Гонядзь
Гонядзь лац. Goniadź | |||||
польск. Goniądz | |||||
Агульны выгляд места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1547 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Монькаўскі | ||||
Гміна: | Гонядзь | ||||
Мэр: | Тадэвуш Кулікоўскі | ||||
Плошча: | 4,28 км² | ||||
Насельніцтва (2009) | |||||
колькасьць: | 1954 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 456,54 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +(48) 85 | ||||
Паштовы індэкс: | 19-110 | ||||
Нумарны знак: | BMN | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°29′21″ пн. ш. 22°44′16″ у. д. / 53.48917° пн. ш. 22.73778° у. д.Каардынаты: 53°29′21″ пн. ш. 22°44′16″ у. д. / 53.48917° пн. ш. 22.73778° у. д. | ||||
Гонядзь | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.goniadz.pl/ |
Го́нядзь, Ганязь (польск. Goniądz) — места ў Польшчы, на рацэ Бобры. Цэнтар меска-сельскай гміны Монькаўскага павету Падляскага ваяводзтва. Плошча 4,28 км². Насельніцтва на 2005 год — 1903 чалавекі.
Гонядзь — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша каля мяжы з Мазовіяй, адна з рэзыдэнцыяў магнацкага роду Радзівілаў і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе меркаваньне, што тапонім Гонядзь мае балтыйскае паходжаньне. Нямецкія кронікі ўпамінаюць даўнішнюю мяжу паміж плямёнамі галіндаў і яцьвягаў (судаваў). Мяжа паміж Галіндзіяй і Судовіяй праходзіла ракою Лыкам і далей ракою Бобраю. Іншыя дасьледнікі зьвязваюць паходжаньне назвы з племем голядзю[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Гонядзь як места Выскай зямлі Мазовіі датуецца 14 жніўня 1358 году. 2 сьнежня 1382 году мазавецкі князь Земавіт IV з братам Янушам I заснавалі замак Тэўтонскага ордэну Вызну ў межах Гонядзкага павету. 30 сьнежня 1401 году Земавіт IV заклаў свайму брату Янушу I, князю чэрскаму, Выскую зямлю разам з Гонядзкім паветам. 29 студзеня 1402 году Земавіт IV выкупіў ў вялікага магістра Тэўтонскага ордэну Выскую зямлю з Гонядзкім паветам. 2 ліпеня 1402 году вялікі магістар Тэўтонскага ордэну адмовіў у лісьце Янушу I і Земавіту IV на факт перадачы вялікаму князю літоўскаму Вітаўту Гонядзкага павету ў выніку далучэньня яго да Вялікага Княства Літоўскага. Да 1430 году Вітаўт фундаваў парафіяльны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьвятога Яна Хрысьціцеля і сьвятой Агнешкі.
У 1503 годзе Гонядзь перайшоў у валоданьне Міхала Глінскага. У 1509 годзе места перайшло да ваяводы віленскага Мікалая Радзівіла «Старога», які 4 траўня 1511 году збудаваў у замку капліцу. У 1518 годзе ён атрымаў тытул князя на Гонядзі і Мядзеле. 23 красавіка 1529 году Жыгімонт Стары надаў свайму сыну Жыгімонту Аўгусту лясы, сенажаці і пусткі, прылеглыя да ваколіцаў Гонядзі. У апісаньні Гонядзкага маёнтку, складзеным у 1536 годзе, упамінаецца адзін асочнік жмайдзін[2]. У выніку шлюбу ваяводы полацкага Станіслава Давойны з Пэтранэляй Радзівіл места перайшло да Давойнаў. 15 лютага 1547 году Гонядзь атрымала Магдэбурскае права[3] і герб: «у залатым полі чорны мядзьведзь»[4]. На 1566 год у месьце было 600 будынкаў.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Гонядзь перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1572 годзе ён увайшоў у склад Кнышынскага староства. У 1574 годзе Гонядзкае староства перайшло да Яна Замойскага. На 1576 год у месьце было 369 будынкаў. 28 траўня 1621 году ў Гонядзі адбыўся пажар. 7 сакавіка 1667 году ўтварылася меская рада. У 1669 годзе парафія Гонядзі ўвайшла у склад Аўгустоўскага дэканату. 15 лютага 1676 году кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў войтаўства ў Гонядзі. На 1765 год у месьце было 243 будынкі. У 1775 годзе пачалося будаваньне новага драўлянага касьцёла. 8 верасьня 1779 году ў Гонядзі адбыўся чарговы пажар. 24 чэрвеня 1794 году ў час паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі паўстанцкія аддзелы перамаглі ў бітве з прускімі войскамі пад Асаўцом і Клімашэўніцай.
Пад уладай Прусіі і Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гонядзь апынуўся ў складзе Прусіі. Прускія ўлады анулявалі абавязковы да таго часу прывілей «de non tolerandis Judaeis», што паспрыяла значнаму прытоку жыдоў, галоўным чынам так званых літвакоў. Па паразе Прусіі ў вайне з Францыяй паводле Тыльзыцкага міру ў 1807 годзе Гонядзь апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, у Беластоцкім павеце Гарадзенскай губэрні. На 1845 год у мястэчку было 196 будынкаў. У 1864 годзе на месцы старых шпітальных могілак збудавалі капліцу Сьвятога Флярыяна.
У Першую сусьветную вайну з прычыны праходжаньня лініі фронту ракою Бобраю Гонядзь пацярпеў у выніку ваенных дзеяньняў. У 1915 годзе места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гонядзь абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[5][6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. 26 верасьня 1921 году згарэў стары драўляны касьцёл, а 15 верасьня 1924 году адбылося асьвячэньне новага касьцёла, збудаванага паводле праекту архітэктара Оскара Сасноўскага.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Гонядзь акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Гонядзь увайшоў у склад БССР. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. У чэрвені — ліпені 1941 году нацысты забілі 116 жыхароў, у асноўным жыдоўскага паходжаньня. 10 жніўня 1944 году яны падарвалі дзьве вежы і частку сьценаў касьцёла, разбурэньні места дасягнулі 80% з прычыны праходжаньня лініі фронту ракою Бобраю. 20 верасьня 1945 году ўлады СССР перадалі Гонядзь Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1955 годзе завяршылася аднаўленьне касьцёла.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1566 год — 4 тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1765 год — 1,5 тыс. чал.; 1799 год — 1373 чал., зь іх 498 юдэяў
- XIX стагодзьдзе: 1878 год — 2943 чал., зь іх 1053 каталікі, 15 праваслаўных і 1880 юдэяў[7]; 1897 год — 3402 чал.
- XX стагодзьдзе: 30 сьнежня 1995 году — 1907 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 1903 чал.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праз Гонязь праходзіць водны турыстычны шлях ракою Бобраю, які злучае Аўгустоўскую раўніну і Елцкае паазер'е з Наравам.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца Сьвятога Флярыяна (1864)
- Касьцёл Сьвятой Агнешкі (1922—1924)
- Могілкі: старыя каталіцкія, капліца Сьвятога Духа; юдэйскія
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Сьвятой Агнешкі (1779)
- Сынагога (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Капліца Сьвятога Флярыяна
-
Капліца Найсьвяцейшай Тройцы
-
Касьцёл Сьвятой Агнешкі
-
Рынак
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 475.
- ^ Археографический сборник документов, относящийся к истории Северо-Западной Руси. Т. 1. — Вильна, 1867. С, 30.
- ^ Фіёнік Д. Ганязь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 494.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 148.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Sulimierski F. Goniądz // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 682.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|