Лысуха[1], лыска (Fulica atra) — птушкасямействапастушковых, шырока распаўсюджаная на абшарах Еўразіі, Паўночнай Афрыкі і Аўстраліі. Добра пазнавальная па белай дзюбе і белай скураной пляме на ілбе. Большую частку часу праводзіць на вадзе, чым заўважна вылучаецца ў параўнанні з іншымі пастушковымі.
Птушка велічынёй з сярэднюю качку — даўжыня 36—38 см, размах крылаў 19,5—23,5 см, вага 500—1000 г.[2] Целасклад мажны; тулава крыху пляскатае з бакоў. Апярэнне галавы, шыі і верхняй часткі тулава цёмна-шэрае ці чорнае, матавае, з шэраватым адлівам на спіне. Грудзі і бруха святлейшыя — дымчаста-шэрыя. На ілбе добра заўважная скураная пляма. Дзюба таксама белага колеру, невялікая, вострая, пляскатая з бакоў. Абалонка вачэй ярка-чырвоная. Хвост кароткі, складаецца зь мяккака пер’я. Ногі жаўтаватыя або аранжавыя, з кароткай шэрай плюснай і доўгімі шэрымі пальцамі. Плавальныя балонкі адсутнічаюць, аднак з бакоў ёсць фястончатыя лопасці, дзякуючы якім птушкі ўпэўнена адчуваюць сябе на вадзе. Палавы дымарфізм выяўляецца слаба — самцы выглядаюць крыху буйнейшымі і цямнейшымі, з большай плямай на ілбе. Маладыя птушкі ў цэлым бураватыя, з шэрым брухам і светла-шэрым горлам[3].
Дыяпазон гукаў адносна шырокі і заўважна адрозніваецца ў самцоў і самак. Тым не меней, у адрозненне ад шматлікіх іншых відаў лысухі не выкарыстоўваюць гукавыя сігналы пры заляцаннях або пазначэнні гнездавой тэрыторыі[4]. Саміца крычыць гучна і звонка — падобна да «цьек-цьек». Крык самца, як правіла, больш ціхі і глухі, з пераважаннем шыпячых гукаў.
Арэал: Палеарктыка (акрамя поўначы), Індакітай і Аўстралія. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны, часткова зімуючы і транзітна мігрыруючы від.
Насяляе часцей за ўсё вадаёмы са стаячай вадой з добра развітым поясам трыснягу, старыцы, каналы, марскія лагуны; радзей — тарфяныя балоты і плыткія равы, вакол якіх растуць густыя кусты, рэкі з павольным цячэннем; у паслягнездавы перыяд усе тыпы нізінных вадаёмаў, а таксама залівы і марскія ўзбярэжжы.
Пералётны від. Папуляцыі на захадзе і поўдні арэала аселыя. Месца зімовак: часткова ў межах гнездавога арэала, а таксама Заходняя, Паўднёвая і часткова Цэнтральная Еўропа, Паўночная Афрыка, Малая Азія, Цэнтральная і Паўднёвая Азія да Карэі і Японіі, Індыя, Малайскі архіпелаг, Новая Гвінея, Аўстралія і Новая Зеландыя.
Гняздо часцей за ўсё ў прыбярэжнай расліннасці (трыснягу), у плыткай вадзе абапіраецца на дно, часам каля краю вады альбо на купінах асакі, паламаным трыснягу. Спружыністая аснова ў выглядзе кучкі з сухіх сцёблаў, трыснягу альбо асакі, якія ўкладзены крыж-накрыж, часта па краях аплятае трыснёг, высцілка з лістоў. Ад гнязда да вады ідзе паласа сухога трыснягу.
Яйкі звычайна 6—10 (часам 1—15, выключна 22, калі больш як 15 — праўдападобна, што адкладзены 2 самкамі), крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, светлыя з пясочна-гліністым адценнем. Глыбокія плямы вельмі дробныя, густыя і шэрыя; паверхневыя — ад цёмна-бурых да чорных.
↑Напісанне Лысуха ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.9. Мн., 1999, С.386
↑Лысуха ( Fulica atra )(руск.)(недаступная спасылка). Птицы Казахстана (30 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2008. Праверана 8 студзеня 2012.
↑Р. Л. Бёме, Н. П. Грачев, Ю. А. Исаков «Птицы СССР. Курообразные, Журавлеобразные» Изд. «Наука» Ленинград 1987 онлайн [1]