Перайсьці да зьместу

Андрэй Мрый

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Мрый
лац. Andrej Mryj
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Андрэй Антонавіч Шашалевіч
Нарадзіўся 1 (13) верасьня 1893
в. Палуж, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 8 кастрычніка 1943(1943-10-08) (50 гадоў)
Мурманская вобласьць, РСФСР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, журналіст
Мова беларуская
Дэбют 1924
Значныя творы Запіскі Самсона Самасуя
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Андрэ́й Мрый (сапраўднае імя Андрэ́й Анто́навіч Шашалевіч; 13 верасьня 1893 — 8 кастрычніка 1943) — беларускі празаік, журналіст.

Андрэй Мрый у студэнцкія часы

Нарадзіўся 13 верасьня 1893 году ў вёсцы Палуж, паводле іншых зьвестак у вёсцы Доўгавічы Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Краснапольскі раён. Брат драматурга Васіля Шашалевіча. Зь сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча Шашалевіча і Ефрасіньні Фамінічны[1]. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Настасься[a], Васіль, Аксіньня[3]. Бацька пісьменьніка памёр у 1902 годзе[4] і маці засталася адна зь пяцьцю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады). Маці рабіла ўсё, каб вывучыць дзяцей[5]. Маленькі Андрэй рана палюбіў музыку, навучыўся граць на віялянчэлі і разам з братам ня раз даваў канцэрты для аднавяскоўцаў[4]. Васіль Шашалевіч, брат Андрэя, вядомы беларускі драматург, аўтар шэрагу арыгінальных, сьмелых па задуме п’есаў, падзяліў трагічны лёс брата, быў асуджаны ў 1936 годзе і загінуў у ГУЛАГу [3] ў 1941 годзе, зажыва згарэў у Томасінглягеры[6].

Скончыў духоўную вучэльню і Магілёўскую духоўную сэмінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курсу (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 Енісейскі полк. З 1918 да 1921 год у Чырвонай арміі, камандзір 345 роты 14 палка. Аднак ягоная вайсковая кар’ера даволі хутка скончылася. Мрый захварэў на тыф і пасьля хваробы быў накіраваны на Заходні фронт, адкуль у 1921 годзе быў дэмабілізаваны[6]. У 1921—1926 гг. настаўнічаў у мястэчку Краснапольле (выкладаў гісторыю і францускую мову).

У 1923 годзе малады настаўнік гісторыі разам з братам і шваграм ствараюць першы ў раёне народны тэатар[7]. На яго абуджэньне як асобы, грамадзяніна, патрыёта, а потым і пісьменьніка найбольшы ўплыў зрабіла ўзбуйненьне Беларусі, у выніку чаго рэспубліцы ў 1924 годзе былі вернутыя пераважна этнічна беларускія тэрыторыі былых Віцебскай і Магілёўскай губэрняў. Сярод далучаных тэрыторыяў было і Краснапольле. Гэта дало штуршок творчым сілам, абудзіла ў людзей цягу да роднай мовы, культуры, гісторыі. У той жа час Мрый актыўна ўключаецца ў краязнаўчую працу, якой тады была ахоплена ўся рэспубліка, і пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Наш край» — органам цэнтральнага бюро краязнаўства[8]. У 1926 годзе пісьменьнік пераехаў у Менск, дзе пачаў працаваць інструктарам у Цэнтральным бюро краязнаўства. У літаратурнай сталіцы ён застаў даволі напружаную абстаноўку ў сувязі з расколам літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»[9].

26 траўня 1929 году на чарговым штогадовым сходзе літаратурна-мастацкага аб’яднаньня «Узвышша» Андрэя Мрыя, як і яго малодшага брата Васіля, прынялі ў сябры згуртаваньня[10].

У 1934 годзе Мрый жыў у Менску, дзе працаваў у Бюро Краязнаўства, а таксама ў Тэрміналягічнай камісіі[11]. Потым пачаў працаваць у газэце «Звязда»[12].

У ноч з 21 на 22 лютага 1934 году ў Менску па адрасе Стаўпецкі завулак, дом 6, кв. 1 Андрэй Мрый быў арыштаваны. Падчас арышту прысутнічалі жонка, Зыкава Соф’я Андрэеўна, і дзеці — Юры (5 гадоў) і Артур (3 гады)[10].

26 сакавіка 1934 году асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зьняволеньня і этапаваны ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер. Пасьля падачы апэляцыі Генэральнаму пракурору СССР 21 лістапада 1934 году тэрмін пазбаўленьня волі зьменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгальтарам да сьнежня 1937 году. У пачатку 1938 году прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной зь сярэдніх школ.

Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 году па новым абвінавачаньні «за ўдзел у антысавецкай арганізацыі»[13]. Асуджаны (празь дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Карагандзе, у Валагодзкай і Мурманскай абласьцях. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасьць, напісаў раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом». 1 сакавіка 1943 году мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Памёр у Мурманскай вобласьці. Паводле некаторых зьвестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6 студзеня 1961 году.

Публікаваўся з 1924 году. Са сваякамі стварыў у Краснапольлі тэатар; выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска». Зьбіраў народную лексыку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульту. У жніўні 1926 году выехаў у Менск, дзе на прапанову Зьмітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопісу «Наш край», потым інспэктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 году стыльрэдактар у газэце «Зьвязда». Сябра літаратурнага аб’яднаньня «Узвышша» (з 1929 году; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927 году).

У 1929 годзе напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць» (цалкам апублікаваны ў 1988 годзе: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990 годзе: «Пратарчака жыцьця, або Запіскі Самсона Самасуя»).

Пад час другога арышту былі затрыманы шэраг рукапісаў навэлаў, аповесьцяў і раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом».[14] Пошук гэтых рукапісаў па запыце дачкі Натальлі Прушынскай у архівах Мурманскага, Менскага і Комі МУС ня даў ніякіх вынікаў[15].

  1. ^ 1925 — Менск. «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава».
    Шашалевіч Насьця Антонаўна (Менск, Стараж. 20, кв. 2). Нарадз. ў в. Міхінічы на Магілеўшчыне ў 1895 г. 663. Бюст А. Мрыя. — Гліна. 664. Бюст Васіля Шашалевіча. — Гліна.[2]
Запіскі Самсона Самасуя, выданьне 1953, Мюнхэн
1924
  • Пралетарскае мастацтва. Статуя Леніна. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1924, 24 ліпеня. — № 168. — С. 3.
  • Краснапольскі раён Калінінскай акругі . // Савецкая Беларусь : газэта. — 1924, 7 кастрычніка. — № 232. — С. 3.
  • Асьвета масаў у Краснапольскім раёне. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1924, 11 лістапада. — № 259. — С. 3.
  • Краснапольскі раённы з’езд саветаў. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1924, 17 снежня. — № 290. — С. 3.
1925
1927
1928
1929
1930
1953
1988
1993
2008
  1. ^ Маракоў Л. Вядомы пад псэўданімам А.Мрый // Роднае слова. 2001. №9 С. 97
  2. ^ Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі / Язэп Дыла, Мікола Шчакаціхін, Арон Касталянскі. — Менск: 1925. — С. 30 (№№ 663—664). — 44 с. — 2000 ас.
  3. ^ а б Васючэнка П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу // Полымя. 2000, №5. С. 257
  4. ^ а б Мішчанчук М. І., Шпакоўскі І. С. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 2001. С. 181
  5. ^ Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990, №5. С. 230
  6. ^ а б Маракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 97
  7. ^ Маракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 98
  8. ^ Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990, №5. С. 230—231
  9. ^ Васючэнка П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу // Полымя. 2000, №5. С. 258
  10. ^ а б Маракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 99
  11. ^ Мішчанчук М. І., Шпакоўскі І. С. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 2001. С. 185
  12. ^ Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990, №5. С. 231
  13. ^ Васючэнка П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу // Полымя. 2000, №5. С. 271—272
  14. ^ Маліноўскі, Алесь. Хранатоп. Студзень. // Полымя : літаратурна-мастацкі і грамадзка-палітычны часопіс. — Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2015. — № 1(1021). — С. 189—191. — ISSN 0130-8068.
  15. ^ Прушынская, Н. Вяртанне з ссылкі // Звязда : газэта. — 2013, 17 жніўня. — № 153. — С. 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.