Перайсьці да зьместу

Максім Лужанін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Максім Лужанін
лац. Maksim Łužanin
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы М.Бусловіч; Ал. Даведка; Мікола Драч; Л.Трыер
Нарадзіўся 2 лістапада 1909
в. Прусы, Слуцкі павет, Менская губэрня (цяпер Салігорскі раён, Менская вобласьць)
Памёр 13 кастрычніка 2001 (91 год)
Менск
Пахаваны
Жонка Яўгенія Пфляўмбаўм
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, перакладнік, пісьменьнік, паэт, літаратурны крытык, дыплямат, сцэнарыст, крытык
Мова беларуская мова
Прэміі
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Сяброўства народаў
Узнагароды

Максім Лужанін (сапр. — Аляксандар Амвросьевіч Каратай; 2 лістапада 1909, в. Прусы, Слуцкі павет, Менская губэрня — 13 кастрычніка 2001, Менск) — беларускі паэт, празаік, кінадраматург, перакладнік. Жонка — Яўгенія Пфляўмбаўм.

Максім Лужанін у 1928 г.

Дзед будучага паэта меў тры дзесяціны зямлі, зь якіх яго чатыры сыны не маглі пракарміцца. Пакінуўшы родную вёску Нянькава на Наваградчыне, бацька пісьменьніка Амвросі Сямёнавіч Каратай (1866—1931) у пошуках заробку апынуўся на Случчыне, дзе скончыў пачатковую школу[1]. Служыў дзякам у Прускай царкве.

М. Лужанін рана навучыўся чытаць. Скончыў сямігодку ў Чырвонай Слабадзе. У 1924—1928 вучыўся ў Менскім беларускім пэдагагічным інстытуце. Разам з П. Глебкам і П. Трусам пад агульным псэўданімам «Шаўцы» рыхтаваў газэту «Чырвоны прамень». У 1928—1931 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэта БДУ. Быў сябрам літаратурных арганізацыяў «Маладняк» (з 1925), «Узвышша» (з 1926). Працаваў у часопісе «Ўзвышша» (1930—1931) і на Беларускім радыё (1931—1933). Улетку 1931 ажаніўся зь Яўгеніяй Пфляўмбаўм. Быў хросным бацькам Тадзіяны Кляшторнай — дачкі беларускага паэта Тодара Кляшторнага[2].

Арыштаваны ГПУ БССР 15 сакавіка 1933 у Менску па адрасе: вул. Ленін­ская, д. 25, кв. 4 па справе «Беларускай народнай грамады»; асуджаны асобай нарадай пры НКВД 10 жніўня 1933 як «член контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да 2 гадоў ссылкі. Высланы ў Марыінск Кемераўскай вобласьці. У 1935—1941 гг. — рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаваньні ў Маскве. Удзельнічаў у нямецка-савецкай вайне. Пасьля заканчэньня Падольскай пяхотнай вучэльні (1942) ваяваў у Чырвонай Арміі пад Масквой і Сталінградам. З 1944 г. загадчык аддзела культуры газэты «Звязда», адказны сакратар часопіса «Вожык», быў рэфэрэнтам АН БССР (асабісты сакратар Якуба Коласа). Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24 жніўня 1956 г. З 1959 г. — сябар сцэнарнай калегіі, у 1967—1972 гг. галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1968 г. удзельнічаў у рабоце XXIII сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, у часе якой перанёс інфаркт. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967—1985 гг.. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1943 г.

Памёр у ноч на 13 кастрычніка 2001 г. у Менску[3]. Пісьменьнік не дажыў 3 тыдні да свайго 92-годзьдзя. Быў пахаваны на могілках вёскі Паперня Менскага раёну, поруч з магілай Яўгеніі Пфляўмбаўм[4].

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і мэдалямі.

Максім Лужанін. Шарж мастака Алейнікава. 1933 г.

Дэбютаваў у 1925 вершам «Звоніць восень» у часопісе «Чырвоны сьцяг». Аўтар зборнікаў вершаў і паэм. У 1960 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1968—1970 гг. — збор твораў у 3-х, у 1979 — у 4 тамах. Працаваў у галіне мастацай прозы і літаратурнай крытыкі.

Аўтар сцэнараў мастацкага фільма па аднайменнай п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» (пастаўлены ў 1952) і дакумэнтальнага — «Народны паэт» (пастаўлены ў 1952), з А. Куляшовым напісаў сцэнары мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаваньні» (пастаўлены ў 1960), «Запомнім гэты дзень» (пастаўлены ў 1967).

На беларускую мову пераклаў «Жыцьцё Кліма Самгіна» М. Горкага (1938), «Гора ад розуму» А. Грыбаедава (1949), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950) і «Выбраныя творы» М. Гогаля (1952). «Падарожжа зь Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава (1951), «Маладую гвардыю» А. Фадзеева (1953), «Яны змагаліся за радзіму» М. Шолахава (1975), «Пераяслаўскую Раду» Н. Рыбака (1954—1955), «Чорнага чалавека» С. Ясеніна (2000), паасобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, М. Някрасава, І. Буніна, У. Сыракомлі, Ю. Тувіма, У. Маякоўскага, Я. Сьмелякова і інш. Зрэшты, Яўгенія Пфляўмбаўм была аўтаркай перакладаў многіх твораў сусьветнай клясыкі, перакладчыкам якіх значыцца Максім Лужанін[3].

Пісьменьніку прысьвечаны дакумэнтальны фільм «Назавершаная хата» (1993).

Ляўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1965) за кнігу «Колас расказвае пра сябе». Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР (1969), заслужаны дзяяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975).

Паводле Л. Гарэлік, пачатак творчасьці М. Лужаніна і пошукі свайго адметнага голасу цалкам зьвязаныя з маладнякоўскай паэзіяй, своеасаблівымі ўзорамі якой зьяўляюцца яго кнігі «Крокі» і «Новая ростань». Для іх характэрны абстрактна-вобразная сымболіка, рэвалюцыйная рамантыка, прыўзьнята-ўрачысты настрой, каляровае ўспрыманьне сьвету, зрокавыя і слыхавыя асацыяцыі[5]. На думку Ўл. Гніламёдава, «гэта нагадвае свайго роду літаратурны „авангардызм“ у яго беларускім варыянце. Ускладненасьць мовы, стылю, уласьцівая ў аднолькавай ступені і паэзіі, і прозе...». Аднак, як заўважае крытык, «мова ў беларускай паэзіі ніколі не станавілася самамэтным прадметам творчасьці, крыніцай для абстрактных пабудоваў»[6].

Зрэшты, на вульгарызатарскія патрабаваньні тагачаснай крытыкі М. Лужанін пачынае актыўна ўводзіць у сваю паэзію працоўныя рытмы сацыялістычнае будоўлі. Іншым разам у год выходзілі па дзьве-тры ягоныя кнігі: паэма «Неаплочаны рахунак» (1930), зборнікі «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» і «Галасуе вясна за вясну» (усе ў 1931), «Галасы гарадоў» і «Першамайская вуліца» (абедзьве ў 1932). Але з трох кніг 1931 году дзьве амаль цалкам паўтараюць першую. Верш «Галасуе вясна за вясну» зьмешчаны ўва ўсіх выданьнях гэтага году. Паўтарюцца таксама ў розных выданьнях вершы «Дзень гневу», «Сьлівень паказвае рогі», «Дужасьць», «Маёвае».

У сваім артыкуле «Нататкі пра творчасьць Максіма Лужаніна» (Узвышша, 1931, № 10) П. Глебка канстатуе, што пісьменьнік належыць да групы спадарожнікаў правага крыла, а гэта пісьменьнікі, якія «найбольш былі пад уплывам буржуазнай ідэолёгіі»[7]. Спрабуючы адхрысьціцца ад навешаных ярлыкоў М. Лужанін засьпяшаўся пераканаць крытыкаў у сваёй адданасьці партыі і справе сацыялізму. У вышэй названых кнігах зьявіліся баявыя камсамольска-піянэрскія лёзунгі, рыфмаваная публіцыстыка, бальшавіцкія заклікі да пільнасьці і змаганьня з ворагамі («Тэмы-лёзунгі на агітплякаты»). Крытыка адзначыла ў кнігах 1930—1932 гг. станоўчы паварот да рэвалюцыйнай рэчаіснасьці і ўхваляла творчую перабудову аўтара. П. Глебка заўважыў: «гэты зрух пераводзіць творчасьць Максіма Лужаніна з правага на левае крыло спадарожніцтва. Задача цяпер... заключаецца ў тым, каб гэты зрух паглыбіць, каб перайсьці на новую, вышэйшую ступень — у саюзьнікі пролетарскай літаратуры»[8].

Тым ня менш, паэт не заўсёды прытрымліваецца прадпісаньняў крытыкі, часам выказваючы антыномію погляду на яе пастуляты («Сьмешная геральдыка», «Вясновы сыгнал»). Часам паэта вымушаюць апраўдвацца, спавядацца ў сваёй аўтабіяграфічнай бязгрэшнасьці («Сны аб моры»).

У паэзіі М. Лужаніна, як ня раз адзначалі крытыкі (В. Бечык, Р. Бярозкін, А. Вялюгін, У. Гніламёдаў), нярэдка адчуваюцца ўплывы іншых паэтаў, улоўліваюцца інтанацыі М. Някрасава і М. Лермантава, сустракаюцца матывы А. Блока і С. Ясеніна, эстэтыка М. Багдановіча. Асаблівая зачараванасьць паэзіяй С. Ясеніна адчуваецца ў сярэдзіне 1920-х гг[9]. Таксама паэт актыўнай насьледаваў паэтычнай манеры Ул. Маякоўскага[10].

Вершы пра каханьне М. Лужаніна, сабраныя ў нізках «Два галасы пад выраем» (1933—1940) і «Птушка юнацтва» (у кнізе «Прага крыла»), на думку Л. Гарэлік, сталі значным набыткам беларускай паэзіі. На думку крытыка, вучоба ў Маякоўскага была надзвычай плённай у сэнсе ўдасканаленьня вэрсыфікатарскага майстэрства. Вынікам выкарыстаньня дольніка і настойлівага звароту да раскаваных рытмаў зьяўялецца адчувальна большая ў параўнаньні з ранейшымі творамі свабода мысьленьня, дасканаласьць вершаванага радка і дысцыплінаванасьць думкі[11].

Творы ваеннага пэрыяду былі сабраныя паэтам у кнізе «Шырокае поле вайны» (1945), дзе апісваецца суровая проза салдацкіх будняў і біяграфія франтавога пакаленьня. Паэт шырока выкарыстоўвае мэтанімію, надзяляючы неадушаўлёныя прадметы і зьявы прыроды рысамі жывых істотаў.

Найбольш плённымі для паэтычнага натхненьня М. Лужаніна сталі 1970-80-я гг., калі выходзяць кніга за кнігай: «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), паэма «Як нараджаўся новы сьвет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы над выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983), «Вярнуся ветрам» (1987). Многія вершы з згаданых зборнікаў носяць мэдытацыйны характар. Крытык В. Бечык адзначае ўзмацненьне слоўнай экспрэсіі сымболікай, пошукі шляхоў да ўнутранага псыхалягізму і выкарыстаньне ўскладненых рыфмовак і строфікі[12].

Эстэтычныя прынцыпы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку Ўл. Гніламёдава, эпічнасьць — адна з галоўных тыпалягічных рысаў лужанінскай паэзіі. Ён адыходзіць ад маналягічнай лірыкі. Душэўнае жыцьцё праступае ў яго вершах апасродкавана, у «формах самога жыцьця» — праз аб’ектывізаваныя вобразы, дэталі і падрабязнасьці, якія набываюць важнае значэньне ў эстэтычнай сыстэме М. Лужаніна. Таксама крытык адзначае дзьве капітальныя і ўзаемазьвязаныя катэгорыі паэзіі аўтара, як гістарызм і народнасьць, першая зь якіх вынікае з «багацьця перажытага ім і краінай, уменьня бачыць сёньняшні дзень як зьвяно паміж мінулым і будучыняй, у сувязях гістарычнай рэтраспэкцыі і погляду ў будучыню», а рысы другой палягаюць у самой лексыцы і сынтаксе яго паэзіі, ва ўменьні ляканічна выказаць мудраслоўе, «знайсьці патрэбнае і адзінае прыдатнае на гэты раз слова, зварот»[13].

У апавяданьнях «Багун», «Мяцеліца», «Бабіна лета» і іншых аўтар імкнуўся выявіць новы погляд на жыцьцё, зьмены ў беларускай вёсцы, шмат увагі надаваў аналізу душэўных настрояў, псыхалёгіі чалавека. На думку Ўл. Гніламёдава, лужанінская проза 20-х гг. зьяўляецца рытмізаванаю, яна засьведчыла схільнасьць пісьменьніка да «арнамэнтальнай» паэтыкі, здольнай плястычна ўзнавіць рух жыцьця. Проза Максіма Лужаніна падабалася К. Чорнаму[14].

Да празаічнага жанру пісьменьнік вярнуўся ў 50-я, 60-я гг. А. Вярцінскі зазначыў: «За што б ён ні браўся — усюды, і ў прозе, і ў кінадраматургіі, першы за ўсё адчуваецца, што аўтар гэтых твораў паэт». Ул. Гніламёдаў адзначае, што лужанінская проза 1950-60 гг. нічым не падобная на паэтычную прозу 1920-х гг: «яна стала аналітычнай, больш рэалістычнай і актыўнай у стылёвых адносінах»[15]. Высокія маральна-этычныя прынцыпы ўзаемаадносін паміж людзьмі, патрыятычныя пачуцьці, усьведамленьне сваёй чалавечай годнасьці, схільнасьць да гумару, прыроджаная дасьціпнасьць беларускіх вяскоўцаў апаэтызаваныя ў яго кнігах «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» і «Людзі, птушкі, прастор»[1].

Разам з тым паэт засяроджваўся і на мовазнаўчых пытаньнях. Сваю візію моўнага майстэрства пісьменьнік падмацоўваў публікацыяй тэарэтычных артыкулаў «Пісьменьнік і мова» (1950), «Мова ў газэце» (1960—1962), «Магчымасьці мовы» (1973, 1976), дзе выкладываюцца патрабаваньні да мовы мастацкіх твораў. Узорам літаратурнай мовы лічыў творы К. Чорнага[16].

Зборнікі паэзіі
  • «Крокі» (1928)
  • «Новая ростань» (1930)
  • «Аднагалосна» (1931)
  • «Галасуе вясна за вясну» (1931)
  • «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!» (1931)
  • «Першамайская вуліца» (1932)

  • «Шырокае поле вайны» (1945)
  • «Моваю сэрца» (1955)
  • «Прасторы» (1958)
  • «Прага крыла» (1974)
Паэмы
  • «Неаплачаны рахунак» (1930)
  • «Галасы гарадоў» (1932)
  • «Як нараджаўся новы сьвет» (1975)

Вершы і паэмы
  • «Поступ» (1950)
  • «Сьвятло Радзімы» (1952)
  • «Росы на коласе» (1973)
  • «Лявоніха» (1977)
  • «Галасы над выраем» (1980)
  • «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983),
  • «Вярнуся ветрам» (1987)

Дзіцяч. літ.
  • «Вершы для дзяцей» (1948)
  • паэма-казка «Хто робіць пагоду» (1960)
Мэмуары
  • «Вачыма часу» (успаміны, артыкулы, эсэ, 1964)

  • «З ранку да вечара» (роздумы, накіды партрэтаў, 1978)
Кнігі прозы
  • «Колас расказвае пра сябе» (1964)
  • «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» (1968)
  • зборнік сатыры і гумару «Сілівон на дачы» (1958)

  • кніга публіцыстыкі «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1973),
Зборнікі аповесьцяў, апавяданьняў, успамінаў
  • «Людзі, птушкі, прастор» (1976)
  • «Песні зь леснічоўкі» (1982)
  • «Сустрэчы» (1982)
  • «Трое» (1989)
  1. ^ а б Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. У 6 т. Лазарук — Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад. рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 81. — 524 с.
  2. ^ Тадзіяна Кляшторная
  3. ^ а б Людміла Рублеўская Максім Лужанін. 1909—2001. Наша Ніва.
  4. ^ Людмила Рублевская. Прощальные портреты ноября. 11.11.2009 г.
  5. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 267. — 952 с.
  6. ^ Лужанін М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 1. Мн., 1979. С. 6-7.
  7. ^ Глебка П. Нататкі пра творчасьць Максіма Лужаніна // Узвышша. — Менск: 1931. — № 10. — С. 107.
  8. ^ Глебка П. Нататкі пра творчасьць Максіма Лужаніна // Узвышша. — Менск: 1931. — № 10. — С. 142.
  9. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 268. — 952 с.
  10. ^ Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. — Мн.: Маст. літ., 1993. — С. 5. — 318 с.
  11. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 272. — 952 с.
  12. ^ Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984. С. 75
  13. ^ Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства. Творчасць Максіма Лужаніна // Роднае слова. — 1998. — № 5. — С. 17.
  14. ^ Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства. Творчасць Максіма Лужаніна // Роднае слова. — 1998. — № 5. — С. 13.
  15. ^ Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства. Творчасць Максіма Лужаніна // Роднае слова. — 1998. — № 5. — С. 14.
  16. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 285. — 952 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Узвышша