Азіяцкія эскімосы
Азіяцкія эскімосы (юпигыт, югыт) | |
Агульная колькасць | 5 тыс. чал. (2016 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія — 1 657 (2021)[1] |
Мова | навукагміт, унгазігміт, сірэнігміт |
Рэлігія | анімізм, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | сугпіят, юпік Цэнтральнай Аляскі |
Эскімосы (саманазвы: юпигыт, югыт) — група малых народаў юпік азіяцкага паходжання. Жывуць пераважна ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе Расіі і на востраве Святога Лаўрэнція ў амерыканскім штаце Аляска. Агульная колькасць — каля 5 000 тыс. (2016 г.)[3]. Згодна перапісу насельніцтва 2009 г. у Беларусі жыло 3 эскімосы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заходняе ўзбярэжжа Берынгава праліва здаўна з’яўлялася месцам фарміравання эскімоскіх народаў[4]. Азіяцкія эскімосы падтрымлівалі шчыльныя сувязі са сваімі амерыканскімі суродзічамі і аказвалі істотны ўплыў на суседнія палеаазіяцкія народы — чукчаў, керэкаў, каракаў. Першыя пісьмовыя ўзгадкі адносяцца да XVII ст. У руска-чукоцкіх войнах XVIII ст. падтрымлівалі бок чукчаў, разам з імі ўдзельнічалі ў ваенных экспедыцыях супраць эскімосаў Аляскі[5]. У канцы XIX — пачатку XX ст. падчас голаду група азіяцкіх эскімосаў перасялілася на востраў Святога Лаўрэнція, у 1926 г. — на востраў Урангеля.
У 1930-ых гг. сярод эскімосаў, што жылі на тэрыторыі СССР, адбылася калектывізацыя. Пасля II Сусветнай вайны яны былі пераселены ў буйныя паселішчы, дзеці гадаваліся ў інтэрнатах, што прывяло да частковай згубы мовы і культуры[6]. З 1991 г. назіраецца нацыянальнае адраджэнне, усталяванне зносін з суродзічамі з ЗША.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным гаспадарчым заняткам азіяцкіх эскімосаў была здабыча марскіх звяроў — ластаногіх і кітоў. Да сярэдзіны XIX ст. галоўнымі прыладамі палявання былі дзіда з навершам стрэлападобнай двухбаковавострай формы пана і паваротны гарпун унг`ак з касцяным прымацаваным навершам[7]. Пазней распаўсюдзілася агнястрэльная зброя. Збіралі на літаралі малюскаў і водарасці, у тундры — ягады і ядомыя расліны, лавілі рыбу, палявалі з лукам і стрэламі на наземных звяроў. Мяса марозілі, квасілі, вялілі, варылі. Ласункам лічыліся аленевае мяса і волкая кітовая скура. Быў развіты абмен з чукчамі-аленегадоўцамі і амерыканскімі эскімосамі.
Азіяцкія эскімосы традыцыйна займаліся апрацоўкай косці, былі выдатнымі разьбярамі, ведалі простую кераміку, жанчыны ўпрыгожвалі вопратку, рабілі тонкую скуру для адзення і бісер.
Першапачаткова жылі ў буйных паселішчах, якія складаліся з зямлянак нын’лю. У XVII — XVIII ст. пад уплывам суседзяў асноўным жытлом стала каркасная яранга мын’тыг', крытая аленевымі скурамі і дзёрнам. Улетку стваралі часовыя каркасныя хаціны з кітовых костак і дрэва.
Да канца XIX ст. эскімосы апраналі доўгія строі з птушыных скур. Паступова распаўсюдзілася вопратка са скур ластаногіх і аленяў. Мужчынскую вопратку складалі вузкія натазніки са скуры нерпы, кашуля з футра аленя аткук, футравыя штаны і абутак. Жанчыны насілі на голым целе скураныя натазнікі, падобныя на трусы, па-над імі апраналі футравы камбінезон. Жаночая абутак па кроі не адрозніваўся ад мужчынскага, толькі быў больш высокім. Футравую шапку і рукавіцы мужчыны і жанчыны насілі толькі ў дарозе. У астатні час, нават на моцным марозе і ветру, яны хадзілі з непакрытай галавой. Прычоска ў жанчын была аднолькавая — дзве касы з праборам пасярэдзіне. У мужчын яна была больш разнастайнай. Да пачатку XX ст. меўся звычай татуіраваць цела. У мужчын яна абмяжоўвалася нанясеннем колаў каля рота. Татуіроўка на твары жанчыны складалася з прамых або трохі ўвагнутых паралельных ліній, якія пакрываюць частку ілба, нос і падбародак. На шчоках наносіўся больш складаны геаметрычны арнамент. Асабліва складаным і разнастайным малюнкам адрознівалася татуіроўка рук: пэндзля і перадплечча[8].
Традыцыйна галоўную ролю ў сацыяльным жыцці адыгрывала малая нуклеарная сям'я, якая складалася з бацькі, маці і дзяцей, часам больш старых сваякоў. Гаспадаром лічыўся мужчына. Па мужчынскай лініі ўспадкаваць маёмасць і перадавалася родавое імя. Аднак паляўнічая гаспадарка патрабавала доўгай адсутнасці мужчын у сям’і, што прывяло да ўзвышэння ролі жанчыны. Яна распараджалася маёмасцю ў адсутнасці мужа, кантралявала размеркаванне нарыхтаваных прадуктаў і нават магла абараняць свой дом са зброяй. У эскімосаў быў распаўсюджаны звычай адпрацоўкі за нявесту ў сям’і яе бацькі.
Сваяцкія сувязі па-за межамі сям’і таксама заставаліся вельмі важнымі. Звычайна блізкія сваякі складалі адзіную групу паляўнічых анъ’ям има[9]. Яе ўзначальваў гаспадар лодкі, з якой вёўся лоў. Мяса размяркоўвалі паміж усімі паляўнічымі пароўну, большасць астатняга атрымоўвалі гаспадар лодкі і лепшыя паляўнічыя. Такім чынам у эскімоскім грамадстве фарміравалася сацыяльная няроўнасць.
Народныя святы шчыльна звязаны з гаспадарчымі заняткамі. Асабліва вядомы свята пачатку вясенняга палявання Атыгак, свята маржоў Наскуныхкылык, свята кітоў Поля[10]. Яны суправаджаліся рытуальнымі спевамі, танцамі, ахвярапрынашэннямі. Песні і танцы маглі мець не толькі рэлігійны, але і забаўляльны характар. Распаўсюджаны розныя гульні. Азіяцкія эскімосы вядомы сваім мастацкім разбярствам па косці.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Азіяцкія эскімосы размаўляюць на трох самастойных мовах, якія належаць да групы моў юпік алеуцка-эскімоскай сям’і. Адпаведна мовам падзяляюцца на тры аб’яднанні — навукагміт, унгазігміт, сірэнігміт. Навукагміт складаюць абсалютную большасць азіяцкіх эскімосаў ЗША. У Расіі пераважаюць унгазігміт. На аснове іх мовы ў 1932 г. у СССР была распрацавана адзіная літаратурная мова эскімосаў з пісьмом лацінскай графікай. З 1937 г. распаўсюджана кірыліца. Існуе мастацкая літаратура на эскімоскай мове[11].
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Хаця спробы хрысціянізацыі азіяцкіх эскімосаў прадпрымаліся з XIX ст., хрост меў фармальны характар, а таму ніяк не ўплываў на далейшае жыццё. Эскімосы верылі ў магію, шматлікіх духаў, шанавалі касатку, ваўка і крумкача. Рытуальныя святы арганізоўваліся часта, суправаджаліся песнямі, танцамі і тэатральнымі відовішчамі[12]. Быў вядомы інстытут шаманаў. Яны лекавалі хваробы, абаранялі ад злых духаў. Звычайна шаманамі станавіліся мужчыны, але існавалі і жанчыны-шаманкі.
Зноскі
- ↑ Национальный состав населения Российской Федерации согласно переписи населения 2021 года . Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2022. Праверана 4 лютага 2023.
- ↑ Eskimo, Saint Lawrence Island in United States
- ↑ Yupik, Central Siberian
- ↑ Мачинский А. В., Древняя эскимосская культура на Чукотском полуострове
- ↑ Нефёдкин А. К. Военное дело чукчей (середина XVII—начало XX в.). — СПб.: Петербургское Востоковедение, 2003
- ↑ Ludmila Ainana, Tatiana Achirgina-Arsiak, Tasian Tein, Yupik (Asiatic Eskimo)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2013. Праверана 30 ліпеня 2016.
- ↑ Эскимосы — Россия, Russia
- ↑ Национальная одежда эскимосов
- ↑ Народы Сибири. / Под ред. М. Г. Левина, Л. П. Потапова. — Москва — Ленинград, 1956. С. 941
- ↑ Обычаи и праздники народов Севера Архівавана 1 верасня 2016.
- ↑ ЭСКИМОСЫ АЗИАТСКИЕ Архівавана 12 сакавіка 2017.
- ↑ Народы Сибири. / Под ред. М. Г. Левина, Л. П. Потапова. — Москва — Ленинград, 1956. С. 943