Перайсці да зместу

Беларуска-румынскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-румынскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Румыніяй. 20 снежня 1991 года Румынія прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь і 14 лютага 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі.

У 1992 годзе Румынія адкрыла пасольства ў Мінску. У 1994 годзе Рэспубліка Беларусь адкрыла ў Бухарэсце генеральнае консульства, якое ў 1995 годзе было пераўтворана ў пасольства. У ліпені 1992 года адбыўся візіт Прэзідэнта Румыніі ў Мінск; у лютым 1993 года — візіт Міністра замежных спраў Румыніі ў Мінск; у маі 1995 года — візіт Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Бухарэст. У верасні 1997 у Вільнюсе, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках міжнароднай канферэнцыі сустрэўся з румынскім калегам; у лістападзе 1999 сустрэча паўтарылася падчас саміта АБСЕ.

У ХХІ ст. ключавым мерапрыемствам на двухбаковым палітычным трэку стаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Міністра замежных спраў Румыніі Т. Мелешкану (9-10 лістапада 2017 года), падчас якога ён сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС і Прэм’ер-міністрам. У беларускім парламенце маецца рабочая група па супрацоўніцтве з Румыніяй, якую ўзначальвае Петрашова В. В., аналагічная група ёсць і ў Бухарэсце.

Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін, сфарміраваная за перыяд з 1991 года, уключае ў сябе 11 міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў і пагадненняў, 6 міжведамасных дагавораў і 21 пагадненне і пратакол, падпісаны на іншым узроўні.

У 2014—2018 гадах штогадовы тавараабарот паміж Румыніяй і Беларуссю складаў 100—150 млн даляраў (у 2018—127,4 млн, экспарт — 80, імпарт — астатняе). Асноўныя тавары беларускага экспарту ў Румынію: трактары; фанера клееная; дрот; лесаматэрыялы падоўжна-распілаваныя. Асноўныя тавары імпарту з Румыніі: лекавыя сродкі, расфасаваныя для рознічнага продажу; мэбля; шыны; горны і печы прамысловыя. У Румыніі дзейнічаюць 9 суб’ектаў гаспадарання, якія прадстаўляюць інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «БелАЗ», ААТ «Белкамунмаш», ААТ «Керамін», ААТ «Белшына»[1].

Беларускі бізнесмен Павел Тапузідзіс з’яўляецца ганаровым консулам Румыніі ў Беларусі[2][3].

Зноскі