былі інтэрнаваныя.
Рэарганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]28 жніўня 1944 года камандовец Вермахту на Захадзе Вальтэр Модэль загадаў раззброіць дывізію і адправіць на працу ў Нямеччыну, аднак загад выкананы не быў. Перакід дывізіі на Захад завяршыўся толькі 30 жніўня[7].
Камандаванне СС вырашыла пазбавіцца ад ненадзейнага і нелаяльнага элементу ў дывізіі. Немцы раззброілі ўкраінскія падраздзяленні, якія засталіся ў дывізіі, а потым арыштавалі некалькі дзясяткаў украінцаў і беларусаў як мяцежнікаў[7]. Канкрэтная колькасць рэпрэсаваных невядомая, бо дакументы пра гэта не захаваліся[7].
Оберштурмбанфюрар Зіглінг атрымаў загад вывесці са складу дывізіі ўвесь ненадзейны элемент і сфармаваць з іх два «траншэйныя палкі» (ням.: Schanz Regiment). Такім чынам, у першай палове верасня з дывізіі вывелі 37 афіцэраў і 2117 іншых вайскоўцаў, з каторых да 18 верасня стварылі тыя «траншэйныя палкі» (па два батальёны з трох ротаў у кожным). 1-м палком камандаваў гаўптштурмфюрар СС Тутас, а 2-м — маёр шуцпаліцыі Вільгельм Моха. Асабовы склад гэтых батальёнаў на 70% складаўся з беларусаў[7]. У 2-м палку апынулася група былых кадэтаў менскай афіцэрскай школы БКА, якая 27 кастрычніка 1944 года звярнулася да БЦР у Берліне з просьбай дапамагчы ім пакінуць гэты полк[7]. Беларусы займалі пасады камандоўцаў узводаў, адзін з іх быў намеснікам камандоўца роты. Усе вышэйшыя пасады займалі немцы. Вайскоўцы былі без зброі і былі пазбаўленыя званняў войскаў СС — у палках выкарыстоўваліся папярэднія званні з дапаможнай паліцыі. Абодва палкі перадалі ў падпарадкаванне транспартнай камендатуры ў Карлсруэ і адправілі на будаўнічыя работы на «Заходнім вале». Салдатам прыходзілася жыць у цяжкіх побытавых умовах, адзначалася і дрэннае абыходжанне немцаў да падначаленых замежнікаў[7].
Замест выключаных частак у дывізію ўлілі некалькі ўсходніх добраахвотніцкіх, напрыклад, былы 654-ы ўсходні батальён (у красавіку 1944 года быў 3-м батальёнам 895-га грэнадзёрскага палка 265-й пяхотнай дывізіі). У першай палове верасня 1944 года ў дывізіі ўжо налічвалася 6200 чалавек, з якіх Зіглінг пачаў ствараць новую дывізію. Структура дывізіі змянілася цалкам: два з чатырох ейных грэнадзёрскіх палкоў былі расфармаваныя[7].
Была адноўленая інтэнсіўная падрыхтоўка асабовага складу. Зіглінг арганізаваў у дывізіі школу падрыхтоўкі унтэр-афіцэраў. Заняткі праводзіліся ў кожным падраздзяленні. Аднак паўнавартаснаму навучанню перашкаджалі французскія партызаны, якія штодзень прымушалі жаўнераў нервавацца[7].
У канцы жніўня 1944 года Францішак Кушаль паслаў у штаб Зіглінга 16 беларускіх афіцэраў, каб тыя занялі камандныя пасады ў падраздзяленнях, дзе большасць беларусаў. Аднак Зіглінг беларускіх афіцэраў не прыняў, бо адмаўляў нацыянальны падзел у дывізіі[8].
Адступленне
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне верасня 1-я французская армія набліжалася да Дыжона, крайняга паўднёвага пункту дыслакацыі дывізіі. Зіглінг атрымаў загад адвесці дывізію на паўночны ўсход. Падчас адступлення дывізія цярпела ад французскіх партызанаў, найбольш нападаў было ў ваколіцах Бельфор — Мюлуз.
Адступленне выклікала новую хвалю дэзертырства: уцякла большасць калішніх кадэтаў афіцэрскай школы БКА і палякаў. Сярод дызертыраў быў Рыгор Зыбайла разам са сваім узводам, а таксама рота беларусаў, былых шуцманаў, якія служылі ў Міры. Большасць з іх пазбегла рэпрэсіяў і была накіраваная ў 2-гі польскі корпус у Італіі.
Падчас адступлення былі і бунты. Напрыклад, жаўнеры 1-й роты школы малодшых камандоўцаў забілі ўсіх афіцэраў і сяржантаў і ўцяклі да французскіх партызанаў. Паводле ўспамінаў аднаго нямецкага афіцэра, у нейкай 10-й роце былі забітыя 2 немцы, а жаўнеры разбегліся, акрамя максімум 10 чалавек[7].
Аднак 6 верасня 1944 года афіцэр дывізіі оберштурмфюрар СС Хансен адзначаў у сваім дзённіку:[7]
У складзе 30-й дывізі знаходзіцца фармаванне, якое складаецца з афіцэраў Саюзу беларускай моладзі. Нягледзячы на тое, што настроі сярод салдатаў дывізіі ўпалі, не хапае ўзбраення і харчу, гэтае беларускае падраздзяленне захоўвае становішча высокай баявой гатоўнасці.
27 верасня ў мястэчку Этабоне жаўнеры дывізіі расстралялі 39 цывільных французаў за падтрымку партызанаў. Яшчэ 27 былі дэпартаваныя ў Нямеччыну, семярых з іх праз 10 дзён расстралялі як памагатых партызанаў[7].
Дывізія адступіла ў ваколіцы Кальмара, увайшоўшы ў падпарадкаванне 5-й ваеннай акругі генерала артылерыі Максіміліяна Фельцмана. Было загадана працягнуць рэарганізацыю дывізіі і падрыхтаваць яе да баявых дзеянняў на фронце.
Працяг рэарганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Цяпер дывізія складалася з двух грэнадзёрскіх палкоў і частак узмацнення. Кожны полк складаўся з трох батальёнаў, пры гэтым 3-ія батальёны абодвух палкоў фармаваліся з нуля. Так 12 верасня быў утвораны батальён Мураўёва, максімальная колькасць жаўнераў якога складала 890 чалавек у кастрычніку. Пазней частку жаўнерааў батальёна размеркавалі па іншых падраздзяленнях, такім чынам, на 16 кастрычніка ў ім былі 422 чалавекі. Мураўёў меў добрыя дачыненні з Зіглінгам, таму мог дазволіць сабе некаторыя адвольнасці кшталту вядзення ўнутранай дакументацыі па-расейску[7].
Быў сфармаваны 30-ы панцаргрэнадзёрскі батальён СС, які стаў ударным рэзервам дывізіі і быў укамплектаваны збольшага нямецкімі, а таксама найбольш падрыхтаванымі ўсходнімі добраахвотнікамі. 2 кастрычніка быў адноўлены навучальна-палявы батальён для забеспячэння баявой падрыхтоўкі новых добраахвотнікаў.
Рэарганізацыя праходзіла на хаду пад ударамі супраціўнікаў. Падрыхтоўка жаўнераў была слабая, а баявы дух нізкі[7]. Нягледзячы на рэарганізацыю, дывізія ўсё адно заставалася вельмі слабой. Яе ўзбраенне заставалася збольшага стралковым узораў розных краінаў. Таксама не хапала цяжкай зброі.
Па адступленні пагроза партызанаў знікла і дэзертырства зменшылася, бо бегчы ўжо не было куды: дывізія ўжо была ў Нямеччыне[7].
12 кастрычніка кватармайстар дывізіі Хенінгфельд падпісаў распараджэнне аб арганізацыі адмысловых курсаў кіроўцаў для персаналу выведнай роты.
Жаўнеры мелі адзін цалкам вольны дзень — нядзелю. Для жаўнераў былі арганізаваныя аркестр і палкавыя хоры, паказвалі кінафільмы. Дывізійны аркестр разам з палкавымі хорамі правёў некалькі выступаў для салдатаў і тамтэйшага грамадзянскага насельніцтва[7]. Аднак дысцыпліна ўсё адна была нізкая, жаўнеры шмат пілі. З-за гэтага 24 кастрыніка Мураўёў выдаў загад аб забароне жаўнерам кватараваць за межамі казармаў і злоўжываць алкаголь[7].
18 кастрычніка[9] было загадана стварыць у палках 3-ія батальёны, аднак гэта атрымалася толькі ў 76-м палку[7], якім камандаваў гаўптштурмфюрар СС Эрнст Ніпель, былы супрацоўнік паліцэйскай камендатуры ў Слуцку. 19 кастрычніка загадам Галоўнага аператыўнага ўпраўлення СС дывізія была зноў рэарганізаваныя шляхам прывядзення яе да штату пяхотнай дывізіі ўзору 1944 года[7].
24 кастрычніка адбылася рэарганізацыя дывізіі[9]. Два наяўныя грэнадзёрскія палкі скарачаліся да двух батальёнаў, а з вылучаных з іх двух батальёнаў сфармавалі трэці полк дывізіі, каторы цяпер складаўся з «батальёна Мураўёва» і былога 654-га ўсходняга батальёна. Пры гэтым палкі атрымалі парадкавыя нумары ў адпаведнасці са скразной нумарацыяй палкоў войскаў СС. Так, папярэдні 1-ы полк стаў 75-м палком, 2-і — 76-м, а 3-і — 77-м грэнадзёрскімі палкамі войскаў СС[7].
У канцы кастрычніка 1944 года ў дывізіі налічвалася каля 6500 человек, збольшага беларусаў, расейцаў, украінцаў і палякаў. Апошнія прызнаваліся за ненадзейных, таму 17 лістапада Зіглінг загадаў стварыць пайменны спіс польскіх афіцэраў і жаўнераў[7].
У баях
[правіць | правіць зыходнік]Цягам кастрычніка штаб Зіглінга атрымліваў некалькі прадпісанняў падрыхтаваць баявыя групы для блакавання магчымых прарываў праціўніка.
8 кастрычніка 9-я і 12-я рота 76-га палка былі выкарыстаныя ў пошуку пілота са збітага амерыканскага самалёта ў ваколіцах Ільсенайма. Ранены лётчык быў спайманы пехацінцамі-беларусамі і перададезны нямецкай ваеннай жандармерыі. Салдаты дывізіі таксама ўдзельнічалі ў зборы прапагандысцкіх улётак , якія раскідваліся над мясцовасцю з союзных самалётаў.
Баі з дэсантам
[правіць | правіць зыходнік]25 кастрычніка перад дывізіяй была пастаўленая новая задача[10], для якой 27 кастрычніка армейскае камандаванне высунала 30-ю дывізію СС да пераправаў праз Рэйн. Зіглінг павінны быў забяспечыць переправу абкружаных нямецкіх войскаў на бяспечны бераг Рэйна і зрабіць так, каб ніводзін з мастоў не трапіў у рукі супраціўніка[7].
75-ы полк рушыў у Грусенайм праз Хайдэльсхайм — Эльзенайм. Першым на месца прыбыў 2-і батальён палка, які адразу прыступіў да абсталявання пазіцыяў прыкрыцця маста ў раёне мястэчка. У гэты час 1-ы батальён атрымаў загад прыкрыць абаронны раён Кюнайм — Маркальсайм. Сюды ж рушыў 30-ы выведны батальён СС, які зладзіў вылазку на захад ад абодвух гэтых гарадоў у напрамку пазіцыяў супраціўніка. Было ўстаноўлена, што там дзейнічае 1-я французская армія.
76-ы полк меў асаблівае заданне, для чаго рушыў у раён Артальсайм — Бутцайм — Маркольсайм — Артэнайм, дзе рыхтаваўся да атакі. За дзень да гэтага, 26 кастрычніка, Саюзнікі правялі аперацыю ў раёне Грусенайм — Жэбсайм — Мюнцэнайм, высадзіўшы на планерах дэсантнікаў з мэтай захопу чатырох мастоў цераз Рэйнскі канал паміж Маркальсаймам і Кюнаймам. Ліквідаваць гэтую пагрозу даручылі 30-й дывізіі СС. Так байцы 75-га і 76-га палка дывізіі, узброеныя збольшага вінтоўкамі, змагаліся з добра навучанымі дэсантнікамі. У серыі сутычак дывізія змагла ачысціць мясцовасць ад супраціўніка і ўтрымаць масты. Аднак страты палкоў былі вялікія, з-за гэтага 2 лістапада[11] быў расфармаваны 77-ы полк, а ягоны склад размеркавалі па іншых палках дывізіі. Такім чынам, полк праіснаваў меней за два тыдні, не зрабіўшы ніводнага стрэлу[7]. Батальён Мураўёва ж захаваў сваю самастойнасць.
Баі з 1-й французскай бронетанкай дывізіяй
[правіць | правіць зыходнік]17 лістапада войскі Саюзнікаў дасягнулі раёна Бельфора, і Зіглінг прапанаваў штабу групы армій «G» скарыстацца ягонай дывізіяй у баі. Пасля кансультацыі з камандоўцам 19-й арміі, 30-ю дывізію СС размясцілі на другой лініі абароны.
20 лістапада Саюзнікі прарваліся праз Мюлуз і ўсталявалі плацдармы цераз канал Рона-Рэйн у раёне Брытані і Шато-Мантэрэй. 30-ю дывізію СС падпарадкавалі штабу 63-га армейскага корпуса генерала пяхоты Густава Хёнэ і адправілі ў раён Ларга, дзе яна павінная была змяніць на пазіцыях 198-ю пяхотную дывізію, якая збіралася контратакаваць. 75-ы полк дывізіі заняў рубеж уздоўж канала Рона-Рэйна паміж Шато-Мантэрэй і Вольферсдорфам. 76-ы полк направіўся на лінію Дамеркірх — Альткірх — Хіртцбах.
30-я дывізія СС павінная была падтрымаць наступленне 198-й пяхотнай дывізіі. Удар запланавалі на 21 лістапада, 198-я пехотная дывізія павінная была атакаваць праз Шаванці, каб дасягнуць лесу паўднёвей дарогі Гроснэ — Суарсэ. 76-ы полк атрымаў загад правесці абмежаваную атаку ў раёне Хірсінгена і Ларгатцэна, а 30-ы выведвальны батальён СС быў кінуты ўперад уздоўж ракі Ілі ў напрамку Вальдыгхофена.
Баі пачаліся супраць 1-й французскай бронетанкай дывізіі з часткамі ўзмацнення. Спробы атакі 30-й дывізіі СС хутка спыніліся, і яна перайшла да абароны. 76-ы полк уцягнуўся ў цяжкія абаронныя баі з французскімі войскамі, стрымаць якія не змог. 21 лістапада 30-я дывізія СС была адкінутая французскімі танкавымі контратакамі на рубеж Хіндлінген — Хіртцбах. На гэтай лініі адбыліся жорсткія баі, у ходзе каторых 30-я дывізія СС змагла спыніць французскае наступленне[7].
У баях 21-22 лістапада войскі 63-га армейскага корпуса знішчылі 41 танк 1-й французскай бронетанкай дывізіі, з іх 6 было знішчана 30-й дывізіяй СС. Пры гэтым дывізія не мела сур’ёзнай супрацьтанкай зброі і змагался панцэрфаўстамі.
Развал дывізіі
[правіць | правіць зыходнік]23 лістапада Саюзнікі перагрупаваліся і нанеслі па нямецкіх рубяжах серыю моцных контрудараў танкамі і пяхотай пры падтрымцы артылерыі. Абарона 198-й дывізіі была прорваная, Саюзнікі выйшлі да мяжы Швейцарыі. Затым французскія танкі і артылерыя пачалі граміць ушчэнт 30-ю дывізію СС[12]. Супрацьтанкавых гарматаў у дывізіі не было, яна аказалася ў безнадзейнай сітуацыі. 24 лістапада, як толькі з’явіліся варожыя танкі, жаўнеры адразу кінуліся на ўцёкі. Калі б не стойкасць суседніх нямецкіх дывізіяў, 30-я дывізія СС была б знішчаная[12]. За два дні яна адступіла на поўнач да лініі Шпехбах — Бернвайлер і практычна згубіла баяздольнасць. Зноў пачалі адбывацца выпадкі бунтаў і дэзертырства[12].
26 лістапада нямецкі фронт на лініі Бельфор — Эпіналь – Альткірхен быў прорваны. 30-я дывізія СС апынулася ў раёне вёсак Бютвайлера, Бальшвайлера і Бернвайлера. Дывізія пачала развальвацца, а жаўнеры пачалі масава здавацца ў палон[12]. Страты дывізіі за некалькі дзён лічыліся сотнямі, збольшага зніклымі без вестак. Падчас лістападаўскіх баёў пад Мюльхаўзенам[13] дэзертаваў, забіўшы перад тым нямецкі персанал, сваім амаль поўным складам нават батальён Мураўёва, які ўважаўся немцамі за адну з найнадзейнейшых частак[12].
28 лістапада 30-я дывізія СС была падпарадкаваная 90-му армейскаму корпусу генерала авыяцыі Эрыха Петэрсена. У дывізіі заставаліся толькі дывізійны штаб, выведвальны батальён, некоторыя тылавыя подраздзяленні і службы, а таксама некалькі сотняў салдатаў з разрозненых баявых подраздзяленняў. Зіглінг адразу паведаміў штабу Петэрсана, што дывізія больш не гатовая да баёў, а ейнае выкарыстанне можа быць небяспечным[12].
Фактычна дывізія спыніла сваё існаванне[12]. З нямецкага кадравага персаналу, які застаўся, і ўсходніх добраахвотнікаў Ганс Зіглінг стварыў баявую групу, на чале каторай і прыбыў у падпарадкаванне 90-га корпуса.
Францішак Кушаль бачыў прычыну развалу дывізіі ў ігнараванні Гансам Зіглінгам нацыянальнага пытання[8].
Расфармаванне
[правіць | правіць зыходнік]Рэшткам дывізіі (каля 4000[12] або 4400[13] чалавек) загадалі здаць зброю і рыштунак і пешым маршам рушыць у напрамку Нюрнберга. 2 снежня падраздзяленні дывізіі сабраліся на армейскім ваенным палігоне ў Мюнзінгене (паўднёвей Нюрнберга). 7 снежня рускія добраахвотнікі, якія яшчэ засталіся на службе, агульнай колькасцю каля 1000 чалавек былі афіцыйна перададзеныя ў склад 600-й (рускай) пяхотнай дывізіі вермахта (будучая 1-я дывізія РВА), якая тады фармавалася. Астатнія байцы 30-й дывізіі СС (немцаў і беларусаў) адправілі на палігон Графенвер у Баварыі.
1 студзеня 1945 года 30-ю грэнадзёрскую дывізію войскаў СС (2-ю рускую) афіцыйна расфармавалі (загад аддалі 11 студзеня са старшынством ад 1 студзеня). Яе рэшткі размеркавалі па іншых частках СС. Так, 30-ы гаспадарчы полк СС, які быў у адносна нядрэнным стане і меў каля сотні калёсаў, быў уключаны ў 25-ю грэнадзёрскую дывізію войскаў СС «Хуньядзі» (1-ю венгерскую), каторая тады фармавалася на палігоне ў Нойгамеры. 30-ы выведны батальён СС увайшоў у склад 26-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў СС (2-й венгерскай), якая фармавалася на палігоне ў Шыратцы, куды батальён прыбыў 7 студзеня.
Частка афіцэраў дывізіі была накіарваная на службу ў 31-ю грэнадзёрскую дывізію войскаў СС. Так, гаўптштурмфюрар СС Вернер Цымерман стаў камандоўцам 3-га батальёна 79-га грэнадзёрскага палка СС, а штурмбанфюрар СС Гельмут Гантц — камандоўцам 1-го батальёна 80-га грэнадзёрскага палка СС.
У пачатку студзеня 1945 года асабовы склад, які застаўся ад 30-й дывізіі СС, быў засяроджаны на палігоне Графенверы, дзе чакаў вызначэння свайго лёсу. 15 студзеня 1945 года рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер падпісаў загад аб стварэнні грэнадзёрскай брыгады войскаў СС (1-й беларускай)[12].
Склад
[правіць | правіць зыходнік]На сярэдзіну жніўня 1944 года ў дывізіі налічвалася 11600 вайскоўцаў, з якіх каля 7000 чалавек былі беларусамі (60-65%). У дывізіі таксама служылі ўкраінцы, расейцы, палякі, немцы, а таксама нязначная колькасць татар, чэхаў і армян. Напрыклад, на 4 жніўня ў 3-м батальёне 4-га палка з 695 чалавек было 447 беларусаў (64%), 114 немцаў (16%), 63 полякі (9%), 53 расейцы (7,6%), 15 украінцаў (2,1%) і 3 татары. У 1-м і 2-м палках значную колькасць складалі ўкраінцы, бо гэтыя палкі складаліся з украінскіх батальёнаў шуцманшафту[2].
У афіцэрскім складзе пераважалі немцы, а за імі расейцы і ўкраінцы. Украінцы ж былі збольшага русіфікаваныя[4]. Беларускіх афіцэраў было мала. Напрыклад, у 3-м батальёне 4-га палка з 22 афіцэраў толькі 5 былі беларусамі[2]. З пераводам у СС у фармаваньні пачалі ўжывацца званні СС, але ў замежных добраахвотнікаў дадавалася толькі прыстаўка «вафен» без абрэвіятуры СС[2].
Нямецкія афіцэры дывізіі збольшага былі афіцэрамі паліцыі ў Беларусі, пераведзеныя ў СС. Напрыклад начальнікам аператыўнага аддзела быў калішні камандовец батальёна дапаможнай паліцыі. Да таго ж бальшыні нямецкіх афіцэраў было за 40 гадоў. Нямецкія афіцэры дывізіі былі слабейшыя адносна афіцэраў іншых дывізіяў СС[7].
Меркавалася, што ў дывізіі будзе ад 6 да 10 чалавек з веданнем некалькіх моваў, але на практыцы такіх было ад 2 да 5, што ўскладняла зносіны немцаў з жаўнерамі дывізіі[2].
У першай палове верасня ў дывізіі налічвалася каля 6200 чалавек, а ў канцы кастрычніка 1944 года ў дывізіі было каля 6500 вайскоўцаў[7]. Да снежня ў дывізіі засталося каля 4000[12] або 4400[13] жаўнераў.
Арганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Спачатку арганізацыя дывізіі паўтарала арганізацыю брыгады. У дывізіі засталіся 4 палкі, нумарацыя якіх не была скразная з іншымі часткамі СС, а была звычайнай. Кожны полк складаўся з двух батальёнаў, акрамя 4-га, у якім былі тры батальёны. Парадкавы нумар 30 атрымаў толькі артылерыйскі дывізіён.
Арганізацыя дывізіі да адпраўкі на Заходні фронт (пачатак жніўня 1944 года):[6][14]
- Штаб дывізіі (ням.: Stab der Division);
- 1-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 1);
- 2-і грэнадзёрскі полк войскаў СС (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 2);
- 3-і грэнадзёрскі полк войскаў СС (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 3);
- 4-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 4);
- 30-ы артылерыйскі дывізіён войскаў СС (ням.: Waffen-Artillerie-Abteilung Nr. 30);
- Кавалерыйскі эскадрон (ням.: Reiter-Schwadron);
- Навучальна-палявы батальён (ням.: Feldersatz-Bataillon).
Кастрычнік 1944 года
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове кастрычніка 1944 года дывізія складалася з двух грэнадзёрскіх палкоў і частак узмацнення. Арганізацыя выглядала наступным чынам:[7]
- Штаб дывізіі (месца дыслакацыі — Маркальсайм).
- 1-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (Мюсіг):
- 1-ы батальён (рэшткі папярэдняга 1-га палка);
- 2-і батальён (рэшткі папярэдняга 2-га палка);
- 3-і батальён («батальён Мураўёва»; сапёрны палігон у Нойбрайзаху).
- 2-і грэнадзёрскі полк войскаў СС (Сазенхайм):
- 1-ы батальён (рэшткі папярэдняга 3-га палка);
- 2-і батальён (рэшткі папярэдняга 4-га палка);
- 3-і батальён (былы 654-ы ўсходні батальён).
- 30-ы артылерыйскі дывізіён войскаў СС (Эсенайм):
- дзве батарэі трафейныя савецкія 122-мм гаўбіцы М-30.
- 30-ы выведвальны батальён СС (папярэдні 68-ы казачы конны дывізіён; Макенайм):
- тры кавалерыйскія роты і штабная рота на веласіпедах.
- 30-ы панцаргрэнадзёрскі батальён СС (Эльзенайм):
- панцаргрэнадзёрская рота;
- выведвальная рота на бронеаўтамабілях.
- 30-я сапёрная рота СС (Эдальсайм).
- 30-я рота сувязі СС (Маркальсайм).
- 30-ы навучальна-палявы батальён СС (сапёрны палігон у Нойбрайзаху):
- штабная і чатыры пяхотныя роты.
- 30-ы гаспадарчы полк СС (Маркальсайм):
- аўтакалона 6-тонных грузавікоў;
- адміністратыўная матарызаваная рота СС;
- матарызаваная рамонтная рота.
На паперы дывізія мела 2 батарэі савецкіх 122-мм гаўбіцаў, аднак насамрэч гэтых гаўбіцаў у дывізіі ўсяго было толькі 5[7]. Таксама камандаванне планавала перадаць дывізіі батарэю шасціствольных мінамётаў «Небельверфер», але няма пацверджанняў, што гэта адбылося[7].
Аўтапарк дывізіі быў з нямецкіх, савецкіх і французскіх машынаў, да якіх не было дэталяў, а паліва было ў дэфіцыце. Таксама няма пацверджанняў, што ў дывізіі сапраўды былі бронемашыны[7].
Пасля рэарганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля рэарганізацыі 24 кастрычніка склад дывізіі быў наступны:[15]
- Штаб дывізіі (Stab der Division);
- 75-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (4-ы рускі) (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 75 (russische Nr. 4));
- 76-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (5-ы рускі) (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 76 (russische Nr. 5));
- 77-ы грэнадзёрскі полк войскаў СС (6-ы рускі) (ням.: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 77 (russische Nr. 6));
- 30-ы артылерыйскі полк войскаў СС (2-і рускі) (ням.: Waffen-Artillerie-Regiment der SS Nr. 30 (russische Nr. 2)):
- Штаб артылерыйскага палка;
- штабная батарэя;
- дзве батарэі 12,2 см трафейныя савецкія гарматы;
- батарэя рэактыўных установак (ням.: Nebelwerfer).
- 30-ы выведвальны батальён СС (ням.: SS-Aujkllirung-Abteilung Nr. 30):
- штаб батальёна;
- штабны кавалерыйскі эскадрон;
- тры кавалерыйскія эскадроны;
- 30-я сапёрная рота СС (ням.: SS-Pionier-Kompanie Nr.30);
- 30-я рота сувязі СС (ням.: SS-Nachrichten-Kompanie Nr.30);
- З0-ы запасны батальён СС (ням.: SS-feldersatz-Bataillon Nr.30):
- штаб батальёна;
- тры пяхотныя роты;
- рота цяжкай пяхотнай зброі;
- сапёрная рота;
- З0-ы гаспадарчы полк СС (ням.: SS-Nachschub-Regiment Nr.30);
- вялікая аўтакалона 60-тонных грузавікоў (ням.: Große Kraftwagenkolonne (mot.) 60 t);
- адміністратыўная матарызаваная рота (ням.: Verwaltungs-Kompanie (mot.));
- матарызаваная рамонтная рота (ням.: Werbtatt-Kompanie (mot));
- санітарная рота (ням.: Sanitiits-Kompanie).
Падпарадкаванне
[правіць | правіць зыходнік]У ніжэй пададзенай табліце паказана, каму падпарадкавалася дывізія, будучы на Заходнім фронце[3].
Час | Корпус | Армія | Арм. група |
IX.1944 | 64АК | — | G |
X.1944 | 63АК | G | |
XI.1944-XII.1944 | 53АК, 63АК | 19А | G |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Пастанова БЦР ад 28 чэрвеня 1944 г. // Зборнік дакументаў БЦР. Ч. 1. С. 79.
- ↑ а б в г д е ё ж з Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле(руск.) // warspot.ru. — 21 марта 2019.
- ↑ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 272.
- ↑ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 266.
- ↑ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 273.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Роман Понамаренко. Украинский мятеж: 30-я дивизия СС во Франции(руск.) // warspot.ru. — 13 апреля 2019.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: в боях против западных союзников(руск.) // warspot.ru. — 13 июня 2019.
- ↑ а б Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі(бел. (тар.)) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
- ↑ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 268.
- ↑ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 271.
- ↑ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 269.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: создание новой «белорусской» дивизии(руск.) // warspot.ru. — 14 июня 2019.
- ↑ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 274.
- ↑ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 267.
- ↑ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 268-269.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Москва: «Вече», 2008. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле(руск.) // warspot.ru. — 21 марта 2019.
- Роман Понамаренко. Украинский мятеж: 30-я дивизия СС во Франции(руск.) // warspot.ru. — 13 апреля 2019.
- Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: в боях против западных союзников(руск.) // warspot.ru. — 13 июня 2019.
- Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: создание новой «белорусской» дивизии(руск.) // warspot.ru. — 14 июня 2019.