Перайсьці да зьместу

Міхал Рукевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Рукевіч
Дата нараджэньня 12 лістапада 1794(1794-11-12)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 жніўня (11 верасьня) 1841 (46 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
  • Віленскі ўнівэрсытэт[d]
Занятак рэвалюцыянэр, вайсковец
Сябра ў Таварыства філяматаў, Прамяністыя, Таварыства філярэтаў і Вайсковыя сябры[d]

Міхаі́л Іва́навіч Руке́віч (12 лістапада 1794, в. Гожна (?), Падляскае ваяводства — 30 жніўня (11 верасьня) 1841, в. Коркіна, Забайкальле, Расейская імпэрыя) — удзельнік дваранскага рэвалюцыйнага руху пачатку XIX стагодзьдзя, ініцыятар стварэньня «Таварыства вайсковых сяброў».

Паходзіў з беларускае шляхты. Сумесна зь сёстрамі валодаў домам у Беластоку. У 1812—1814 гадох ваяваў на баку Напалеона ў Літоўскіх войсках (1812). Служыў у 1-ым палку гвардыі Красінскага фур’ерам. У 1814 годзе трапіў у палон на тэрыторыі Францыі, 23 лютага 1815 году выйшаў у адстаўку па хваробе.

З 1815 году — на радзіме. Скончыў Віленскі ўнівэрсітэт у ступені кандыдата юрыспрудэнцыі (1820). Зь 1819 году — сябра, з сакавіка 1820 году — выканаўца абавязкаў прэзыдэнта тайнага Саюза сяброў.

Зь 1819 году — сябра-карэспандэнт, зь 1820 году — правадзейны сябра Таварыства філяматаў. Адзін зь ініцыятараў стварэньня Таварыства прамяністых (1820), для якога напісаў «Малітву прамяністых», выконваў абавязкі «маршалка надворнага».

Удзельнічаў у стварэньні Таварыства філярэтаў. Пасьля заканчэньня ўнівэрсітэта займаўся сельскай гаспадаркай у вёсцы Мількаўшчына Ваўкавыскага павета, а зь 1823 году — у арандаваным фальварку Завыкі Беластоцкага павета.

У 1820 годзе разам зь З. Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі таварыства «Згодных братоў» (зь 1823 году — «Заране»). У 1823—1824 гадох быў арыштаваны па справе філяматаў і філярэтаў, вызвальены за недастатковасьцю доказаў. У 1825 годзе ініцыяваў стварэньне арганізацыі «Вайсковыя сябры», быў галоўным натхняльнікам выступленьня Літоўскага піянернага батальёна (1825).

У 1826 годзе арыштаваны й прыгавораны да сьмяротнага пакараньня, але па царскай канфірмацыі 1827 году пазбаўлены шляхецтва й высланы на 10 гадоў катаржных работ зь наступным пасяленьнем у Сібіры. Катаргу адбываў разам зь дэкабрыстамі ў Чыце (зь 1828) і Пятроўскім заводзе ў Забайкальлі (зь 1830). У 1833 годзе пераведзены на пасяленьне ў вёску Коркіна Іркуцкай губэрні, дзе вёў буйны гандаль вавёркай, хлебам, паркалем, займаўся продажам віна. Там жа й памёр.

Грамадзянская жонка — ураджэнка Забайкальля Лізавета Іванаўна Ісакава, у шлюбе зь ёй меў дзвух дзяцей.

Сёстры — Антаніна (у шлюбе — Крамкоўская), Ксаверыя й Карнэлія.

  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
  • Швед В. В. Рукевіч Міхаіл Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
  • Швед В. В Рукевіч Міхаіл Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • ЦГВИА, ф. 801, оп. 70, 1827 г., д. 45, ч. 1-3; ГАРФ, ф. 109, 1 эксп., 1827 г., д. 136, ч. 7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]