Камянец
Камянец лац. Kamianiec | |||||
Абарончая вежа | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1276 | ||||
Магдэбурскае права: | 26 чэрвеня 1503 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Камянецкі | ||||
Плошча: | 10 км² | ||||
Вышыня: | 141 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 8360 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 836 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1631 | ||||
Паштовыя індэксы: | 225050, 225051 | ||||
СААТА: | 1240501000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°24′10.2″ пн. ш. 23°48′30.0″ у. д. / 52.402833° пн. ш. 23.808333° у. д.Каардынаты: 52°24′10.2″ пн. ш. 23°48′30.0″ у. д. / 52.402833° пн. ш. 23.808333° у. д. | ||||
± Камянец | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://kamenec.brest-region.gov.by |
Камяне́ц, Ка́менец[2] — места ў Беларусі, на рацэ Лясной. Адміністрацыйны цэнтар Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8360 чалавек[1]. Знаходзіцца за 39 км ад Берасьця, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка (лінія Баранавічы — Берасьце); на аўтамабільнай дарозе Берасьце — Каменюкі.
Камянец — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся выдатны помнік архітэктуры раманскага стылю — абарончая вежа, найбольшая вышынёю і ступеньню захаванасьці сярод іншых будынкаў падобнага кшталту.
Назва
Тапонім Камянец утварыўся ад мясцовай мураванай («каменнай») вежы, вакол якой узьнікла паселішча[3].
У 1795—1940 гадох места мела афіцыйную назву Камянец Літоўскі (упамінаецца як Камянец Падляскі або Літоўскі яшчэ ў Хроніцы літоўскай і жамойцкай[4]) дзеля адрозьненьня ад Камянцу на Падольлі.
13 кастрычніка 1996 году жыхары ўкраінскага Каменя Кашырскага заўчасна адсьвяткавалі 800-гадовы юбілей свайго места, памылкова атаясаміўшы гістарычную назву Камень з Камянцом, які паводле некаторых зьвестак упершыню ўпамінаецца пад 1196 годам. То бок фактычна яны адзначылі юбілей Камянца[5].
Гісторыя
Раньнія часы
Першы пісьмовы ўпамін пра Камянец зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1276 годам (у пэўных крыніцах[6] можна сустрэць больш раньняе памылковае датаваньне — 1196 год), калі князь валынскі Ўладзімер Васількавіч заклаў тут мураваную вежу[7]:
…зруби город на пустом мъстъ, нарицаемъм Льстнъ, и нарече имя ему Каменець, зане бысть камена земля. Созда же въ нем столпъ каменъ высотою 17 саженей, подобенъ удивлению всъм зрящим на нъ | ||
У 1289 годзе князь дарагічынскі Юры Львовіч разбурыў горад.
Вялікае Княства Літоўскае
У 1366 годзе Камянец далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў. Неаднаразова (у 1375, 1378 і 1379 гадох) места цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1382—1383 гадох Камянец знаходзіўся пад уладай зяця Кейстута, князя Януша Мазавецкага. У 1409 годзе кароль польскі Ягайла прыняў тут паслоў ад папы рымскага Аляксандра V. У гэты час у месьце існаваў палац-замак.
Жыхары Камянца бралі актыўны ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1413 годзе места стала сталіцай Камянецкага павету Троцкага ваяводзтва, яно знаходзілася на гандлёвым шляху зь Берасьця ў Горадню і з Кракава ў Вільню.
26 чэрвеня 1503 году вялікі князь Аляксандар надаў Камянцу Магдэбурскае права[7], а ў 1524 годзе[7] Жыгімонт Стары — герб: «у срэбным полі чырвоны мур зь вежай за ім»[8]. У 1520 годзе[7] места ўвайшло ў склад Падляскага ваяводзтва, у 1565—1566 гадох згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай — у Берасьцейскі павет Берасьцейскага ваяводзтва.
У XVI стагодзьдзі ў Камянцы было 3—4 тыс. жыхароў. У XVII—XVIII стагодзьдзях тут існаваў замкава-палацавы комплекс, працавала тэкстыльная мануфактура Радзівілаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі спалілі места[7]. З прычыны ўчыненых разбурэньняў у 1661 годзе сойм Рэчы Паспалітай вызваліў камянецкіх мяшчанаў ад усіх падаткаў тэрмінам на 4 гады. У 1673 годзе пры Васкрасенскай царкве заснавалі манастыр. У другой палове XVII ст. у Камянцы было 13 вуліцаў[9]. У 1723 годзе тут збудавалі касьцёл. У 1726 годзе сярод вернікаў некалькіх парафіяў Камянецкага дэканату ўпаміналася старалітва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Камянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшоў у склад Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў месьце было 597 двароў. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Камянцы дзеялі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 1186 будынкаў, працавалі лячэбніца і царкоўна-прыходзкая школа. На 1914 год працавала 7 дробных прадпрыемстваў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Камянец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Вежа і места. В. Гразноў, 1885 г.
-
Вежа і места. Невядомы мастак, сяр. XIX ст.
-
Панарама места. Н. Орда, 20.04.1876 г.
-
Літаграфія з малюнка Н. Орды, 1877—1883 гг.
-
Налева ўдалечыні сынагога. Н. Орда, 20.04.1876 г.
-
Паводле малюнку Н. Орды
-
Васкрасенская царква. А. Будзіловіч, 1864 г.
-
Праект новага касьцёла, 1927 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Камянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Камянец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Берасьцейскім павеце Палескага ваяводзтва. У гэты час тут працавалі 3 лесапільні, вінакурня, цэх апрацоўкі аўчынаў, 2 маслабойні.
У 1939 годзе Камянец увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 24 чэрвеня 1983 году Камянец зноў атрымаў статус места.
-
Вежа і мястэчка
-
Сымонаўская царква, замест якой збудавалі мураўёўку
-
Васкрасенская царква
-
Стары касьцёл
-
Могілкі. Капліца
-
Сынагога
-
Адкрыцьцё гімназіі
-
На Рынку
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 927 муж., зь іх шляхты 4, духоўнага стану 5, мяшчанаў-юдэяў 738, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 176, жабракоў 14[11]; 1850 год — 2,9 тыс. чал.; 1878 год — 6855 чал., у тым ліку 5900 юдэяў[12]; 1893 год — 1640 чал.[13]; 1897 год — 4,6 тыс. чал.[14]
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 2348 чал.[15]; 1972 год — 5,1 тыс. чал.[16]; 1991 год — 8,3 тыс. чал.; 1997 год — 9,4 тыс. чал.[17]; 1997 год — 9,3 тыс. чал.[18]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,8 тыс. чал.; 2005 год — 8,7 тыс. чал.; 2006 год — 8,6 тыс. чал.; 2008 год — 8,5 тыс. чал.; 2009 год — 8447 чал.[19] (перапіс); 2015 год — 8425 чал.[20]; 2016 год — 8405 чал.[21]; 2017 год — 8401 чал.[22]; 2018 год — 8360 чал.[1]
Адукацыя
У Камянцы працуюць 2 агульнаадукацыйныя школы, гімназія, музычная школа, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.
Культура
Дзеюць 2 дамы культуры, клюб, кінатэатар, 2 бібліятэкі.
Спорт
Для правядзеньня спартовых мерапрыемстваў у Камянцы ёсьць стадыён «Колас», прыстасаваны да гульні ў футбол і правядзеньня лёгкаатлетычных спаборніцтваў, пляцоўкі для гульні ў баскетбол і валейбол, месца для зімовага катка. Ёсьць павільён для настольных гульняў: настольны тэніс, більярд. Пры стадыёне знаходзіцца адміністрацыйна-сацыяльны будынак з прыбіральнямі, апранальнямі, душавымі. Апроч таго, у Камянцы дзее фізкультурна-спартовы клюб, дзіцячая і моладзевая спартовая школа «Пушча», футбольны клюб «Камянец». Штогод праводзіцца каля 50 спартовых мерапрыемстваў.
Забудова
Плян
У паўднёвай частцы Камянца сфармаваўся мікрараён, забудаваны 4—5-павярховымі жылымі дамамі. Аўтамагістраль Берасьце — Камянюкі падзяляе места на ўсходнюю і заходнюю часткі. Асновай яго плянавальнай структуры зьяўляецца няправільная радыяльная сетка вуліцаў. Галоўная вуліца — Берасьцейская (дзялянка аўтамабільнай дарогі Берасьце — Камянюкі). На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар. Пэрспэктыву вул. Берасьцейскай замыкае сквэр і будынак сярэдняй школы № 1. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Сьвіная вуліца Паштовая вуліца Сэнатарская вуліца |
|
8 сакавіка вуліца | Жабінкаўская шаша Шашэйная вуліца |
|
10 гадоў БССР вуліца | Судовая вуліца | Чырвонаармейская вуліца |
Гогаля вуліца | Палявая вуліца Царкоўная вуліца |
|
Дзьмітрук вуліца | Ступічаўская вуліца | |
Дубовіка вуліца | Зялёная вуліца | |
Кузько вуліца | Палявая вуліца | |
Леванеўскага вуліца | Пасека вуліца | |
Леніна вуліца | Рынак пляц | Пераца вуліца |
Матросава вуліца | Мурынка вуліца | |
Набярэжная вуліца | Падрэчная вуліца | |
Пагранічная вуліца | Беластоцкая вуліца | |
Піўненкі вуліца | Літоўская вуліца | Бэрка Ёсілевіча вуліца Масьціцкага вуліца |
Пралетарская вуліца | Смочая вуліца (паўночная частка) Даліна вуліца (паўднёвая частка) |
|
Савецкая вуліца | Касьцельная вуліца | |
Хахракова вуліца | Новая вуліца | Паўднёвая вуліца |
Чкалава вуліца | Кобрынская вуліца[23] | |
Чырвонаармейская вуліца | Судовая вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Камянца да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Берасьцейская. Тым часам гістарычныя Бажнічая, Гандлёвая, Глыбокая, Крывая, Могілкавая, Пахілая, Пярэсмык, Школьная і Замкавая вуліцы, Купальны заезд, Надрэчны праезд[24] і Царкоўны пляц цяпер ня маюць афіцыйных назваў.
Мясцовасьці
Гістарычныя мясцовасьці Камянца: Замосты (Замлыны), Кладуча.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Камянца |
---|
|
Транспарт
Праз Камянец праходзіць аўтамабільная дарога Берасьце — Каменюкі і чыгунка Высокае — Чаромха, да Берасьця — каля 40 км.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзее філія Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю — «Камянецкая вежа»[25].
Славутасьці
- Абарончая вежа (1271—1288)
- Гімназія (1931)
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1925)
- Могілкі старыя каталіцкія (XVIII—XX стагодзьдзі)
- Сынагога
- Царква Сьвятога Сімяона (1914; мураўёўка)
- Помнік Алексу (1985, ск. Аляксандар Лышчык[26])
Страчаная спадчына
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1723)
Галерэя
-
Вежа і гімназія
-
Царква, інтэр’ер
-
Могілкавая капліца
-
Старая камяніца
-
Традыцыйная хата
Крыніцы
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 160.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 152.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 67.
- ^ Кравчук П. Книга рекордів Волині. — Любешів: «Ерудит», 2005. С. 12.
- ^ Чантурыя Ю. Гарады і час // Страчаная спадчына. — Менск, 2003.
- ^ а б в г д Грынявецкі В. Камянец // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 27.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ Грынявецкі В. Камянец // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 28.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
- ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 763.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Каменец (Камянец, Kamenets), Гербы Брестской области
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 79.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 78.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 554.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.
- ^ Мусевич Г. Каменцу 1720 лет. — Каменец, 1996.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Па турыстычным маршруце. г. Камянец (рас.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
- Камянец, Radzima.org
- Інфармацыя на старонцы BrestObl.com
- Камянец — Беларусь у лепшым выглядзе (рас.)
- Камянец — rzeczpospolita.com
|